Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За арэнду залі ў арганізатараў Кангрэсу дэмсілаў патрабуюць 8 мільёнаў


Алесь Дашчынскі, Менск Беларуская апазыцыя рыхтуецца да правядзеньня ў Менску 26-27 траўня Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі. Неўзабаве Палітрада аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі разгледзіць праект рэглямэнту форуму.

За арэнду залі ў арганізатараў кангрэсу запатрабавалі каля васьмі мільёнаў рублёў. Пра гэта адміністрацыя Палацу культуры паведаміла намесьніку старшыні Партыі БНФ Віктару Івашкевічу. Спадар Івашкевіч мяркуе, што гэта нядорага:

“Высокааплачваныя рабочыя Менскага аўтазаводу атрымоўваюць мільён на месяц. Восем рабочых аўтазаводу маглі б аплаціць, аддаўшы месячны заробак. А калі мець на ўвазе, што кожны аддаў бы адну дзясятую частку, то — восемдзесят. У нашых партыях, якія падалі заяўкі, АГП, ПКБ і БНФ, як мінімум, тры тысячы сяброў”.

Старшыня аргкамітэту Кангрэсу дэмсілаў Аляксандар Бухвостаў заявіў, што ахову ў памяшканьні мяркуецца забясьпечыць уласнымі дружынамі.

Сёньня ўвечары Палітрада плянуе разгледзець шэраг пытаньняў, зьвязаных з падрыхтоўкай да кангрэсу — і, сярод іншага, зацьвердзіць праект ягонага рэглямэнту. Тут ёсьць два падыходы. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што кангрэс мае быць стала дзейнай інстытуцыяй:

“Мы разглядаем яго як найвышэйшы прадстаўнічы орган. Мы разглядаем яго як альтэрнатыву тым структурам, якія сёньня існуюць у Беларусі і ажыцьцяўляюць функцыі ўлады. Людзі павінны ведаць, што мы не сабраліся адзін раз і разышліся, а што гэта інстытуцыя, якая будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль у Беларусі ня будзе ўсталяваная дэмакратыя”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка супраць такой прапановы:

“Сытуацыя ў Беларусі мяняецца. Мяняюцца структурныя магчымасьці розных арганізацыяў. І ня трэба нічога штучна кансэрваваць. Да гэтага кангрэсу мы й так падыходзілі зь вялікімі праблемамі, і проста ня трэба кансэрваваць гэтых праблемаў. Кангрэсы мусяць выконваць канкрэтную, дачасную задачу”.

• Улады далі памяшканьне для правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў , 15.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG