Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што кажуць менчукі пра неабраньне Беларусі ў Раду правоў чалавека ААН?


Галіна Абакунчык, Менск Генэральная асамблея Арганізацыі аб’яднаных нацыяў не абрала Беларусь сябрам Рады па правах чалавека. Як вы ставіцеся да таго, што заяўка афіцыйнага Менску на сяброўства ў гэтай арганізацыі адхіленая?

Слухаць:



Юнак: “На маю думку, нам неабходна самім, у сваёй краіне правы чалавека забясьпечыць, а пасьля ўжо выходзіць на міжнародны ўзровень. А таксама я выкажу такую думку, што ў Эўропе ня ўсё ведаюць, што адбываецца ў Беларусі. А таму яны ня могуць даць адназначную ацэнку ўсім працэсам, якія тут адбываюцца”.

Юначка: “Няправільна зрабілі чальцы ААН, бо мы ўваходзім у склад гэтай арганізацыі. І калі мы ўжо зьяўляемся яе сябрамі, то яны павінныя лічыцца з нашымі інтарэсамі”.

Спадар: “Адмоўна стаўлюся. Бо ня ўсё так проста і адназначна адбываецца, як гэта падаецца”.

Спадар: “Тое, што мы павінны там удзельнічаць, то гэта адназначна. Бо мы народ, мы павінны сябе адстойваць і іншых бараніць і дапамагаць”.

Спадарыня: “Што нас не прынялі? Але ж мы годныя людзі і мы абавязкова там павінны быць. Нароўні з усімі, бо мы такая ж краіна, як іншыя, і людзі такія ж. І мы маем права адстойваць свае правы”.

Спадарыня: “А я хачу сказаць, што для таго, каб туды патрапіць, трэба працаваць у сваёй краіне. Гэта ж ня проста так, а працаваць трэба ўсім, ад нізу і да верху”.

Спадар: “Я думаю, што ў іх там правоў ня больш, а можа яшчэ і мацней прыціскаюць. Я, да прыкладу, не заўважаў, што ў нас правы гэтак моцна заціскаюцца”.

Юнак: “Я, па праўдзе сказаць, увогуле пра гэта ня ведаў. Але думаю, што канечне, гэта ня добра. Зь іншага боку – і правільна. А за што нас прымаць? Гэта ж не за проста так даецца гэтае месца. І яго, канечне, трэба зарабіць. Я б не сказаў, што крывёю, але пэўныя дзеяньні патрэбныя. Да прыкладу, адносна палітвязьняў розных”.

Юнак: “Мне падаецца, што замежныя дзяржавы ня ведаюць, што ў Беларусі адбываецца насамрэч. А яшчэ ад мэнталітэту шмат залежыць. Яны ж раней распачалі будаваць дэмакратыю. І ў іх гэта ёсьць, а ў нас пасьля Савецкага саюзу яшчэ ня склаліся тыя правы, якія ў іншых краінаў існуюць доўгі час”.
XS
SM
MD
LG