Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>Улады змагаюцца са спадарожнікавымі талеркамі</B>


Іна Студзінская, Менск Падчас традыцыйнага веснавога аб’езду сталіцы мэру Менску Міхаілу Паўлаву не спадабалася вялікая колькасьць спадарожнікавых талерак і кандыцыянэраў на фасадах цэнтральных вуліц. Гэтыя прылады нібыта псуюць выгляд гораду — таму гарадзкія ўлады пачалі барацьбу са спадарожнікавымі талеркамі. Пакуль уладальнікаў спадарожнікаў папярэджваюць.

Чыноўнікі сьцьвярджаюць, што больш за дзесяць гадоў існуюць нарматыўныя акты, якія дакладна вызначаюць правілы ўсталяваньня складаных тэхнічных прыстасаваньняў.

Ёсьць рашэньне Менгарвыканкаму ад 10 сакавіка 1994 году №164 “Аб упарадкаваньні разьмяшчэньня індывідуальных антэнаў, праграмаў тэлебачаньня са штучнага спадарожніка Зямлі”.

Дакумэнт вызначыў пералік праспэктаў і вуліцаў, дзе забаронена ўсталёўваць антэны на фасадах дамоў. А цяпер толькі дайшла справа да ўпарадкаваньня, кажа супрацоўнік “Менскіх гарадзкіх тэлевізійных сетак” Сяргей Нікалюк:

“Проста з цэнтральных вуліцаў вырашылі прыбраць талеркі, каб не псавалі зьнешняга выгляду будынкаў. Цяпер ідзе рамонт фасадаў — рамантуюць, горад укладае шалёныя грошы. А нейкаму дзядзечку захацелася, і ён на адрамантаваны фасад, на які падбіралі колер, распрацоўвалі эстэтыку, вешае паўтарамэтровую антэну ў цэнтры. Калі ласка, ёсьць дах, на які можна ставіць антэны. Ніхто не забараняе ўсталёўваць талеркі на даху”.

Але людзі, якія спрабавалі паставіць талерку, кажуць, што гэта ня так проста. Ірына Слаўнікава днямі паспрабавала ўзяць ключ ад гарышча ў ЖЭСе:

“Мне сказалі: “Вы павінны напісаць заяву на імя галоўнага інжынэра ЖЭСу з указаньнем прозьвішча, нумару ліцэнзіі майстра, які будзе ставіць талерку, і мы будзем вырашаць — дазволіць ці не”. Раней такога не было.

І гэта наводзіць на думку, што Польшча заявіла пра пачатак у кастрычніку вяшчаньня на Беларусь спадарожнікавага каналу. Я ня думаю, што гэта выпадковае супадзеньне: рашэньне разабрацца з талеркамі і пачатак вяшчаньня”.

Начальнік тэхнічнага аддзелу Ўпраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму Аляксандар Каралёў кажа, што яшчэ адна прычына, каб упарадкаваць сытуацыю з талеркамі — бясьпека.

“Па-першае, гэта паруснасьць. Трэба ўлічваць трываласьць фасаду будынку: вытрымае або не. Гэта зьвязана зь бясьпекай эксплюатацыі: калі ўпадзе, некага траўмуе — хто будзе адказваць? Хто мантажаваў, хто ўсталёўваў? Гэта вялікае пытаньне”.

У сьнежні 2006 году была прынятая пастанова Савету Міністраў №1805 “Аб парадку пераўсталяваньня і пераплянаваньня жылых памяшканьняў”.

З 1 сакавіка ўступіў у сілу новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Паводле артыкулу 21.13 “Парушэньне архітэктуры фасадаў будынкаў, усталяваньне без дазволу альбо з парушэньнямі спадарожнікавых антэнаў” караецца штрафам ад 2 да 15 базавых велічыняў.

Пакуль уладальнікаў спадарожнікаў толькі папярэджваюць. Празь месяц абяцаюць пачаць штрафаваць.

• Лідзкія камунальнікі змагаюцца з сатэлітнымі антэнамі, 23.04.2007
XS
SM
MD
LG