Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўплывае адзінства РПЦ на сытуацыю ў Беларусі?


Галіна Абакунчык, Менск Патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Аляксій ІІ і першаярарх Расейскай праваслаўнай царквы ў замежжы Лаўр 17 траўня падпішуць “Акт аб кананічных зносінах і аднаўленьні адзінства ў Памеснай Расейскай праваслаўнай царкве”. Як гэтае аб’яднаньне паўплывае на дзейнасьць Беларускага экзархату расейскай праваслаўнай царквы, а таксама рэлігійную сытуацыю ў Беларусі?

Ідэя аб’яднаньня цэркваў зьявілася яшчэ ў 1980-я, а шчыльныя перамовы ў гэтым кірунку доўжыліся ад 2003 году, кажа прадстаўнік Беларускага экзархату, архімандрыт Аляксей Шынкевіч. Падпісаньне дамовы ён называе надзвычай важнай падзеяй у жыцьці царквы:

“Для нас гэта вельмі, вельмі станоўчая зьява ў жыцьці царквы ў XXІ стагодзьдзі. Я лічу, што на царкоўны стан жыцьця ў Беларусі гэта ня будзе мець такога значнага ўплыву. Але агульны настрой будзе вельмі добры, сьвяточны”.

Расейскую праваслаўную царкву ў замежжы стварылі расейскія эмігранты ў часе грамадзянскай вайны. Тагачасны патрыярх Ціхан заявіў, што цэрквы будуць дзейнічаць асобна да тае пары, пакуль царква ў Расеі не пазбавіцца “бязбожнай улады”.

Паводле архімандрыта Аляксея Шынкевіча, у гэтым пытаньні супярэчнасьці так і не разьвязаныя:

“Самая значная супярэчнасьць — гэта стаіць пытаньне пра тое, каб царква заўсёды стаяла на пазыцыях Хрыста. Каб у пытаньнях веры не ішла ні на якія кампрамісы з уладамі. І другая праблема — экумэнізму, калі ў зман уводзяцца праваслаўны народ, які ад веку быў праваслаўны”.

Аб’яднаньне цэркваў і далейшае супрацоўніцтва зь Беларускім экзархатам у Камітэце ў справах рэлігіяў не камэнтуюць. Гаворыць кіраўнік аддзелу камітэту Міхаіл Рыбакоў:

“Па-першае, гэта іх пытаньне, і мы да гэтага ня маем ніякага дачыненьня. Тым больш, што гэтае пытаньне яшчэ толькі прапрацоўваецца, і рана пра нешта казаць”.

Сьвятар аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Беларусі айцец Леанід Акаловіч мяркуе, што за аб’яднаньнем стаіць імкненьне маскоўскага патрыярхату да ўзмацненьня ўплыву ў сьвеце, і для Беларусі тут нічога добрага няма:

“Імпэрыялізацыя і глябалізацыя маскоўская. Кіраваць, фактычна усёй праваслаўнай царквой і падмяніць Канстантынопальскі патрыярхат, перанесьці цэнтар у Маскву. А для нас, беларусаў, як не было карысьці, так і ня будзе. Не было брацтва, і ня будзе — я ня бачу, на жаль”.

У Беларускім экзархаце спадзяюцца на тое, што кансэрватызм царквы ў замежжы дапаможа лепш захоўваць адвечныя царкоўныя каноны. Гэты ж кансэрватызм можа яшчэ больш разьяднаць праваслаўных зь іншымі канфэсіямі, кажа адміністратар царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін:

“Праваслаўная царква за мяжой — яна больш кансэрватыўная, чым нават расейская праваслаўная царква. Царква за мяжой забараняе мець зносіны зь вернікамі іншых канфэсіяў, і гэта яшчэ больш строга, чым у праваслаўных расейцаў. Таму чакаць паляпшэньня сытуацыі, якую мы бачым сёньня, нельга”.

Больш аптымістычна на аб’яднаньне праваслаўных цэркваў глядзіць каталіцкі філёзаф, брат-дамініканец Пётра Рудкоўскі:

“Раптоўных зьменаў, пэўна, ня будзе. Але эвалюцыйна ўплыў замежнай царквы, пэўна, будзе заўважацца. І найхутчэй — у кірунку адкрытасьці. Бо там цягам стагодзьдзяў ужо выпрацавалася традыцыя існаваньня сярод іншых культураў, дыялёгу з гэтымі культурамі і інтэлектуальнымі плынямі. Таму, думаю, што імпарт адкрытасьці будзе заўважацца і ў беларускай праваслаўнай царкве”.

Расейская праваслаўная царква ў замежжы ўтварылася ў выніку грамадзянскай вайны ў Расеі. У 1919 годзе ў Стаўрапалі, дзе стаяла Белая армія, было утворанае Часовае найвышэйшае царкоўнае ўпраўленьне. Пасьля перамогі Чырвонай арміі новая царква пераехала спачатку ў Турцыю, потым у Сэрбію, дзе ў 1921 годзе было афіцыйна абвешчана пра стварэньне Расейскай праваслаўнай царквы замежжа.

У 1927 годзе гэтая царква перарвала ўсе кананічныя сувязі з памеснай царквой з цэнтрам у Маскве, заявіўшы, што апошняя знаходзіцца пад кантролем бязбожных бальшавікоў.

Магчымасьць узьяднаньня зьявілася пасьля падзеньня камуністычнай улады ў 1991 годзе. У 2000 годзе сабор Расейскай праваслаўнай царквы далучыў да сьвятых апошняга расейскага цара Мікалая ІІ і сотні іншых асобаў, якія сталі ахвярамі камуністычнага тэрору.

У верасьні 2003 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сустрэўся ў Нью-Ёрку зь першаярархам Расейскай праваслаўнай царквы замежжа, мітрапалітам Лаўрам, і запрасіў яго наведаць Расею. Тады ж, у 2003 годзе, дзьве царквы ўтварылі камісію, каб распрацаваць пагадненьне аб аб’яднаньні.
XS
SM
MD
LG