Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы дырыгент Беларускай опэры абяцае перамены


Юлія Шарова У Беларускай опэры зьявіўся новы галоўны дырыгент – заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна. Цягам амаль году тэатар існаваў без музычнага кіраўніка. Спадар Пласкіна абяцае значныя зьмены ў арганізацыі працы аркестру, выступае за пастаноўкі толькі на мове арыгіналу і лічыць, што ў Беларусі створаныя для опэры непрымальныя ўмовы.

Віктар Пласкіна сумяшчае працу ў Менску з працай у Кіеве – ён дырыгент Нацыянальнага аркестру Ўкраіны. Апроч таго, ён мае даволі напружаны графік замежных гастроляў. У Беларускай опэры ён ужо ўзяў на сябе спэктаклі “Трубадур”, “Багема”, “Яўгені Анегін”, неўзабаве ён будзе таксама дырыгаваць балетам “Лебядзінае возера”.

У Беларусі няправільная стаўленьне да опэры

Я сустрэлася з маэстра ў часе аркестравай рэпэтыцыі “Вясковага гонару” – прэм’ера спэктаклю адбудзецца 12 чэрвеня. Пакуль будынак тэатру на рамонце, рэпэтыцыі адбываюцца ў Палацы культуры “Сукно”. Спэктаклі ж граюць у Доме афіцэраў. На думку маэстра, такія ўмовы ня проста складаныя:

“Яны ўвогуле непрымальныя для тэатру. Я проста зьдзіўляюся, чаму ў Менску, у такім культурным горадзе такое стаўленьне да опэры. Я лічу гэта няправільным. Заля вельмі кепская – і дзе рэпэтуюць, і дзе праводзіць спэктаклі опэрная трупа”.

Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню пра тое, што аркестар Беларускай опэры апошнім часам дэманструе даволі нізкі ўзровень выкананьня, спадар Пласкіна ня бачыць тут вялікіх праблемаў:

“Аркестар у нармальным стане. Я лічу, што гэта вельмі добры калектыў. Трэба папросту тое-сёе падчысьціць, тое-сёе давесьці да ладу, тое-сёе памяняць. Зусім нязначныя зьмены. То бок гэта аркестар, які мае жаданьне працаваць, мае прафэсійную вывучку вельмі неблагую”.

Зьмены будуць, але бязбольныя

Паводле новага кіраўніка, адбудуцца зьмены ў арганізацыі працы, але рэвалюцыяў маэстра не абяцае.

“Я пастараюся зьмяніць шмат якія рэчы, але пастараюся, каб гэтыя зьмены адбыліся бязбольна. Я разумею ўсю адказнасьць гэтага слова – “рынкавы сацыялізм”. Ня трэба панікаваць і ўтрыраваць – усё ня так кепска, як лічыцца”.

Маэстра Пласкіна патрабуе ад аркестрантаў шукаць прыгожыя тэмбры

Вялікіх творчых задачаў на бліжэйшыя сэзоны, пакуль опэрная трупа ня вернецца пад уласны дах, новы музычны кіраўнік ня ставіць.

“Першае – гэта не згубіць вакалістаў, якія, я лічу могуць згубіцца. Ёсьць некалькі вакалістаў, якіх зь вялікай ахвотай забярэ любы тэатар. Затым – пакінуць у трэнажы аркестар, каб ён падтрымліваў хаця б сярэдні стан, хор і ўсё астатняе”.

Італьянскія опэры болей ня будуць сьпяваць па-расейску

Разам з тым Віктар Пласкіна настойвае на неабходнасьці пастановак на мове арыгіналу: цягам апошніх год замежную опэрную клясыку ў Менску ставяць па-расейску, выняткам стала толькі “Кармэн”. На думку дырыгента, гэта зьніжае канкурэнтаздольнасьць трупы па-за межамі Беларусі.

“Гэта няправільна. Што ў гэтым добрага? Павінна быць на мове арыгіналу пастаўлена. Ужо нідзе ня ставяць. У Англіі ставяць часам. Цяпер інтэрнацыянальны ансамбаль выканаўцаў паўсюль, і толькі за вялікія грошы будзе выканаўца перавучваць на ангельскую мову “Кармэн”. Вялікія грошы яму не заплацяць, таму ён будзе сьпяваць “Кармэн” на французкай мове, а бягучы радок будзе па-ангельску. І ўсё будзе выдатна”.

Са словаў спадара Пласкіны, касьцяк рэпэртуару – моцны італьянскі рэпэртуар і расейская клясыка – захаваецца. Але ж ёсьць патрэба ставіць больш лёгкія рэчы – дзеля гігіены галасоў.

“Я пытаюся ў вакалістаў, ці сьпяваюць яны вакалізы. Кажуць, што не сьпяваюць. А як можна працаваць, не сьпяваючы вакалізы? Гэта ж практыкаваньне – кожны дзень трэба сьпяваць вакалізы. Даніцэты абавязкова павінен прысутнічаць. Расіні, Даніцэты, Моцарт. Cosi fan tutte, “Папялушка” Расіні ды нешта трэба думаць з Даніцэты”.

Ці запросяць у Менск Вільясона?

Пэўныя высілкі маэстра абяцае прыкласьці для таго, каб болей вывозіць тэатар на гастролі – дзеля гэтага ён паспрабуе выкарыстаць свае сувязі з замежнымі імпрэсарыё. Але ж праблема з запрашэньнем у Беларусь салістаў зь іншых тэатраў упіраецца выключна ў грошы.

“Я прапаную зрабіць фонд Міністэрства культуры, які быў бы прызначаны для папулярызацыі сваіх салістаў і запрашэньня чужых салістаў. У Міністэрстве культуры ёсьць шмат чыноўнікаў, вось няхай бы нехта заняўся гэтым фондам. Каб ня проста казаў, “як добра вы сьпяваеце”, а ўзяў ды раз на месяц запрасіў аднаго вакаліста з замежжа”.



Віктар Пласкіна – чалавек мабільны. Дырыгуе з 1993 году. Пасьля заканчэньня Львоўскай кансэрваторыі, працаваў у Кіславодзку, у Днепрапятроўскай опэры. Пасьля выйграў першую прэмію на конкурсе імя Сямёна Турчака ў Кіеве й атрымаў месца дырыгента ў Нацыянальным аркестры. Быў галоўным дырыгентам Нацыянальнага тэатру ў Новы Садзе ў Сэрбіі. Шмат дырыгуе за мяжой – у Галяндыі, у Брытаніі. Сёлета 26 студзеня дырыгаваў у мілянскім Ля-Скаля “Паснулай прыгажуняй”.



Глядзі таксама: • «Балет “Легенда пра Ўленшпігеля” сыгралі ў соты раз» • «У Нацыянальнай опэры – прэм’ера “Кававай кантаты” Баха» • «Беларускі тэнар Гарадзецкі атрымаў дыплём на прэстыжным конкурсе»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG