Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 траўня моладзь зладзіць талаку ў парку Дружбы народаў


Ганна Соўсь, Менск Прадстаўнікі моладзевых арганізацыяў, якім адмовілі ў заяўцы на мітынг супраць скасаваньня льготаў, абвясьцілі кампанію студэнцкай салідарнасьці ад 20 траўня да 9 верасьня і заклікалі сваіх прыхільнікаў на талаку.

Пасьля адмовы Менгарвыканкаму ў правядзеньні мітынгу супраць адмены льготаў аргкамітэт акцыі прыняў рашэньне. На прэсавай канфэрэнцый яго сёньня агучыў лідэр “Моладзі БНФ” Алесь Каліта:

“Было вырашана ўсё роўна сабраць студэнтаў у парку Дружбы народаў, не парушаючы грамадзкага парадку, але адзначаючы гэты дзень студэнцкай салідарнасьці па-свойму. Аргкамітэт зьвярнуўся да намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Мятліцкага з прапановай правесьці талаку для ўпарадкаваньня тэрыторыі ў парку Дружбы народаў супольна са студэнтамі й школьнікамі.

Нагадаю, што Менгарвыканкам абгрунтаваў забарону на правядзеньне мітынгу тым, што ў нядзелю ўвечары будзе праводзіцца прыбіраньне тэрыторыі й рамонт паркавага абсталяваньня”.



“Адмена студэнцкіх ільготаў можа стаць менавіта тым, чаго рэжым ня зможа праглынуць”

Прэсавы сакратар “Маладога фронту” Барыс Гарэцкі гэтак тлумачыць рашэньне ўладаў забараніць мітынг:

“Калі нават моладзь ідзе на Бангалор, рэжыму ёсьць чаго баяцца. Таму што рэжым цяпер закранае найбольш чуйныя струны моладзевага асяродку. Мы ўпэўненыя, што напад на студэнтаў стане сапраўдным каменем спатыкненьня. Адмена студэнцкіх ільготаў можа стаць менавіта тым, што рэжым ня зможа праглынуць, а якраз будзе неяк саступаць перад моладзьдзю”.

Сымбаль студэнцкай кампаніі — заяц-безьбілетнік. Колер кампаніі — салатавы

Сёньня ж моладзевыя актывісты аб’явілі аб кампаніі студэнцкай салідарнасьці. Яна пачнецца 20 траўня з акцыі ў Парку дружбы народаў.

А 23 траўня, калі ў Палаце прадстаўнікоў будзе разглядацца законапраект аб адмене льготаў, ад 15-й да 19-й гадзіны студэнты рушаць па праспэкце і плошчы Незалежнасьці на роварах, роліках ці скейтах з салатавымі стужкамі. Гэтым яны пакажуць, што моладзь ня мае сродкаў плаціць поўны кошт за праезд на грамадзкім транспарце.



Дарэчы, удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі і сёньня прышпілілі на сваю вопратку салатавыя стужкі.

Алесь Каліта зьвяртае ўвагу на тое, што сымбалем студэнцкай кампаніі ёсьць заяц-безьбілетнік:

“Заяц любіць салатку. Салат — такі сьвежы колер студэнцтва, маладосьці, вясны”.

Пасьля адмены льготаў на праезд менскі студэнт страціць каля 300 тысяч рублёў у год

Моладзі таксама прапаноўваюць далучыцца і да кампаніі “Перадай талёнчык”. Выходзячы з транспарту, трэба аддаць свой талёнчык студэнту ці школьніку, які заходзіць у яго.

Працягвае каардынатар “Вольнай моладзі” Мікіта Красноў:

“Наступная кампанія будзе адзначацца пасьля 22 чэрвеня, пачынаючы з Купальля і завяршаючыся 9 верасьня — у Дзень гораду. На кожнае сьвята, дзяржаўнае і недзяржаўнае (22 чэрвеня — Купальле, 3 ліпеня — гэтак званы Дзень незалежнасьці, “Басовішча” і 1 верасьня), мы прапануем, каб студэнты, грамадзкія актывісты выходзілі ў горад у сымбалях кампаніі — у майках, са стужкамі й значкамі, каб нагадаць, што студэнты страчваюць палову сваёй стыпэндыі”.

На гэтым тыдні ўжо пачалася акцыя пад назвай “Студэнт, дапамажы дэпутатам падлічыць, колькі грошай страцяць студэнты і іх бацькі, калі будуць адмененыя льготы на праезд”.

Пра паштоўкі з такім пытаньнем расказвае прадстаўніца “Грамадзянскага форуму” Вольга Лісановіч:

“У сярэднім менскі студэнт страціць каля 300 тысяч рублёў. Такім чынам кожны студэнт можа прымерыць гэтыя грошы на сваю кішэню і напісаць адказ, колькі разоў студэнт можа паабедаць на суму адмененых ільготаў”.

Заключным этапам кампаніі будзе агульнанацыянальная акцыя 9 верасьня на пляцоўках беларускіх студэнцкіх гарадоў. Яна адбудзецца ў тым выпадку, калі ўлады не адменяць рашэньня аб скасаваньні льготаў.

У правядзеньні кампані студэнцкай салідарнасьці бяруць удзел прадстаўнікі шэрагу моладзевых арганізацыяў — “Маладога фронту”, “Моладзі БНФ”, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, моладзевай камісіі Хэльсынскага камітэту, “Вольнай моладзі”, Беларускай асацыяцыі маладых палітыкаў, “Грамадзянскага форуму” і “Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу — маладыя дэмакраты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG