Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 12.05.2007 – 18.05.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Я веру, што міліцыя верне мой кампутар, на якім я нібыта друкаваў 10-тысячныя беларускія купюры... Я веру, што міліцыя адпусьціць на волю маю кампутарную мыш, якая з адабраным кампутарам не стасуецца”.

Уладзімер Шыцікаў, старшыня раённае суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ з Гомелю – у перадачы “У што я веру”.

“Падчас выступу 8 траўня Лукашэнка казаў, што дзякуючы вэтэранам нам удалося зрабіць Беларусь калі не квітнеючай, то хоць прымальнай для вашага жыцьця і вашых дзяцей і унукаў. То бок, мяняюцца лёзунгі, мэты ставяцца больш сьціплыя. Таму Сідорскі на ўрачыстым паседжаньні мусіць тлумачыць, чаму Беларусь ужо не квітнеючая”.

Уладзімер Падгол, палітоляг – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”, прысьвечанай сьвяткаваньню Дня Перамогі.

“Можна прыняць любую стратэгію, але калі няма адзінай каманды, яна ня будзе рэалізаваная. Зь невялікай перавагай перамагае канцэпцыя, што не патрэбны старшыня, які адказны за ўсё, а ёсьць калектыўная форма кіраваньня — як самая эфэктыўная форма безуладзьдзя. Сямібаяршчыну прыдумалі не беларускія апазыцыянэры. Але ж яна ніколі не дае плёну”.

Віктар Карніенка, сябра Палітрады дэмакратычных сілаў – пра вынікі рэгіянальных сходаў напярэдадні Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

“Тут ізноў падмена паняцьцяў. Аляксандра Мілінкевіча немагчыма пазбавіць ягонага статусу. Калі ў тым жа Бабруйску зайсьці ў кватэру і спытаць, каго яны ведаюць зь лідэраў дэмакратаў, то Мілінкевіч будзе адзін зь нямногіх. Хутчэй за ўсё, ён будзе адзіным, каго ведаюць. Таму Мілінкевіч мае свой статус сярод грамадзянаў Беларусі. Думаю, гэта найбольш вядомая палітычная фігура ў Беларусі – пасьля Лукашэнкі”.

Алесь Чыгір, грамадзкі актывіст з Бабруйску – у перадачы “Экспэртыза Свабоды” пра вынікі рэгіянальных сходаў.

“Калі я гляджу на Аляксандра Мілінкевіча, то міжволі згадваю Станіслава Шушкевіча, калі ён быў старшынём Вярхоўнага Савету. Яны інтэлігентныя людзі, абодва ўмеюць размаўляць зь людзьмі, але ня ўмеюць стукнуць кулаком і сказаць: “Я загадваю!” Я быў на апошнім рэгіянальным менскім гарадзкім сходзе. Прыйшоў Мілінкевіч і сеў на лаўцы збоку. Ужо некаторыя дэлегаты ня вытрымалі і казалі: “Вы ж старшыня, вядзіце сход”. Не. Мілінкевіч застаўся сядзець збоку. Мне здаецца, Аляксандар Мілінкевіч таленавіты, разумны, сумленны чалавек, але яму патрэбна больш цьвёрдасьці. Цяпер такі час, бяз гэтага, мабыць, немагчыма”.

Уладзімер Глод, карэспандэнт “Свабоды” – у перадачы “Экспэртыза Свабоды” пра вынікі рэгіянальных сходаў.

“Можа, у кангрэсе вырашыў прыняць удзел Аляксандар Рыгоравіч. Да МАЗу далёка, а да Палацу Рэспублікі ён можа дайсьці пешкі. Таму, можа, нам дадуць Палац Рэспублікі. Таму ня будзем сьпяшацца і казаць пра адмову катэгарычную і па ўсіх установах, куды накіраваныя заяўкі”.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі – пра адмову адміністрацыі Палацу культуры МАЗу ў памяшканьні для правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

“Калі я пайду на камісію, то мне абавязкова штраф. Я перастала хадзіць на гэтую камісію. Уначы прыйшоў а чацьвёртай гадзіне і кажа: “Мама, я хутка прыйду”. Вочы былі самыя шчасьлівыя. Пытаюся: “І што здарылася?” А ён: “Я сьцяг вывесіў”.

