Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: “Хочам жыць, як усе людзі, у згодзе з усімі”


Альгерд Невяроўскі, Менск 17 траўня маюць адбыцца выбары новых прадстаўнікоў Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека. Беларусь — адзін з кандыдатаў ад сваёй рэгіянальнай групы. Ці магчымае абраньне паўплывае на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі? Гэтыя пытаньні людзям на менскім праспэкце Незалежнасьці задаваў наш карэспандэнт.

Спадар: “Думаю, так. Мне здаецца, так яно й будзе”.

Спадар: “Беларусі трэба было даўно ўступіць у гэтую арганізацыю. Гэта будзе добра для ўсіх”.

Спадарыня: “Так. Мне здаецца, у нас церпіць свабода слова, правы чалавека таксама не захоўваюцца. У нас у краіне дыктатура. Адзін чалавек ня павінен столькі часу быць пры ўладзе. Павінен быць прагрэс”.

Спадар: “Калі Беларусь туды прымуць? Я ведаю, што Канада выступіла супраць прыняцьця Беларусі. ААН мае фармальны ўплыў на палітыку іншых краінаў. На свабоду й дэмакратыю ў Беларусі ўступленьне цяпер ніяк не паўплывае”.

Карэспандэнт: “Беларусь хоча стаць сябрам Камітэту правоў чалавека ААН. Ці паспрыяе гэта свабодзе й дэмакратыі ў Беларусі?”

Спадарыня: “Я думаю, што павінна паўплываць. Спадзяюся, адбудуцца зьмены ў лепшы бок”.

Дзяўчына: “Я спадзяюся, што паўплывае. Любы крок вонкі будзе для Беларусі добрым. Ня трэба на сабе замыкацца. Беларусь павінна быць адкрытая як на Захад, так і на Ўсход. Мы хочам жыць, як усе людзі, у згодзе з усімі”.

Хлопец: “Я думаю, што так. Усе ўжо там, і ў іх быццам бы ўсё нармальна. А ў нас — ня вельмі”.

Спадарыня: “Думаю — так, бо правы чалавека ў нас парушаюцца. Іх, відаць, тут наагул няма. Таму гэтае ўступленьне было б добрым крокам”.

Хлопец: “Гэта паспрыяе нашай краіне. Бо нам да дэмакратыі яшчэ вельмі далёка”.

Спадар: “Гэта дапаможа Беларусі стаць прававой дзяржавай. Грамадзяне Беларусі змогуць падаваць скаргі ў міжнародныя інстытуцыі”.
XS
SM
MD
LG