Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Льготы будуць скарочаныя на траціну


Радыё Свабода Праект закону “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзянаў” будзе разглядацца Палатай прадстаўнікоў на наступным тыдні. Аб гэтым сёньня паведаміў начальнік галоўнага ўпраўленьня комплекснага аналізу і каардынацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Яўген Касьпяровіч.

Ён адзначыў, што льготы плянуецца скараціць на траціну ад існага аб''ёму бюджэтнага фінансаваньня. Плянуецца захаваць асноўныя льготы і гарантыі для людзей, якія маюць выдатныя заслугі перад дзяржавай або з-за свайго фізычнага стану і сацыяльнага становішча маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы. Гэта Героі Савецкага саюза, Героі сацыялістычнай працы, Героі Беларусі, поўныя кавалеры ордэнаў Славы, Працоўнай славы, Айчыны; інваліды і вэтэраны Вялікай айчыннай вайны; інваліды першай і другой груп, дзеці-інваліды; няпоўнагадовыя жыхары ў зонах радыёактыўнага забруджваньня.

Для астатніх катэгорый насельніцтва льготы будуць скасаваныя цалкам ці часткова. Льготы ня будуць распаўсюджвацца на сям’ю льготніка – імі будзе карыстацца толькі ён сам.

“ На аднаго льготніка дзяржава выдаткоўвае меней за 20 тысяч рублёў.


Цяпер ільготамі карыстаецца больш як 50 катэгорый грамадзян, у разьліку на аднаго льготніка дзяржава выдаткоўвае меней за 20 тысяч рублёў.

Паводле Яўгена Касьпяровіча, сродкі, вызваленыя ад скарачэньня льготаў, плянуецца накіраваць на ўзмацненьне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, праграм падтрымкі мацярынства і дзяцінства, а таксама на дадатковыя мерапрыемствы па рэабілітацыі пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

"Калі мы скарачаем частку чарнобыльскіх ільгот, то гэтыя сродкі павінны "застацца" на тых жа чарнобыльскіх тэрыторыях і выкарыстоўвацца на разьвіцьцё аховы здароўя, адукацыі і г.д.,– сказаў Яўген Касьпяровіч.– Калі мы забіраем частку льгот у вэтэранаў працы, то павінны фінансавыя сродкі накіраваць на разьвіцьцё сыстэмы сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва".
XS
SM
MD
LG