Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Сямашка: “Напэўна, я прайшоў па лязу нажа”


Алесь Дашчынскі, Менск Падчас перамоваў аб куплі-продажу акцый “Белтрансгазу” ўдалося ўрэгуляваць 31 спрэчнае пытаньне. Першы намесьнік прэм''ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў пра гэта на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі. Ён апавёў пра некаторыя дэталі беларуска-расейскай зьдзелкі.

Палову “Белтрансгазу” расейскі “Газпром” купіў за 2,5 мільярды даляраў. Дамова ўжо зарэгістравана па беларускіх законах. У найбліжэйшыя дні расейскі бок аплаціць першыя 12,5 працэнтаў акцый. Гэта прыблізна 625 мільёнаў даляраў.

Атрыманыя за акцыі грошы, паводле Ўладзімера Сямашкі, выканаюць сваю ролю ў стабілізацыі фінансава-банкаўскай сыстэмы.

Адно са складаных пытаньняў, якое ўзьнікла падчас перамоваў, было зьвязана з “залатой акцыяй”, якая дае дзяржаве асобае права на ўдзел у кіраваньні прадпрыемствам. Спадар Сямашка сказаў:
У.Сямашка: “Газпром” хацеў мець гарантыі, што мы не ўвядзем “залатую акцыю”. Такія гарантыя дадзены”.
“Газпром” хацеў мець гарантыі, што мы не ўвядзем “залатую акцыю”. Такія гарантыя дадзены. Пазаўчора Лукашэнка падпісаў указ, што на гэтае сумеснае прадпрыемства ўказ аб увядзеньні “залатой акцыі” дзейнічаць ня будзе”.

Яшчэ адно спрэчнае пытаньне тычылася 18-працэнтнай нацэнкі, зь якой “Белтрансгаз” пастаўляе газ беларускім спажыўцам. Уладзімер Сямашка сказаў:

“У дамове ясна напісана, што бакі будуць прадпрымаць усе магчымыя намаганьні, каб працаваць на павелічэньне прыбытковасьці гэтага сумеснага прадпрыемства. І ні ў якім выпадку не на памяншэньне сацыяльных даброт працаўнікоў сумеснага прадпрыемства”.

Ці задаволены беларускі бок падпісанай дамовай, ці ўсё ўдалося выгандляваць?
У.Сямашка: “З расейскага боку мяне вінавацяць у тым, што я падмануў усіх і дамогся вельмі высокай цаны. Зь беларускага боку мяне вінавацяць, што я ня ўсё давёў. Напэўна, я прайшоў па лязу нажа, пасярэдзіне”.
“З расейскага боку мяне вінавацяць у тым, што я падмануў усіх і дамогся вельмі высокай цаны. Зь беларускага боку мяне вінавацяць, што я ня ўсё давёў. Напэўна, я прайшоў па лязу нажа, пасярэдзіне. Напэўна, я знайшоў тую сярэдзіну, якая ўсіх задаволіла. І ў выніку, задаволіла Беларусь. А ўсё прадугледзець немагчыма. Жыцьцё пакажа. Ня буду пра ўсе задумкі казаць, але можна вярнуцца і да пытаньня цэнаўтварэньня”.

Уладзімер Сямашка таксама заявіў, што прыватызацыя працягнецца. Вядуцца перамовы з пэўнымі фірмамі па самых розных прадпрыемствах.

10-15 працэнтаў самых цікавых акцый неўзабаве разьмесьцяць на міжнародных рынках, каб адчуць рэальны кошт прадпрыемства. Спадар Сямашка нагадаў, што ўжо праведзена акцыянаваньне шэрагу прадпрыемстваў “Белнафтахіму”:

“Не павінна быць абвальнай, бяздумнай, за капейку, прыватызацыі. Мы не такія багатыя, каб так раскідацца сваімі актывамі”.
Я.Раманчук: “Рэалізуецца мара Крамля, каб праз энэргетычны ціск поўнасьцю падпарадкаваць сабе эканоміку нашай краіны, каб потым мець магчымасьць рабіць гэта з палітыкай”.
Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, беларускі ўрад “праесьць” грошы, атрыманыя ад продажу акцый “Белтрансгазу” замест інвэстыцый у мадэрнізацыю і структурныя рэформы. Спадар Раманчук камэнтуе наступствы зьдзелкі:

“Газпром” атрымаў пляцоўку, зь якой ён будзе актыўна працаваць зь беларускай намэнклятурай і дырэктаратам. Крэмль атрымаў магутную структуру, яшчэ больш рычагоў узьдзеяньня на беларускі ўрад. І такім чынам, рэалізуецца мара Крамля, каб праз энэргетычны ціск поўнасьцю падпарадкаваць сабе эканоміку нашай краіны, каб потым мець магчымасьць рабіць гэта з палітыкай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG