Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Полацку адчынілася міжнародная выстава акварэлі


Радыё Свабода Сёньня ў Полацкай карціннай галерэі ўрачыста адчынілася міжнародная мастацкая выстава “Акварэльная сябрына”. На ёй рэпрэзэнтавана больш як 150 акварэльных працаў мастакоў з Украіны, Расеі, Латвіі, Літвы і Беларусі.

Гэта самая буйная мастацкая выстава з тых, што дагэтуль экспанаваліся ў Полацку. На яе адкрыцьцё завітала ня толькі вялікая група мастакоў з краінаў-удзельніц, але й гурт мастацтвазнаўцаў, а таксама супрацоўнікаў Дзяржаўнага Расейскага музэю Санкт-Пецярбургу.

Пры гэтым усе адзначалі высокі мастацкі й прафэсійны ўзровень экспанаваных працаў.

Гаворыць старшыня Ковенскага аддзяленьня Зьвязу мастакоў Літвы Эўгеніюс Налявайка:

“Мы, літоўскія мастакі, вельмі радыя, што маем магчымасьць прыехаць сюды і ўдзельнічаць у выставе. Мы ўжо некалькі гадоў супрацоўнічаем зь беларускімі калегамі. Вось і летась у нас у Коўна праходзіла міжнародная біенале акварэлі, у якой бралі ўдзел мастакі з адзінаццаці краінаў, у тым ліку і зь Беларусі.

Радыя таксама, што нашае супрацоўніцтва працягваецца надалей. Мушу сказаць, што выстава сапраўды высокага ўзроўню, і мы не шкадуем, што абралі такіх партнэраў і сяброў”.

Арганізатарам імпрэзы выступіла мастакоўская суполка “Віцебская акварэль”. Яе старшыня мастак Міхась Ляўковіч неаднаразова зьвяртаўся да адпаведных дзяржаўных структураў з просьбаю выдаткаваць на арганізацыю выставы сродкі, але голас ягоны ня быў пачуты. Не ўдалося выпрасіць грошай нават на мастацкі каталёг.

Вось што сказаў з гэтай нагоды сам Міхась Ляўковіч:

“Міжнародная выстава прайшла нялёгка. Усё трымалася на ўласным энтузіязьме. Якой-небудзь падтрымкі з боку ўпраўленьняў культуры рознага ўзроўню мы, на жаль, не атрымалі. Даводзілася асабіста дамаўляцца і наконт транспарту, і дастаўкі працаў, і прыёму гасьцей.

Ну, а што ў мастакоў ёсьць у якасьці аплаты? Творы мастацтва. І вось дзе-нідзе мы такім вось бартэрным чынам разьлічваліся. Гэта непарадак. Так не павінна быць! Тым ня менш, сьвята адбылося, і першы крок ужо зроблены!”
XS
SM
MD
LG