Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыалькагольная кампанія ксяндза Булькі


Міхал Стэльмак, Менск На Глыбоччыне ў вёсцы Мосар канфліктная сытуацыя склалася паміж чыноўнікамі й вернікамі каталіцкай парафіі. Спрэчка ўзьнікла з-за намеру ўзьвесьці каля касьцёлу кавярню. Пратэст каталіцкай парафіі ўзначаліў пробашч Ёзас Булька.

“Хацелі пабудаваць ля касьцёлу кавярню, – расказвае ксёндз. – Я выпадкова сяджу каля помніка й бачу, што прыехалі жанчына й тры мужчыны – старшыня сельсавету, райпа, земляроб і архітэктар. Ужо вызначылі й паказваюць, дзе будзе стаяць. Я ім кажу, каб будавалі далей – каля крамы, а не каля касьцёлу”.

Ініцыятыва ўзьвядзеньня кавярні ў Мосары належыць Глыбоцкаму райспажыўсаюзу. Вось што патлумачыў “Свабодзе” намесьнік старшыні Раман Анашкевіч:

“Ёсьць рашэньне Савету Міністраў аб разьвіцьці турызму, дзе напісана, каб адкрыць гандлёвую кропку ў вёсцы Мосар. І мы абавязаны яго выконваць. Мы зьвярнуліся ў райвыканкам. Каб нам выдзелілі месца згодна пастановы Савету Міністраў аб разьвіцьці турызму. Нам райвыканкам выдзяляе месца. Пан ксёндз супраць”.

Чаму мосарскі сьвятар супраціўляецца? Вось што ксёндз Булька патлумачыў на гэты конт:
”Вялікая ў гэтым заслуга пробашча: і продажу няма, і самагонку ніхто ня гоніць”
“Яшчэ ня ўсё насельніцтва выхавана: ідзе мужчына, бярэ паўлітра, і тады тут будзе й выпіваць. А я, ведаеце, вяду барацьбу супраць алькагалізму. Я вяду барацьбу, а яны спрыяюць п’янству”.

Змаганьне ксяндза Булькі з алькагалізмам у Мосары доўжыцца ўжо каля двух дзесяцігодзьдзяў. У вёсцы, найперш зь ліку вернікаў, у пробашча зьявілася шмат аднадумцаў. Яны таксама супраць узьвядзеньня райспажыўсаюзам кавярні. Напрыклад, Часлава Лаўрыновіч:

“Мы супраць. Супраць шапіка. А навошта ён нам? Пробашч зрабіў такую прыгажосьць. А яны чаму раней пра гэта ня думалі? Навошта нам гарэлка? Мы таксама змагаемся супраць алькагалізму. Цяпер ужо ня так. Вялікая ў гэтым заслуга пробашча. І продажу няма, і самагонку ніхто ня гоніць”.

Гл. таксама

• Беларускі Парыж расквітнее
XS
SM
MD
LG