Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>"Гэта чыста палітычны праект, які мае на мэце распаўсюджваньне ўплыву Крамля праз так званы “расейскі сьвет”<B/>


Віталь Цыганкоў, Менск 17 траўня Расейская праваслаўная царква і Расейская праваслаўная царква ў замежжы падпісалі ў Маскве акт аб узьяднаньні. Як гэта можа паўплываць на рэлігійную сытуацыю ў Беларусі, на магчымасьць здабыцьця аўтаноміі Беларускай праваслаўнай царквой ? Які палітычны аспэкт гэтага царкоўнага аб’яднаньня? Гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы Экспэртыза Свабоды абмяркоўваюць каталіцкі філёзаф, брат-дамініканец Пётра Рудкоўскі і філёзаф, хрысьціянін пратэстанцкага кірунку Уладзімер Мацкевіч

“Узмацненьне кансэрватыўнага антыбальшавізму”

Цыганкоў: “Узьяднаньне двух расейскіх праваслаўных цэркваў мае сама непасрэднае дачыненьне да рэлігійнай сытуацыі ў Беларусі. Хаця б таму, што Беларускі экзархат належыць да Расейскай праваслаўнай царквы. Які ўплыў можа аказаць гэтая падзея да рэлігійныя дачыненьні ў Беларусі?”

Мацкевіч: “Трэба адрозьніваць два пляны гэтага аб’яднаньня – кананічны, які тычыцца толькі праваслаўнай царквы – і палітычны, які я гатовы і разглядаць. Нічога добрага для беларускіх вернікаў у такім аб’яднаньні няма. Расейская праваслаўная царква ў замежжы больш архаічная, чым РПЦ Маскоўскага патрыярхату. Яна ўтварылася тады, калі царква ўвогуле не прызнавала адрозьненьняў паміж беларусамі, украінцамі і расейцамі. Для іх гэта была адзіная расейска-праваслаўная супольнасьць.

Як вядома, праваслаўная царква заўсёды гэтак цесна зьвязаная з дзяржаваю, што кіраваньне амаль заўсёды ажыцьцяўляецца ўзгоднена з дзяржаўным кіраўніцтвам. Беларуская праваслаўная царква не ўзгадняе свае дзеяньні з нашым дзяржаўным кіраўніцтвам, а прыслухоўваецца да кіраўніцтва ў Маскве. Так было, і так пакуль застаецца”.

Рудкоўскі: “Здаецца, гэта аб’яднаньне будзе азначаць узмацненьне кансэрватыўных сілаў унутры расейскага праваслаўя, але з адной папраўкай. Дагэтуль кансэрватыўныя сілы ў царкве сымпатызавалі левым палітыкам, такім як Зюганаў. Але замежная праваслаўная царква падтрымлівае антыбальшавіцкі кансэрватызм.

Будзе больш нададзена ўвагі крытычнай пераацэнцы савецкага мінулага, зьявіцца тэндэнцыя мэнтальнай дэсаветызацыі расейскага праваслаўя, і адпаведна, Беларускага экзархату”.

“Гэта толькі ўскладніць шлях беларускай царквы да аўтаноміі”

Цыганкоў: “Які гэтая падзея можа аказваць уплыў на патэнцыйнае здабыцьцё аўтаноміі Беларускай праваслаўнай царквой?”

Мацкевіч: “Я думаю, гэта толькі ўскладніць шлях беларускай царквы да аўтаноміі. Сёньня аўтаномія праваслаўных цэркваў можа набываць розныя формы. Неабавязкова кананічную аўтакефалію. Думаю, што аб’яднаньне расейскіх цэркваў ня вельмі спрыяе гэтаму працэсу”.

Рудкоўскі: “Ня бачу непасрэднай сувязі. Здаецца, сярод беларускіх праваслаўных сама ідэя такога аб’яднаньня ў цэлым успрымалася больш станоўча, чым у самой Расеі. Там, як вядома, гэта выклікала пэўную апазыцыю – значная частка праваслаўных выступіла супраць гэтага”

Цыганкоў: “Беларусь – шматканфэсійная краіна, у якой, здаецца, больш чым у Расеі распаўсюджаныя ідэі межрэлігійнага дыялёгу, экумэнізму. Як на гэтыя ідэі можна паўплываць аб’яднаньне расейскіх праваслаўных цэркваў?”

Рудкоўскі: “Сама праваслаўе стане больш разнастайным. Бо досьвед гэтых заходніх расейскіх праваслаўных – іншы чым у праваслаўных у краінах былога СССР. Іншая мэнтальнасьць, аксіялёгія.

І гэта стане стымулам да дыялёгу ўнутры самой праваслаўнай царквы. Экумэнізм – гэта якраз стан рэлігійнага дыялёгу, і можна казаць пра экумэнізм унутры адной канфэсіі. Магчыма, ён створыць спрыяльную атмасфэру для дыялёгу зь іншымі хрысьціянскімі канфэсіямі. Калі праваслаўныя павінны будуць дыскутаваць з праваслаўнымі, усьведамляць сваю адрознасьць, -- то магчыма, гэта пяройдзе і на дыялёг з іншымі”.

Мацкевіч: “Вядома, усе вернікі згадзяцца, што Бог у нас адзін, выратаваньне адно, і крыніца – Біблія – адна. Але ідэі адзінства хрысьціянскага сьвету не павінны разглядацца такім чынам, што і кіраўніцтва мусіць быць адно.

Хрысьціянства – гэта не імпэрыя. У нас адзін “кіроўца” – Хрыстос, і ў яго няма нейкай канцэлярыі на Зямлі, якая ад яго імя будзе кіраваць усімі. Таму, вітаючы збліжэньне розных канфэсій, мы ня можам вітаць усталяваньне адзінага кіраўніцтва над усімі”

“Гэта чыста палітычны праект, які мае на мэце распаўсюджваньне ўплыву Крамля праз так званы “расейскі сьвет”.

Цыганкоў: “На падпісаньні акту аб’яднаньня ў Маскве прысутнічаў прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін. Адно гэта дастаткова гаворыць пра сувязь палітыкі і рэлігіі, расейская праваслаўная царква традыцыйна мела вельмі цесныя сувязі з уладай. Як з гэтага пункту гледжаньня варта ацаніць гэтае аб’яднаньне?”

Рудкоўскі: “З пункту гледжаньня рэлігійнага гэтае аб’яднаньне, безумоўна, станоўчы працэс. Усялякае збліжэньне хрысьціянаў – са знакам плюс.

Але тут могуць накласьціся і палітычныя інтарэсы. Як я казаў, гэтае аб’яднаньне будзе азначаць узмацненьне кансэрватыўнага, антыбальшавіцкага крыла, якое вельмі моцна адстойвае ідэі расейскай выключнасьці і вялікасьці. Значнай частцы сёньняшняй расейскай палітычнай эліты гэта вельмі адпавядае”.

Мацкевіч: “Гэта чыста палітычны праект, які мае на мэце распаўсюджваньне ўплыву Крамля праз так званы “расейскі сьвет”. Ужо некалькі гадоў існуе ідэя аднаўленьня імпэрыі, уплыву на ўвесь сьвет праз тых рускіх, праваслаўных, якія жывуць цяпер паўсюль. У гэтым сэнсе Масква разглядае сябе зноў як “трэці Рым”.

Гэты крок на аб’яднаньне асобных цэркваў, якія паходзяць з аднаго кораня і калісьці разышліся па палітычных матывах, мае толькі палітычны сэнс. Сапраўдныя вернікі гэта бачаць, гэта ўгледзяць, і яны будуць ставіцца насьцярожана”.
XS
SM
MD
LG