Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вячаслаў Корань: “Думаю зрабіць альбом, не падобны да ранейшых”


Радыё Свабода Лідэр гурту “Ўліс” Вячаслаў Корань у гутарцы з Аляксеем Знаткевічам гаворыць пра пляны на новы альбом, параўноўвае сытуацыю з канцэртамі ў Беларусі цяпер і ў 1980-я гады і нагадвае, што рок-музыка – гэта цяжкая праца.

Знаткевіч: “Апошні альбом вашага гурту – “Люстэрка” – выйшаў ужо некалькі гадоў таму. Ці зьявіліся ад таго часу новыя запісы? Ці ёсьць пляны на новы альбом?”

Корань: “Пакуль што нічога новага няма. Але я думаю пра тое, каб рабіць новае. Адно што для гэтага трэба нешта зьмяніць, і я цяпер працую над гэтым. Ня ведаю пакуль што, калі будзе наступны альбом, але ён будзе”.

Знаткевіч: “Калі вы гаворыце, што трэба нешта зьмяніць, то маеце на ўвазе сытуацыю ўнутры гурту?”

Корань: “Не, я маю на ўвазе ня гэта. Трэба іншыя інструмэнты, трэба рабіць нешта непадобнае да таго, што было ў нас. “Уліс” заўжды – ад альбому да альбому – рабіў нешта інакшае. І я цяпер думаю зрабіць іншы альбом, які ня будзе падобны да ранейшых”.

“Улісу” яшчэ 10 гадоў таму забаранялі канцэрты ў Менску...”

Знаткевіч: “Вячаслаў, днямі зьявілася інфармацыя, што ў Менску забаранілі канцэрт гурту “Крама”. Таксама вядома пра забарону канцэртаў гуртоў “Zet” і “IQ48”. Якая сытуацыя з канцэртамі “Ўлісу”? Наколькі рэальна правесьці канцэрт у Беларусі?”

Корань: “Мы ў Беларусі мала даем канцэртаў. Але, напрыклад, 4 сакавіка рабілі канцэрт у Полацку, і добры быў канцэрт. Але гэта Полацак, а ня Менск. “Улісу” яшчэ 10 гадоў таму забаранялі канцэрты ў Менску...”

Знаткевіч: “А ці рэальна цяпер у Беларусі ладзіць якія падпольныя ці паўпадпольныя канцэрты?”

Корань: “Рок-канцэрт усё ж такі патрабуе добрага гуку. Гэта мае быць дзейства, адпаведнае нашаму часу, а не 1970-м гадам. Таму я ня думаю, што нейкія падпольныя канцэрты могуць дапамагчы рок-музыцы”.

Знаткевіч: “Вячаслаў, калі параўнаць тую сытуацыю, якая была з арганізацыяй канцэртаў у 1980-я, з тым, што ёсьць цяпер, то ці ёсьць падабенствы і якія ёсьць найбольшыя адрозьненьні?”

Корань: “Розьніца ёсьць, таму што тады так канцэртаў не забаранялі. У 1980-я якраз рок-канцэрты дазвалялі: арганізатарам часта выступаў камсамол, было шмат канцэртаў.

Я граў у 1980-я ў “Бондзе” – мы рабілі канцэрты, зьбіралі поўныя вялікія залі. І ніхто не забараняў, забараняюць толькі цяпер. Такога, як цяпер, ніколі не было”.

“Рок-музыка – гэта цяжкая праца і самаўдасканальваньне”

Знаткевіч: “Мы правялі апытаньне на вуліцах Менску. Маладыя людзі адказвалі на пытаньне, ці хацелі б яны стаць рок-зоркамі”.



Знаткевіч: “Вячаслаў, нешта з таго, што людзі сказалі ў гэтым апытаньні, праўда?”

Корань: “Толькі звонку выглядае так, як людзі тут гаварылі. Гэта маладыя людзі, таму яны ня ведаюць, што заўсёды чалавек, каб дасягнуць нечага, павінен сур''ёзна працаваць.

А рок-музыка – гэта таксама цяжкая праца і самаўдасканальваньне. І каб дасягнуць прафэсійных вяршыняў, трэба вельмі многа працаваць. Гэта такая ж самая праца, як і кожная іншая”.

Знаткевіч: “А наконт таго, што прэстыжна і дзяўчаты любяць. Ці ёсьць у гэтым хоць доля праўды?”

Корань: “Так думаюць маладыя людзі, якім 18-20 гадоў. Але я цяпер так ня думаю”.

Знаткевіч: “Калі вы ідзяце ў Менску па вуліцы, ці часам пазнаюць вас, ці падыходзяць, вітаюцца маладыя людзі?”

Корань: “Так, часам пазнаюць. Пазнаюць і за межамі Беларусі. Гэта прыемна, але гэта ня самае важнае”.

“Я б не хацеў быць на каробцы з зэфірам альбо кефірам”

Знаткевіч: “У шэрагу мэдыяў зьявілася інфармацыя, што Аляксандар Лукашэнка падпісаў плян мерапрыемстваў піяр-акцыі “Ірына Дарафеева – твар Беларусі”. Выявы і лягатыпы з Ірынай Дарафеевай будуць на рэклямных шчытох, на сумках, на каробках з зэфірам, напрыклад. На вашую думку, каго б варта было б паставіць на білборды зь людзей Беларусі? Хто мог бы стаць абліччам Беларусі?”

Корань: “Я пра гэта ня думаў. Але, ведаеце, я б не хацеў быць на каробцы з зэфірам альбо з кефірам.

І такога ня трэба рабіць, я так думаю, таму што калі так робіцца на Захадзе і калі зоркі і спартовыя, і музычныя гэта робяць, яны за гэта атрымліваюць грошы. Гэта проста заробак. Але гэта зусім ня гонар – быць на каробцы ці білбордзе”.

Знаткевіч: “Магчыма, і Ірына Дарафеева таксама за гэтую акцыю атрымае грошы... Вы пагадзіліся б зарабляць рэклямай?”

Корань: “Калі б гэта былі вялікія грошы і калі б гэта дапамагло мне рабіць маю любімую працу – займацца рок-музыкаю і займацца больш сканцэнтравана, – то я гэта рабіў бы.

А калі толькі для таго, каб пабачыць свой твар на білбордзе, то не”.
XS
SM
MD
LG