Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўца ўсю ноч трымалі ў міліцыі


Любоў Лунёва, Менск Сёньня суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Сержука Клюева на 20 базавых велічыняў. Хлопца затрымалі, калі ён распаўсюджваў улёткі з заклікам прыйсьці 20 траўня ў парк Дружбы народаў і выказаць пратэст супраць скасаваньня льготаў. Сержука абвінавацілі ў парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах.

Адміністрацыйную справу на 19-гадовага Сержука Клюева разгледзела судзьдзя Савецкага раённага суду Аксана Ралява. Яна прызнала хлопца вінаватым у парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах і аштрафавала на 20 базавых велічыняў (620 тысяч рублёў, ці 300 амэрыканскіх даляраў).

Падставай стала тое, што улёткі распаўсюджваліся на акцыю, якую не дазволілі ўлады.

Сяржук паведаміў “Свабодзе”, што міліцыянты затрымалі яго позна ўвечары 17 траўня на тэрыторыі Савецкага раёну, калі ён распаўсюджваў улёткі з заклікам прыйсьці ў парк Дружбы народаў 20 траўня.

Хлопца трымалі ў дзяжурнай частцы міліцыі ўсю ноч. У суд яго прывезьлі толькі пасьля поўдня. Гаворыць Сяржук Клюеў:
С.Клюеў: “Узялі ўчора каля другога корпусу БГУІР за распаўсюд улётак… Трымалі ўсю ноч у Савецкім РАУС побач з клеткай”.
“Узялі ўчора каля другога корпусу БГУІР за распаўсюд улётак. Улёткі былі з заклікам удзельнічаць у мітынгу наконт адмены льготаў студэнтам на плошчы Бангалор. Мяне трымалі ўсю ноч у Савецкім РАУС побач з клеткай”.

Сяржук Клюеў упершыню трапіў у міліцыю і ў суд. Ён апавёў, што грошай на штраф у яго няма:

“У мяне няма такіх грошай, каб заплаціць такі штраф — 20 базавых велічыняў. У мяне месячны заробак у тры разы меншы. Я таксама не хацеў бы, каб міліцыянты за мой кошт атрымлівалі прэміі. Але давядзецца плаціць”.

Судзьдзя Аксана Ралява патлумачыла хлопцу, што ён павінен добраахвотна заплаціць альбо ўсю суму адразу, альбо дамовіцца з судовымі выканаўцамі й плаціць часткамі на працягу паўгоду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG