Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні рыхтуюць для Кангрэсу альтэрнатыўную стратэгію


Алег Грузьдзіловіч, Менск. Палітвязень Павал Севярынец скарыстаў чарговы адпачынак дзеля таго, каб скаардынаваць пазыцыю так званых “хімікаў” адносна Кангрэсу дэмакратычных сілаў і суду над “маладафронтаўцамі”. Павал Севярынец кажа, што нязгодны са стратэгіяй, якую падрыхтавалі ініцыятары форуму, і што зь ім салідарныя іншыя палітвязьні.

“Хімік” Павал Севярынец прыехаў дамоў у адпачынак 16-га траўня, а вярнуцца ў вёску Малое Сітна, дзе ён адбывае пакараньне, мусіць ў нядзелю 20-га. Павал кажа: усе чатыры дні на волі прысьвеціць Кангрэсу аб’яднаных дэмакратычных сілаў, прызначанага на 26-27 траўня, і судам над актывістамі “Маладога фронту”.

“Зараз перада мной сьпіс зь некалькіх дзясяткаў тэлефонаў. Тэлефаную ў асноўным па “маладафронтаўцах”. Наступныя тры гадзіны займаюся абтэлефаноўваньнем, а пад вечар буду рыхтаваць тэзы да выступу на кангрэсе, які мяне папрасілі падрыхтаваць. Ён будзе тычыцца стратэгіі дзейнасьці аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Той варыянт, які падрыхтаваны палітычнымі партыямі, мне здаецца бязвольным. Безумоўна, яму патрэбна моцная альтэрнатыва”.

Вялікай памылкай апазыцыі Павал Севярынец лічыць як ранейшыя стаўкі на Захад ці Ўсход, так і сёньняшнія на супрацоўніцтва з рэжымам. На думку актывіста, абапірацца трэба на простае беларускае насельніцтва. “Калі людзі будуць адчуваць салідарнасьць, яны змогуць абараніць свае правы”, -- кажа Павал Севярынец.

Другі “хімік”, вядомы сацыял-дэмакрат Мікалай Статкевіч таксама нязгодны са стратэгіяй “супрацоўніцтва з ўладай” і мяркуе зьвярнуцца да ўдзельнікаў кангрэсу з асабістай прапановай.

“Тая стратэгія, якая прапануецца, была распрацаваная ў кулюарах, яна ўзьнікла раптоўна ў сярэдзіне красавіка. Мы яе крытыкавалі, зрабілі аналіз і раздалі яго сябрам Палітрады, але тыя на крытыку не адрэагавалі. Таму мы мусілі распрацаваць альтэрнатыўную стратэгію. Спадзяемся, у нас будзе магчымасьць яе прэзэнтаваць. Мяркую, мы з Паўлам Севярынцам ды іншымі сябрамі Эўрапейскай кааліцыі зробім выступы. Калі ня будзе магчымасьці відэазапісу, нашы выступы проста зачытаюць”.

Актывісты “Маладога фронту” ў гэтыя дні рыхтуюцца да судовых працэсаў над іх сябрамі, якіх будуць судзіць за ўдзел ў незарэгістраванай арганізацыі. Нагадаю, ў Менску 30-га траўня пачнуць судзіць Насту Палажанку, Зьмітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана, Аляксея Янушэўскага. Актывіст Артур Фінькевіч, які адбывае “хімію” ў Магілёве заўважыў: перасьлед супадае па часе зь іспытамі ў навучальных ўстановах.

“Гэта робіцца дзеля таго, каб зьменшыць падтрымку на працэсах”, -- мяркуе Артур Фінькевіч.

У процівагу гэтым намерам актывісты плянуюць правесьці адмыслова падрыхтаваныя прэсавыя канфэрэнцыі ў розных гарадох Беларусі.

Глядзіце таксама:

М.Статкевіч: “Аснова нашай стратэгіі — эўрапейскі выбар”
XS
SM
MD
LG