Сьвятлана Грышчэня, маці непаўнагадовага моладзевага актывіста Яраслава Грышчэні , які вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на будынку Баранавіцкай гарадзкой управы

“У Армэніі існуе палітычная традыцыя, паводле якой тыя, хто прайграў выбары, звычайна не прызнаюць іх вынікаў”.

“Зразумела, што мы не Швайцарыя і не Галяндыя, але зь іншага боку зразумела, што мы не Азэрбайджан і, прабачце, не Беларусь і не Расея”.

Алік Іскардар’ян, армянскі палітоляг – пра хаду і вынікі парлямэнцкіх выбараў у Армэніі.

“У Кангрэсе я буду ўдзельнічаць. І выкажу свой пункт гледжаньня на сытуацыю абавязкова. Але я лічу, што гэта вялікі крок назад, калі на Кангрэсе ня будзе абірацца старшыня Палітрады. Я ўвесь час казаў, што гэта вельмі важна для дэманстрацыі нашага адзінства. І для ўзьдзеяньня на грамадзтва. Калі мы круглым сталом змагаемся з дыктатурай, дык для грамадзтва гэта сапраўды незразумела. І я ня буду сваю кандыдатуру вылучаць у сустаршыні. Але ў Кангрэсе буду ўдзельнічаць”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітрады дэмакратычных сілаў – пра свае намеры адносна Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

“Галасаваньне супраць Беларусі – гэта галасаваньне за Раду ААН”.

“Huffingpost”, амэрыканскае Інтэрнэт-выданьне – напярэдадні галасаваньня па кандыдатуры Беларусі ў Раду ААН па правах чалавека.

“Мы маем унікальны шанец па-новаму паглядзець на рэчы, пабудаваць новую ўнівэрсальную сыстэму ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека”.

Сяргей Алейнік, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэнэве – напярэдадні галасаваньня па кандыдатуры Беларусі ў Раду ААН па правах чалавека.

“Мы лічым, што лепш супрацоўніцтва, чым канфрантацыя. Калі вы супрацьстаіце Беларусі, гэта ніколькі не дапаможа правам чалавека ўвогуле”.

Абдалмахмуд Махамад, пасол Судану у ААН – напярэдадні галасаваньня па кандыдатуры Беларусі ў Раду ААН па правах чалавека (праваабаронцы і заходнія ўрады абвінавачваюць Судан у генацыдзе ў правінцыі Дарфур).

“Мы былі асабліва занепакоеныя магчымасьцю абраньня Беларусі, якую невыпадкова называюць апошняй дыктатурай у Эўропе”.

Залмай Халілджад, пасол ЗША ў ААН – пасьля галасаваньня Генэральнай асамблеі ААН, у выніку якога Беларусі не прайшла ў склад Рады ААН па правах чалавека.

“Ну, нічога. Не патрапілі гэтым разам, трапім наступным. Я думаю, шанцы для гэтага ў Беларусі ёсьць”.

Анатоль Красуцкі, намесьнік старшыні камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў – пасьля галасаваньня Генэральнай асамблеі ААН, у выніку якога Беларусі не прайшла ў склад Рады ААН па правах чалавека.

“Прывітаньне, Алан! З днём нараджэньня. Мы ўсе ўвесь час думаем пра цябе. Гэта быў бы нашмат больш шчасьлівы дзень, калі б ты быў з намі сёньня. Уся наша любоў табе, мой сын. Трымай галаву вышэй!”

Грэм Джонстан, бацька скрадзенага у паласе Газы журналіста Бі-Бі-Сі Алана Джонстана – у дзень 45-годьдзя сына.

“Эўрапейцы ведаюць, што яны маюць справу не з дэмакратычным рэжымам, не з рэжымам, дзе паважаюцца ўласныя міжнародныя абавязацельствы і ўласная канстытуцыя, але з рэжымам, падобным да рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі ці Мугабэ ў Зымбабвэ”.

Гары Каспараў , адзін зь лідэраў руху “Іншая Расея” затрыманы на лётнішчы “Шарамецьева” ў часе саміту Расея-Эўразьвяз у Самары.

“Не — ня п’ю, не палю, ніякага асабістага жыцьця, таму нічым не рызыкую”.

“Я думаю, што кожны чалавек павінен адказваць за свае ўчынкі, думаць — найперш галавой, а ня нейкай іншай часткай цела”.

Маладыя менчукі – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Ці баіцеся вы захварэць на СНІД і што робіце, каб гэтага не адбылося?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG