Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылучэньне Босьніі ў Раду правоў чалавека ААН можа не пашкодзіць Беларусі


Алена Струвэ, Менск Сёньня наступіць разьвязка інтрыгі вакол выбараў у Раду правоў чалавека Генэральнай Асамблеі ААН. Усяго ў гэтую праваабарончую структуру будуць абраныя 14 новых сяброў, аднак асноўны скандал разгараецца вакол двух месцаў ва ўсходнеэўрапейскай сэкцыі Рады – за іх будуць змагацца Беларусь, Славенія і Босьнія-Герцагавіна.

Як падае інфармацыйны Інтэрнэт-рэсурс амэрыканскіх няўрадавых арганізацыяў Ascribe.org, “галасаваньне па складзе новага праваабарончага органу ААН стане тэстам на існаваньне самой Рады”.

Фактычна да самых апошніх дзён Беларусь была амаль упэўненая ў сваім сяброўстве ў гэтай структуры. Гэтак званая “апошняя дыктатура Эўропы”, як і адна з самых узорных дэмакратычных краін у посткамуністычным сьвеце – Славенія – ішлі на галасаваньне без усялякай альтэрнатывы”.

“Гэта давала ім гарантыю абраньня бяз выбараў. Вылучэньне трэцяй краіны азначае, што сёньня хтосьці будзе выціснуты. Прычым, ня факт, што гэта будзе Беларусь”, – мяркуюць назіральнікі.

“Нават нягледзячы на шматлікія заклікі і пратэсты праваабарончых арганізацый, Беларусь у часе выбараў могуць падтрымаць многія сябры ААН”, – падае нямецкае Deutschlandradio. Бо “для прыняцьця той ці іншай краіны ў Раду патрэбная падтрымка абсалютнай большасьці сяброў Генасамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта больш за 90 краін. Нямала зь іх скажуць “так” Беларусі, каб гэткім чынам выказаць свой пратэст супраць існуючай дамінанты заходніх дзяржаваў”, – лічаць нямецкія камэнтатары.

Славенія - супраць Босьніі

Аглядальнікі таксама спасылаюцца на тое, што Славенія, якая ад студзеня 2008 году будзе старшыняваць ў Эўрапейскім Зьвязе, раней намякала на зьняцьце сваёй кандыдатуры ў выпадку, калі ўзьнікне нейкая спрэчная сытуацыя. Любляна таксама выступала катэгарычна супраць прапановы аб вылучэньні Босьніі ў Раду ААН, нават пагражала ў такім выпадку адмовай ад удзелу ў выбарах. Як мяркуе адзін з самых актыўных дэпутатаў ПА РЭ, знаўца балканскага ды постсавецкага рэгіёнаў швэйцарац Андрэас Грос, улічваючы ўсю складанасьць сытуацыі, Славенія ўсё ж не павінна адмовіцца ад выбараў. У інтэрвію Радыё Свабода сябра падкамітэту ПА РЭ па Беларусі Грос прызнаў, што “Босьнія ня ёсьць аптымальным кандыдатам для Рады. Як ня ёсьць яе аптымальнымі сябрамі Расея ці Азэрбайджан. З такімі сябрамі новы праваабарончы орган ААН толькі дыскрэдытуе сябе, – кажа ён. – Аднак Босьнія – гэта лепш, чым Беларусь. Беларусі ў праваабарончай структуры пакуль няма чаго шукаць. Таму я падтрымаў заклік юрыдычнага камітэту ПА РЭ супраць абраньня гэтай краіны ў Раду правоў чалавека ААН,” – заявіў Андрэас Грос.

Гл. таксама

• Камітэт ПАРЭ: Беларусі ня месца ў Радзе ААН у пытаньнях правоў чалавека

• "Human Rights Watch" – супраць кандыдатуры Беларусі

• Праваабаронцы крытыкуюць працэдуру галасаваньня ў ААН
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG