Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет патрабуе вызваліць брытанскага журналіста


Юры Дракахруст, Прага Карэспандэнт радыёвяшчальнай карпарацыі BBC Алан Джонстан, 66 дзён таму ён захоплены невядомымі ўзброенымі асобамі ў Паласе Газа, сёньня адзначае дзень народзінаў. У сьвеце працягваюцца акцыі з патрабаваньнем вызваліць журналіста.

Адказнасьць за выкраданьне журналіста ўзяла на сябе малавядомая арганізацыя “Армія ісламу”, якая запатрабавала ў абмен на вяртаньне Джонстана вызваленьня мусульманскіх вязьняў у брытанскіх турмах. На ісламскіх сайтах у Інтэрнэце зьявілася фота дакумэнту, які падобны на пасьведчаньне захопленага карэспандэнта ВВС.

Месяц таму радыкальная палестынская групоўка “Брыгады джыхаду” заявіла, што Алан Джонстан забіты. Аднак прэзыдэнт Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас са спасылкай на зьвесткі палестынскіх спэцслужбаў адмаўляе гэтую інфармацыю.

Алан Джонстан працаваў у Паласе Газа тры гады. Сёньня яму спаўняецца 45 гадоў. ВВС перадала ў эфір віншаваньні Джонстану ад ягоных бацькоў – Грэма і Маргарэт. Бацька журналіста сказаў:

“Прывітаньне, Алан! З днём нараджэньня. Мы ўсе ўвесь час думаем пра цябе. Гэта быў бы нашмат больш шчасьлівы дзень, калі б ты быў з намі сёньня. Уся наша любоў табе, мой сын. Трымай галаву вышэй!”

Пасьля выкраданьня Джонстана па ўсім сьвеце праходзяць маштабныя акцыі за ягонае вызваленьне. Эўрапарлямэнт аднагалосна прыняў рэзалюцыю з патрабаваньнем вызваліць журналіста. Да таго ж заклікалі многія журналісцкія арганізацыі, у тым ліку і Форум арабскіх СМІ.

Сёньня журналісты ВВС наладзілі акцыі ў падтрымку калегі ў Тэгеране, Ганконгу і Маскве. У Інтэрнэце пад хадайніцтвам аб вызваленьні Джонстана падпісаліся 93 тысячы чалавек.
XS
SM
MD
LG