Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісаньне дамовы з “Газпромам” пераносіцца


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менск прыбыла дэлегацыя “Газпрому” на чале з намесьнікам старшыні праўленьня Валер’ем Голубевым. Плянаванага падпісаньня дамовы аб куплі й продажы акцыяў “Белтрансгазу” пакуль не адбылося.

Абодва бакі — беларускі ўрад і расейскі “Газпром” — заявілі, што плянаванае на сёньня падпісаньне дамовы аб продажы “Белтрансгазу” пераносіцца.

Усе мерапрыемствы, зьвязаныя з гэтай цырымоніяй, адмянілі. Да прыкладу, плянаваўся прыезд у Менск кіраўніка кампаніі Аляксея Мілера і ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

“Ніхто тлумачыць ня хоча”

Што стала прычынай раптоўнай адмены плянаў?

Эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак сказала:

“Усё было ўзгоднена. Ніякіх не было такіх супярэчлівых пытаньняў. Гэта можа быць незадаволенасьць самага галоўнага кіраўніка нейкім пытаньнем. Якія вэрсіі можна высоўваць, калі ўчора ўсё было ўзгоднена?! Ніхто тлумачыць ня хоча”.

Замест Аляксея Мілера ў Менск прыехаў ягоны намесьнік Валеры Голубеў.

Афіцыйнае тлумачэньне ўраду: неабходна ўзгадніць адзін з падпунктаў

Ва ўрадзе Беларусі паведамілі, што “плянаванае падпісаньне пакету дакумэнтаў пераносіцца на больш позьні тэрмін”. Маўляў, неабходна ўзгадніць адзін з падпунктаў дамовы.

Прэсавы сакратар ураду Аляксандар Цімашэнка не раскрыў зьместу гэтага падпункту. Ён кажа, што задача ўдзельнікаў перамоваў — знайсьці разумны кампраміс:

“Кожны з бакоў падчас перамоваў адстойвае свае інтарэсы. І гэта абсалютна нармалёва. Сёньня бакі паспрабуюць урэгуляваць гэтае пытаньне. Беларускі бок мае цьвёрды намер выканаць усе дамоўленасьці. Ёсьць яшчэ два тыдні”.

Нагадаем, беларускі бок за танны расейскі газ абавязаўся прадаць 50 працэнтаў акцыяў “Белтрансгазу”. “Газпром” будзе атрымоўваць акцыі беларускага прадпрыемства паступова — 12,5 працэнтаў у год. Толькі ў 2010 годзе расейскі манапаліст стане ўладальнікам паловы “Белтрансгазу”.

Пакет будзе каштаваць “Газпрому” прыкладна 2,5 мільярда даляраў. Падпісаньне дамовы мае адбыцца да 1 чэрвеня.

Пазыцыя “Газпрому”: лепш пазьней, чым ніколі

Афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў заявіў, што “зь беларускімі калегамі склалася добрая традыцыя: 31-га чысла ўзгадняюцца апошнія дэталі”. Тое, што ў Менск прыбыла дэлегацыя “Газпрому”, паводле спадара Купрыянава, няважна:

“Падпісаньня дамовы сёньня ня будзе. Бо яна будзе падпісаная пазьней. Ёсьць пытаньні, якія мы працягваем узгадняць. Спадзяемся, што да 1 чэрвеня ўсё падпішуць”.

“Проста так сваёй уласнасьці нават партнэру мы не здаем”

Паводле Тацяны Манёнак, сёньняшняя імпрэза сарвалася зь віны беларускага боку:

“Першая такая сур’ёзная, знакавая зьдзелка для Беларусі, і тут, канечне, нейкім чынам трэба і прадэманстраваць, што мы гандляваліся даволі жорстка. Што мы імкнуліся выгандляваць для сябе ўсе ўмовы найбольш спрыяльныя. І што проста так сваёй уласнасьці нават партнэру мы не здаем”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў сказаў:

“Ня хочацца нашай уладзе страчваць нейкага кантролю. З аднаго боку, патрэбныя грошы, расейскі рынак і добрыя эканамічныя стасункі з Расеяй, а з другога боку, гэта пагражае стратай нейкага кантролю з боку беларускага ўраду і прэзыдэнта над эканомікай і краінай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG