Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Спэцыяліст абяцае зьняць стрэс, нэўроз, развод, рэўнасьць, алькагалізм...”


Алена Струвэ Падобныя рэклямныя аб’явы сёньня зьмяшчаюць многія выданьні ў былых постсавецкіх краінах. Як сьведчыць практыка, нярэдка за падобнымі аб’явамі стаяць прайдзісьветы. Днямі ва Ўкраіне забаранілі масавыя лячэбныя сэансы з выкарыстаньнем гіпнозу. Такі Закон прыняла Вярхоўная Рада. Акрамя таго, закон забараняе і рэкляму лекараў-гіпнатызёраў без адпаведнага дазволу Міністэрства аховы здароўя. Ці лекуюць гіпнозам і экстрасэнсорыкай у Беларусі?

Я тэлефаную па рэкляме зьмешчанай ў газэце “Из рук в руки”. Дасьведчаны псыхоляг абяцае “зьняць стрэс, нэўроз, дэпрэсію, комплексы, жахі, адзіноцтва, развод, рэўнасьць, галаўны боль, сэксуальныя і сямейныя праблемы”. Да таго ж, пры неабходнасьці, спэцыяліст можа зьняць харчовую, алькагольную і нават любоўную залежнасьць.

Слухаўку бярэ, напэўна, сакратарка спэцыяліста, а можа і жонка – чутна як непадалёк плача дзіця.

Я кажу, што мой сваяк мае праблемы з алькагольнай залежнасьцю і пытаюся, як выглядае лекаваньне.

Вас выратуюць усяго за адзін сэанс

Голас: “Гэта чыста псыхалягічнае ўзьдзеяньне мэтадам, які значна больш эфэктыўны за мэдыкамэнтозны. Праводзіцца адзін сэанс, які каштуе сто тысячаў. Трэба тры дні ня піць. Мы выкарыстоўваем пэўныя тэхналёгіі ў галіне псыхааналізу, дастаткова эфэктыўныя і новыя для Беларусі.

Наш мэтад ня мае ніякіх шкодных наступстваў. Здымаем усё: і цягу, і раздражняльнасьць, і галаўныя болі. Можна запісвацца, нават і на гэтым тыдні, на суботу”.

Высьвятляю, што сэанс цягнецца 40 хвілін і што яго хапае на ўсё жыцьцё. Кажу, што я не такая заможная і пытаюся, ці нельга зрабіць гэтак званага масавага сэансу для ўсяго нашага сямейнага клану. Гарантую прывесьці 20-30 сваякоў. Ці пойдзе фірма нам насустрач?

Голас: “У нас была такая практыка для старых кліентаў. Індывідуальныя сэансы, як паказвае досьвед, куды больш эфэктыўныя”.

Яшчэ адзін званок. Гэты акультны кабінэт таксама знаходзіцца ў цэнтры Менску. Як сьведчыць кантактная асоба, тут таксама ўсё робіцца на аснове псыхааналізу.

“У нас эфэкт 25 кадраў. Гэта вельмі магутнае ўзьдзеяньне на падсьвядомасьць. Выкарыстоўваючы гэтую заканамернасьць, мы зьнялі касэту і склалі праграму. Пра падрабязнасьці можаце даведацца непасрэдна ў нас,” — кажа жанчына.

Тут сэанс каштуе да 90 тысячаў, цягнецца 15 хвілінаў і таксама пазбаўляе ад усіх форм залежнасьці.

Мэдыкі раяць асьцярагацца спэцыялістаў без ліцэнзіяў

З гледзішча клінічнай псыхіятрыі, мэтодыка, якую мне прапануюць паводле аб’яваў, ёсьць адным з варыянтаў вонкавага ўзьдзеяньня на падсьвядомасьць альбо неглыбокім гіпнозам.

Кандыдат мэдычных навук, нэўрахірург з 25-ці гадовым стажам Аляксандар, які цяпер працуе ў сталічнай нэўралягічнай клініцы, а раней практыкаваў у псыхіятрычным шпіталі ў Навінках, раіць з насьцярогай ставіцца да падобных аб’яваў. Асабліва, калі гэтым займаюцца людзі без мэдычнай ліцэнзіі, у тым ліку і псыхолягі.

Аляксандар: “Псыхолягі – гэта небясьпечна. Яны могуць загіпнатызаваць. Аднак ніякай залежнасьці зьняць ня могуць. Мэдыкамэнты ў гэтым сэнсе нават больш надзейныя. Яны рэальна працуюць на ўзроўні мозгу. А словы –гэта вельмі індывідуальна. Паверыць пацыент – не паверыць. На жаль, многія такія выратавальнікі проста хочуць зарабіць грошы”.

Паводле Аляксандра, калі чалавек вельмі хоча пазбавіцца ад нейкіх складаных праблем за адзін сэанс і верыць у гэта, то тады лепш зьвяртацца да кваліфікаваных псыхатэрапэўтаў.

Аляксандар: “ У Беларусі паўсюль зьмешчаныя аб’явы лекараў- псыхатэрапэўтаў Данскіх, Сайкова. У іх ёсьць афіцыйныя ліцэнзіі. Аднак у любым выпадку хворы заўсёды рызыкуе. Вельмі цяжка дапамагчы людзям, залежным ад алькаголю, увогуле залежным. Гэта генэтычная з’ява, зьвязаная з пэўнымі рэцэптарамі мозгу”.

Калі хочаш ад чагосьці пазбавіцца, зробіш гэта сам

40-гадовая жыхарка Менску Сьвятлана некалькі разоў спрабавала пазбавіцца ад нікацінавай ды харчовай залежнасьці. Наведвала псыхолягаў, экстрасэнсаў. Апошнія візыты былі да лекараў-псыхатэрапэўтаў Хадоркіна і Данскіх. Які эфэкт, пытаюся я ў Сьвятланы?

Сьвяілана: “Поўная лухта. Данская рабіла кадзіроўку ад паленьня. Пішаш расьпіску, наколькі хочаш пазбавіцца ад шкоднай звычкі. Потым заходзіш у кабінэт, сядаеш і табе пачынаюць гаварыць, што будзе параліч дыхальнага цэнтру. Аднак, калі табе гавораць пра параліч, то ўключаеш мазгі і пачынаеш думаць: а чаму ён мусіць быць? Далей табе кажуць: адкрыйце рот і пшыкаюць нейкай брыдотай.

Дарэчы, перш, чым пайсьці да псыхатэрапэўта, пяць дзён трэба не курыць. Гэта самая фішка. Ці як Хадоркін лекуе ад атлусьценьня? Ён крычыць, у цябе адвісае ськівіца, пачынаецца стрэс, ты прыходзіш дадому і пачынаеш добра есьці”.

Магчыма, такая мэтодыка і ўзьдзейнічае на некаторых, кажа Сьвятлана, аднак для самой жанчыны відавочна: калі надта хочаш ад чагосьці пазбавіцца, зробіш гэта сам.
XS
SM
MD
LG