Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю – дзень памяці ахвяраў СНІДу


Галіна Абакунчык, Менск У Міжнародны дзень памяці ахвяраў СНІДу ў беларускіх храмах адбудуцца малітвы за памерлых. Ад 1983 году гэты дзень адзначаюць у сьвеце кожную трэцюю нядзелю траўня.

Сёлета на 1 траўня ў Беларусі зарэгістравана 8120 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі. Гэта амаль на тысячу больш, чым летась. Ад пачатку году СНІД у стадыі хваробы выявілі ў ста чалавек. Адмыслоўцы мяркуюць, што ў сапраўднасьці хворых больш.

Але афіцыйная статыстыка блізкая да рэальнасьці, кажа загадчыца Цэнтру прафіляктыкі СНІД Лілія Мялешка:

“Мы можам сказаць, што нашая статыстыка блізкая да афіцыйнай. У нас няма такога, што мы ўяўляем: вось у нейкім рэгіёне ў нас, магчыма, гэтулькі й гэтулькі. У нас ёсьць свае мэтады, мы іх вывучаем і можам характарызаваць кожную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь”.

Штогоду ў Беларусі рэгіструецца прыкладна 700 хворых на ВІЧ.

“Думаць галавой, а ня нейкай іншай часткай цела”

Паводле спадарыні Мялешкі, цягам апошніх пяці гадоў у Беларусі фіксуецца прыкладна аднолькавая колькасьць хворых — каля 700 чалавек штогоду. На першым месцы застаецца полавы шлях распаўсюду інфэкцыі. Ці непакоіць гэта людзей, цікаўлюся ў гараджан на вуліцах Менску.

Карэспандэнтка: “Ці баіцеся вы захварэць на СНІД і што робіце, каб гэтага не адбылося?”

Юначка: “Напэўна, не баімся, бо існуюць розныя кантрацэптывы, і мы імі карыстаемся”.

Юнак: “Не баюся — і нічога асаблівага не раблю. Для мяне гэтае пытаньне пакуль не істотнае”.

Юначка: “Не, не баюся, бо ня маю такіх рызыкоўных сытуацыяў у жыцьці”.

Юначка: “Не — ня п’ю, не палю, ніякага асабістага жыцьця, таму нічым не рызыкую”.

Юнак: “Я думаю, што кожны чалавек павінны адказваць за свае учынкі, думаць — найперш галавой, а ня нейкай іншай часткай цела”.
Лідэры сярод краінаў былога СССР паводле колькасьці ВІЧ-інфікаваных (на 100 000 чалавек насельніцтва):

1.Эстонія – 460 2.Расея – 260 3.Украіна – 230 4.Малдова – 101 5.Беларусь – 79
Паводле колькасьці ВІЧ-інфікаваных сярод краінаў СНД і Балтыі Беларусь цяпер пятая ў сьпісе— 79 чалавек на 100 тысяч насельніцтва.

Па-ранейшаму найбольш хворых у Расеі і Ўкраіне — 260 і 230 чалавек адпаведна. На першае месца выйшла Эстонія — 460 чалавек, а перад Беларусьсю Малдова — 101 чалавек на 100 тысяч насельнікаў краіны.

“Гэта мэнталітэт і тэрыторыя”

Лілія Мялешка гэтыя зьвесткі пракамэнтавала так:

“Напэўна, гэта мэнталітэт краіны, па-другое, гэта тэрыторыя. У нас перад вачыма ўсё, што адбываецца ў самых малых рэгіёнах, і на гэта можна ўплываць. А калі краіна вялікая, як Расея, то, канечне, там складана трымаць сытуацыю пад кантролем”.

Як паведаміла Лілія Мялешка, ад пачатку рэгістрацыі захворваньня ў 1987 годзе ў Беларусі на стадыі ВІЧ памерлі 1047 чалавек, і ад СНІДу — 410 чалавек.

Ад 1981 году, калі выявілі першы выпадак ВІЧ-інфэкцыі, у сьвеце ад СНІДу памерла больш за 25 мільёнаў чалавек. Носьбітамі вірусу цяпер зьяўляюцца больш за 40 мільёнаў чалавек.


Гл. таксама:

У Беларусі ВІЧ-інфікаваных штогоду более на 700 чалавек ПРААН узбройвае пэдагогаў інавацыйнымі падыходамі да прафіляктыкі ВІЧ ВІЧ/СНІД у турмах — у цэнтры ўвагі міжнароднай канфэрэнцыі
XS
SM
MD
LG