Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 16 траўня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.



Чытачы сёньня абменьваюцца меркаваньнямі пра заяву Аляксандра Мілінкевіча, які не зьбіраецца вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду аднаго з сустаршыняў дэмакратычнай кааліцыі. Кангрэс дэмакратычных сілаў павінен адбыцца ў Менску 26 і 27 траўня.

“Так трымаць!”

“Будучыня цывілізаванай Беларусі за спадаром Мілінкевічам”.

“Ну вядома, роўнага Мілінкевічу няма. Ні з кім не зьбіраецца дзяліць ні бабкі, ні любоў Эўропы, ні ляўры”.

“Мэтода падзелу моцнага незалежнага цэнтру з выразным лідэрам на нейкія псэўдапалітычныя колкі называецца ў КДБ “тактыка салямі”. Разводзіць у беларускім балоце салямі рэжыму вельмі выгадна, таму й ладзіцца гэты чырвоны салямны кангрэс”.

У суполцы "Жывога журналу" абмяркоўваюць навіну пра тое, што менскія ўлады прымушаюць зьняць з гарадзкіх будынкаў спадарожнікавыя антэны і кандыцыянэры. Вось што кажуць удзельнікі суполкі:

“Вось адкажыце шчыра, хто лічыць, што талеркі “парушаюць архітэктурны вобраз гарадзкой забудовы”?”

“Я лічу, дрот нядорага каштуе, каб вынесьці талерку на дах, на дваровыя фасады дому і не тлуміць сабе галаву надуманымі праблемамі “ўціску дэмакратычнай свабоды”.

“У мяне ўсе вокны на адзін бок. Мне што, талерку да суседа пераносіць? Альбо дрот з даху да трэцяга паверху праводзіць? А хто будзе адказваць за захаваньне талерак на даху?”

“Прапаную – за кожную талерку й кандыцыянэр, якія выходзяць на адну з буйных вуліцаў, увесьці штомесячную аплату – 20-50 даляраў. Трэба табе – плаці. Ня хочаш столькі плаціць – шукай спосаб паставіць талерку на дах, а кандыцыянэр – у двор”.

“Народ, рэч не ў эстэтычным выглядзе будынкаў, а ў адкрыцьці беларускага сатэлітнага каналу ў Польшчы пад назвай “Белсат”. Дасьць Бог, пачне вяшчаць 15 кастрычніка. Вось вам банальная прычына ўсяго гэтага шоргату”.

Удзельнікаў форумаў парталу сёньня прывабіла афіцыйная хроніка: Аляксандар Лукашэнка накіраваў вітаньне ўдзельнікам Усерасейскай сустрэчы пісьменьнікаў, прысьвечанай Году расейскай мовы. Форум адбываецца ў Белгарадзе.

У вітаньні, у прыватнасьці, сказана, што расейская мова – гэта “найвялікшая культурная спадчына ўсіх славянскіх народаў, магутны фактар аб’яднаньня людзей, сродак міжнацыянальнага й міжнароднага камунікаваньня”.

Камэнтары:

“Ну, наконт “магутны фактар аб’яднаньня людзей” ён, вядома, схлусіў. Наймагутнейшым аб’яднаўчым фактарам заўсёды была не расейская мова, а расейскае (пэўны час савецкае) войска”.

“Ага... расейская мова – вялікая спадчына Кірылы Тураўскага, які ствараў у Піцеры і прыехаў зь Нью-Ёрку, створаная адмыслова для жыхароў Грэнляндыі па загадзе Пятра Першага ў 247 годзе да нашай эры”.

“Ды ён сам незразумела на якой мове размаўляе, ці то на расейскай, ці то на беларускай. Знайшоў сабе мову аб’яднаньня”.

Блогер зьмясьціў у сваім дзёньніку спасылкі на аўдыёзапісы экзарцызмаў – набажэнстваў, у часе якіх выганяюць д’ябла.

Такія набажэнствы ладзяць у Беларусі ў царкве вёскі Сьмілавічы, што на Меншчыне, а таксама ў Спаса-Праабражэнскім манастыры, што ў вёсцы Хмелева ў Жабінкаўскім раёне.

* * * Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG