Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Куды падзеліся подпісы дэлегатаў кангрэсу?


Радыё Свабода У Магілёве стварылі адмысловую камісію, якая зоймецца праверкай фактаў зьнікненьня часткі подпісаў у 44 кандыдатаў у дэлегаты Кангрэсу дэмакратычных сілаў ад Магілёўшчыны. Ініцыявалі стварэньне камісіі дэлегаты, якія байкатавалі рэгіянальную канфэрэнцыю дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны.

Паводле ініцыятараў стварэньня камісіі, падчас кампаніі вылучэньня дэлегатаў 67 чалавек назьбіралі ў сваю падтрымку 300 подпісаў выбарцаў. Усе яны былі зарэгістраваныя Магілёўскай назіральнай камісіяй дэлегатамі кангрэсу.

Пасьля праверкі сабраных подпісаў Цэнтральнай назіральнай камісіяй мандат дэлегата атрымалі толькі 23 чалавекі.

15 траўня палітычная рада дэмакратычных сілаў і Цэнтральная назіральная камісія пагадзіліся стварыць у Магілёве адмысловую камісію дзеля праверкі фактаў зьнікненьня подпісаў.

Адзін з ініцыятараў стварэньня камісіі Зьміцер Салаўёў паведаміў “Свабодзе”, што ў ейны склад увайшлі прадстаўнікі шасьці магілёўскіх рэгіянальных арганізацыяў палітычных партыяў.

“Цэнтральная назіральная камісія перадасьць нам усе дакумэнты, неабходныя для працы, подпісы ды пратаколы. Мы павінны даць справаздачу палітрадзе і мандатнай камісіі, якая будзе на кангрэсе”.

У Цэнтральнай назіральнай камісіі перакананыя, што нават калі выявяцца хібы, паўторнай рэгіянальнай канфэрэнцыі дэлегатаў кангрэсу ад Магілёўшчыны ня будзе. А менавіта гэтага дамагаюцца магілёўскія дэмакраты.

Гаворыць старшыня Цэнтральнай назіральнай камісіі Ўладзімер Лапковіч:

“Новага сходу праводзіцца ня будзе, але дэлегатам, якія будуць ці то ўзноўленыя, ці тыя, якія байкатавалі мінулы сход, будзе дадзена магчымасьць таксама прагаласаваць”.

Вынікі працы Цэнтральнай назіральнай камісіі магілёўскія дэмакраты рэзка скрытыкавалі. Яе абвінавацілі ў парушэньні дамоўленасьцяў і ўмоваў вылучэньня дэлегатаў на кангрэс.

Нагадаем: дэлегаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, Партыі БНФ ды незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу байкатавалі рэгіянальную канфэрэнцыі, якая прайшла ў сярэдзіне траўня бяз кворуму.
XS
SM
MD
LG