Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што цікавіць наведнікаў менскіх музэяў


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня – Міжнародны дзень музэяў. Гэтае сьвята зьявілася ў календары ў 1977 годзе, паводле рашэньня Міжнароднай рады музэяў. Адзначаецца яно і ў Беларусі.

Я знаходжуся ў Нацыянальным музэі гісторыі й культуры. Гутару з дырэктарам Сяргеем Вечарам:

“Звычайна на Міжнародны дзень музэяў уваход у музэй бясплатны. І наведнікаў, калі бясплатна, заўжды шмат”.

Супрацоўніца Нацыянальнага музэю гісторыі й культуры Любоў Балаўнёва:

“Наведнікаў цікавіць усё – наша культура й гісторыя. Іх цікавяць выставы з нашага музэйнага фонду”.

Знаёмлюся з наведнікамі музэю. Іван Альховік – менскі школьнік:

“Я за сваё жыцьцё амаль што ва ўсіх музэях пабываў. У гэтым музэі – ужо трэці раз. Тут мне падабаецца”.

Могіх экспанатаў, якімі цікавяцца наведнікі, у галоўным гістарычным музэі краіны няма. Супрацоўнік Алег Ладзісаў:

“Радзівілаўскіх партрэтаў з Радзівілаўскага збору, таго ж крыжа Ефрасіньні Полацкай. Шмат-шмат чаго”.

У Літаратурным музэі Янкі Купалы працуюць будаўнікі. Паводле супрацоўнікаў, рамонт будынку пачаўся дзякуючы 125-гадоваму юбілею песьняра, што будзе адзначацца сёлета.:

“Пад дату далі сродкі добрыя і ідзе рамонт: як звонку, так і ўсярэдзіне, – расказвае вучоны сакратар Алена Бурбоўская. – 60 гадоў такога грунтоўнага капітальнага рамонту не рабілася. Сёлета – упершыню. І тым ня менш, мы не зачыняем экспазыцыю. Таму што людзі ідуць, ідуць і ідуць”.
”Дакумэнты ваеннай пракуратуры, якая займалася расьследаваньнем трагічнай сьмерці Янкі Купалы, мы не атрымалі да сёньняшняга дня”
Менскі настаўнік Аляксандр Раковіч прывёў у музэй сваіх вучняў:

“Яны захацелі сюды прыехаць, каб пазнаёміцца з творчасьцю Янкі Купалы. Тут ёсьць творы рукапісныя, таму каб паглядзець на гэтыя творы. Але Янка Купала быў жа й гістарычным дзеячам Беларусі. Таму прыехалі, каб пазнаёміцца з гісторыяй яго станаўленьня”.

Наведнікі музэю цікавяцца й тымі старонкамі біяграфіі Янкі Купалы, якіх няма ў падручніках. Алена Бурбоўская:

“Той час, калі трагічна загінуў Янка Купала. Дакумэнты ваеннай пракуратуры, якая займалася расьследаваньнем трагічнай сьмерці Янкі Купалы, мы не атрымалі да сёньняшняга дня. Яны знаходзяцца дзесьці ў архівах. Нам сказалі, што праз 70 гадоў мы іх атрымаем. А сёлета будзе 65 гадоў з дня сьмерці Купалы”.
“Афіцыйных дэлегацый у нас няма, турыстычныя агенты чамусьці ў музэй не заходзяць”
Музэй І зьезду РСДРП, які некалі славіўся вялікай колькасьцю наведнікаў, сёньня амаль пустуе. Дырэктар Сяргей Бяспанскі:

“Гэты будынак музэю быў знакавы ў савецкі час. Таму што ўсе ўрадавыя дэлегацыі, якія наведвалі Менск і БССР, наведвалі і гэтую экспазыцыю. А многія з новага пакаленьня менчукоў нават і ня ведаюць, што гэта за музэйны будынак на беразе Сьвіслачы. Афіцыйных дэлегацый у нас няма, турыстычныя агенты чамусьці ў музэй не заходзяць”.

Гл. таксама

• “Купала і Колас глядзелі ў корань”

• Сяргей Харэўскі: “У Беларусі так і няма Нацыянальнага мастацкага музэю”
XS
SM
MD
LG