Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: Спадзяюся, нас не здымаюць на камэру?”


Міхал Карневіч, Горадня Учора стала вядома, што па выніках галасаваньня Генэральнай асамблеі ААН Беларусь не патрапіла ў склад Рады ААН у правах чалавека. У другім туры галасаваньня больш галасоў атрымала Босьнія й Герцагавіна — за яе прагаласавалі 112 краінаў. За Беларусь — 72 пры неабходных для абраньня 97 галасах. У першым туры галасаваньня ад групы ўсходнеэўрапейскіх дзяржаваў абралі Славенію — 168 галасоў. Галасавалі 192 дзяржавы. Наш карэспандэнт Міхал Карневіч пытаўся ў мінакоў на вуліцах Горадні: як гэтае рашэньне ўспрымуць беларускія ўлады й якія зробяць высновы?

Слухаць:

Спадар: “Абсалютна ніякіх высноваў яны ня зробяць. Усё, што датычыць міжнароднага статусу краіны, Беларусь мала цікавіць — бо, каб цікавіла, то даўно можна было б гэты статус зьмяніць. Можа якіх пару заяваў з гэтай нагоды прымуць, дзень-два памусоляць, але ня больш”.

Карэспандэнт: “А ўсё ж нейкія высновы ўлады зробяць?”

Спадар: “Ой, не... Народ спадзяваўся, што сытуацыя з расейскімі энэрганосьбітамі нейкім чынам, няхай не адразу, але ўсё ж паўплывае, але вынікаў ніякіх. Хаця чакалі большай дэмакратызацыі, лібэралізацыі эканомікі. Нічога не адбылося...”

Спадар: “Я б сказаў, што ў любой дзяржаве правы чалавека нейкім чынам парушаюцца. Што датычыць нашай краіны, я б не казаў так, што ў нас нешта так ужо моцна парушаецца. У мяне ёсьць свой контраргумэнт: калі на Захадзе ўжо Расею не паважаюць, хоць Пуцін наагул ідзе усім краінам насустрач, то што казаць пра нашу маленькую Беларусь”.

Хлопец: “У нас усё нармалёва, а тое, што там нехта нешта кажа, дык я не лічу патрэбным гэта слухаць”.

Спадарыня: “Думаю, што ніякіх высноваў яны ня зробяць. (Спадзяюся, што нас не здымаюць на камэру?)”

Карэспандэнт: “Ды не, у мяне ў руках толькі дыктафон, і я запісваю гэта для радыё”.

Спадарыня: “Толькі для радыё? Вось бачыце, гэтым усё сказана, вы зразумелі мой адказ... Я баюся, што нас здымаюць, свабоды ў нас... Ня хочацца мне камэнтаваць усё гэта, цяжка...”

Спадар: “Ніколі ніякіх высноваў ня зробяць. У іх няма мазгоў. Гэтая ўлада прычапілася да ўлады дзеля ўлады, дзеля свайго вельмі добрага жыцьця, абклалася амапамі, спэцназамі, міліцыяй, КДБ. Так што — няма тут чаго чакаць”.

Спадар: “Наўрад ці. Тут усё пушчана на самацёк...”

Спадар: “Мне здаецца, што палітыка ў Беларусі правільная. Гэта ўсё муцяць палякі й прыбалты. Лукашэнка ні з кім не ваюе, войскаў сваіх нікуды не пасылае. Жывем нармальна, паўсюль чыста... А тое, што яны там гавораць, — гэта не падабаецца Злучаным Штатам Амэрыкі”.

Спадар: “Ніякіх высноваў ня будзе. У нас наагул нічога ня робіцца...”

Спадарыня: “Думаю, што адназначна яны ня зробяць ніякіх высноваў. Сьведчаньне гэтаму — адсутнасьць хоць якой-кольвек інфармацыі аб гэтай падзеі па тэлебачаньні й на радыё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG