Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На час кангрэсу “хімікаў” будуць пільнаваць дадаткова?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча працаўладкавалі з улікам стану ягонага здароўя. Што думае Артур Фінькевіч пра стратэгію, прапанаваную для дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сіл? Чаму Аляксандар Казулін не атрымаў ліста пра Андрэя Клімава? Чаму Мікалая Статкевіча зноў не адпускаюць наведаць бацьку?

Палітвязень Зьміцер Дашкевіч пілуе дошкі

Пра тое, што Зьмітра Дашкевіча, які адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі, зноў накіравалі працаваць на лесапільным ўчастку, мы паведамлялі ў мінулым аглядзе. Але тады не было вядома, якую дакладна працу далі палітвязьню. Гэта істотнае пытаньне, паколькі раней Зьміцер цягаў цяжкія бярвеньні і атрымаў захворваньне хрыбта. “Зараз яго перавялі на пілараму. Пілуе дошкі”, – паведаміў пра сябра “хімік” Артур Фінькевіч, які падтрымлівае сувязь са Зьмітром Дашкевічам. Паводле Артура, гэта ўсё ж лягчэйшая праца. Ён спадзяецца, што шкоды здароўю Дашкевіча будзе меней.

Фінькевіч – таксама за жорсткую стратэгію

Да Артура Фінькевіча не пусьцілі наведвальнікаў – амбасадараў Вялікабрытаніі і Славакіі. Дыпляматы былі ў Магілёве і вырашылі сустрэцца з палітвязьнем, але ня мелі дазволу з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Міліцыянты пра гэта дазналіся, і сустрэчу, якая ўжо пачалася, забаранілі. Што да будучага Кангрэсу дэмакратычных сіл, Фінькевіч падзяляе пазыцыю тых, хто лічыць прапанаваную Кангрэсу стратэгію апазыцыі занадта мяккай.

“Гэта глупства, адмаўляцца ад масавых акцыі пратэсту і рабіць стаўку на эвалюцыйны пераход улады да дэмакратаў. Людзі, якія зрабілі такую прапанову, насамрэч, ня хочуць прыйсьці да гэтай улады, ім, відаць, выгодна быць партыйнымі лідэрамі, уваходзіць у гэты пачэсны прэзыдыюм. Выгадна, каб усё, што адбываецца зараз, заставалася”.

Падобнай думкі прытрымліваюцца і “хімікі” Павал Севярынец ды Мікалай Статкевіч. Павал Севярынец апошнімі днямі знаходзіўся ў адпачынку ў Віцебску і прыкладаў шмат намаганьняў, каб сфармуляваць альтэрнатыўную стратэгію. Мікалай Статкевіч плянуе, што з гэтай стратэгіяй дэлегатаў пазнаёмяць альбо праз відэа, альбо яе зачытаюць прыхільнікі палітвязьняў.

Самога Статкевіча з камэндатуры на час Кангрэсу ня выпусьцяць. Пра гэта яго міліцыянты ўжо папярэдзілі.

“Бацька тэлефанаваў у абласны дэпартамэнт, яму абяцалі, што раз на месяц мяне будуць да яго адпускаць. Апошні раз мяне адпусьцілі да яго на Радаўніцу, на паўтара дні. Месяц мінуў, і мне сказалі, што пакуль ня пройдзе Кангрэс, каб на адпачынак не разьлічваў. Нават не пусьцілі на гэтыя выходныя, хаця гэта ж яшчэ не Кангрэс. Можа, баяцца майго уплыву на падзеі? Ня ведаю”.

Турэмных сяброў Казуліна разьмеркавалі па іншых калёніях

Пра Кацярыну Садоўскую гэтым тыднем не было ніякіх зьвестак, як і пра Андрэя Клімава, якога трымаюць у менскім сьледчым ізалятары. Пра яго ўскосна згадаў Аляксандр Казулін. У калёнію да экс-кандадата на прэзыдэнта прыехалі на спатканьне жонка і дочкі. Ад Казуліна ім стала вядома, што ён так і не атрымаў ліст пра Андрэя Клімава, які яму накіравалі сваякі. Такім чынам сям’я атрымала пацьверджаньне таго, што турэмная цэнзура супроць Казуліна дзейнічае, як дзейнічае і сыстэма штучнага абмежаваньня кантактаў палітвязьня. Дачка Казуліна Юля:

“Вязьні баяцца зь ім кантактаваць, бо іх запалохала адміністрацыя. Тых, хто зь ім актыўна кантактаваў, перавялі ў іншыя калёніі. Таму сапраўды ягоныя кантакты абмежавалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG