Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэнскі Берыя адпраўлены ў адстаўку


Юры Дракахруст, Прага Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў звольніў сваім указам кіраўніка службы бясьпекі прэзыдэнта Акмурата Рэджэпава, які займаў гэтую пасаду 17 гадоў.

У афіцыйным паведамленьні пра адстаўку Рэджэпава гаворыцца, што ён пераведзены на іншую працу, аднак не паведамляецца на якую. На думку расейскага экспэрта ў пытаньнях Цэнтральнай Азіі Арцёма Улуняна, хутчэй за ўсё Рэджэпаў нейкую пасаду ўсё ж атрымае, але будзе рашуча адхілены ад рэальнай улады.

“Гэта спроба цяперашняга кіраўніцтва ў асобе прэзыдэнта, міністра абароны, а таксама міністра ўнутраных справаў фактычна гарантаваць сабе бясьпеку ад любых нечаканасьцяў з боку Рэджэпава, – лічыць Арцём Улунян. – Перавод Рэджэпава можа азначаць ня столькі падвышэньне, колькі рэальнае зьмяншэньне ягоных паўнамоцтваў, перавод на нязначную, але выключна ганаровую пасаду, як гэта звычайна прынята ў дзяржавах з аўтарытарна-таталітарнымі рэжымамі”.

Арцём Улунян: “Гэта спроба цяперашняга кіраўніцтва фактычна гарантаваць сабе бясьпеку”.
21 год, яшчэ з савецкай пары, Туркмэністанам самаўладна кіраваў адзін з самых жорсткіх дыктатараў сучаснасьці Сапармурад Ніязаў – Туркмэнбашы. І 17 апошніх гадоў за ягонай сьпінай стаяў Акмурат Рэджэпаў, адна з самых уплывовых і змрочных асобаў рэжыму, шэф дзьвюх тысяч ахоўнікаў прэзыдэнта.

Калі тры месяцы таму Ніязаў раптоўна памёр, тое, што ягоным пераемнікам стаў міністар аховы здароўя Бэрдымухамэдаў, стала яшчэ адной нечаканасьцю. Шмат хто з экспэртаў меркаваў, што Бэрдымухамэдаў здолеў стаць на чале дзяржавы менавіта дзякуючы падтрымцы шэфа прэзыдэнцкай службы бясьпекі, што менавіта Рэджэпаў будзе рэальным гаспадаром краіны за сьпінай намінальнага прэзыдэнта Бэрдымухамэдава.

Аднак цяперашні прэзыдэнт паказаў, што цярпець побач з сабой патэнцыйна небясьпечнага суперніка ён ня будзе. Пры гэтым, калі Бэрдымухамэдаў і сапраўды быў абавязаны сваім узвышэньнем Рэджэпаву, гэта было яшчэ больш важкім матывам, каб пазбавіцца свайго “дабрадзея” як мага хутчэй.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што адхіленьне Рэджэпава адбылося неўзабаве пасьля візыту ў Туркмэністан прэзыдэнтаў Казахстану і Расеі Назарбаева і Пуціна. Магчыма, Масква і Астана дапамаглі Бэрдымухамэдаву ва ўмацаваньні ягонай улады ня толькі шляхам дыпляматычнай падтрымкі.

Свэнт Корнэл: “У Туркмэністане, які зьяўляецца мусульманскай дзяржавай, ёсьць пэўная патрэба ў павазе да былога правадыра”.
Пасьля зьмены кіраўніцтва Ашгабад падае сьвету сыгналы аб сваім намеры адмовіцца ад найбольш адыёзнай спадчыны Туркмэнбашы і крыху прачыніць краіну, якая пры Ніязаву была амаль цалкам закрытая і ізаляваная. Але робіцца гэта вельмі паволі.

“У Туркмэністане, які зьяўляецца мусульманскай дзяржавай, ёсьць пэўная патрэба ў павазе да былога правадыра, – тлумачыць швэдзкі аналітык Свэнт Корнэл. – Мы павінны памятаць, што Мікіта Хрушчоў пачаў выкрываць Ёсіфа Сталіна толькі празь некалькі гадоў пасьля сьмерці Сталіна. Такім чынам, мы бачым у Туркмэністане схільнасьць да пераменаў, якія, аднак, будуць вельмі паступовымі”.

Калі працягваць аналёгію Свэнта Корнэла, то варта прыгадаць, што Лаўрэнція Берыі пасьлясталінскае кіраўніцтва пазбавілася амаль адразу. І Рэджэпаву моцна пашанцуе, калі яго не спасьцігне лёс Берыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG