Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Чым добры рабочы горш за ваеннага афіцэра?"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 18 траўня, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Сталы слухач: “Лукашэнка жыць ня можа без таго, каб зь нечым не змагацца ці нейкія цяжкасьці пераадольваць. Як толькі пачуеш : “Паважаныя тэлегледачы…”, значыць нейкая мярзота зноў будзе. Цяпер вось усе сілы кідаюць на барацьбу зь ільготамі. Маўляў, столькі ў нас ільготнікаў! Так, канечне, калі зь міліцыянтаў зьняць. Яны на інсульты і інфаркты хварэюць ад таго, што абжыраюцца, з машыны вылезьці ня могуць. Прабачце, што я так па-простаму, крыху грубавата кажу. Дык канечне, яшчэ ў іх і бясплатны праезд. Няхай заплацяць.

Тое самае ваенныя афіцэры. А чаму? Я разумею, калі ўдзельнікі вайны. А гэты праслужыў 15-20 год у Менску, у Беларусі роднай. Ніякіх тут войнаў, як у Чачні і гэтак далей. Чаму гэтаму чалавеку, які ў сорак год выходзіць на пэнсію, па “вялікай катушцы" плацяць? За што?! Дзяржава яго апранала, карміла, давала жыльлё, усе выгоды. Высокі заробак у яго быў. А чым добры рабочы горш?”

Пэнсіянэр, Гарадзенская вобласьць: “Хутка нашы дэпутаты будуць абмяркоўваць і прымаць закон аб ільготах. Мой голас наўрад ці будзе пачуты. Таму ўношу прапанову кіраўнікам прафсаюзаў, партый, грамадзкіх арганізацый (спадзяюся, яны слухаюць Радыё Свабода), каб яны ініцыявалі, а, можа, і патрабавалі разгляд гэтага пытаньня адкрыта з трансьляцыяй па тэлебачаньню і радыё. Тым больш, прэзыдэнт увесь час кажа аб галоснасьці, адкрытасьці прымаемых рашэньняў, асабліва ў справе, калі гэта тычыцца, як сьцьвярджаюць, двух трацін насельніцтва. А мы ўспомнім, каго вылучалі ў Палату прадстаўнікоў і даведаемся, як яны абараняюць нас: пэнсіянэраў, студэнтаў і іншы электарат. Калі гэта ня будзе пачута, то, можа, Радыё Свабода возьмецца за гэту справу. Цікава даведацца”.
XS
SM
MD
LG