Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіч: “Аснова нашай стратэгіі — эўрапейскі выбар”


Ганна Соўсь, Менск Каардынатары Эўрапейскай кааліцыі прапануюць на разгляд Кангрэсу дэмакратычных сілаў альтэрнатыўны праект стратэгіі аб’яднаных дэмсілаў. Яны лічаць неканструктыўнымі выкладзеныя ў праекце кааліцыйнай стратэгіі спадзяваньні, што рэжым павернецца да дэмакратыі й пойдзе на перамовы з уладамі. Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка называе гэтую прапанову палітычнай гульнёй. Паводле яго, у кааліцыйнай стратэгіі ёсьць усё, што патрэбна для арганізацыі дзейнасьці дэмакратычных сілаў.

Рашэньне вынесьці альтэрнатыўны праект стратэгіі на кангрэс прынялі 15 траўня ў часе сустрэчы каардынатараў Эўрапейскай кааліцыі.

У сустрэчы бралі ўдзел старшыня аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч, старшыня аргкамітэту Партыі свабоды й прагрэсу Ўладзімер Навасяд і прадстаўнік аргкамітэту “Маладога фронту” Валеры Мацкевіч.

Палітзьняволены Мікола Статкевіч патлумачыў “Свабодзе”, чым адрозьніваецца прапанаваная Эўрапейскай кааліцыяй стратэгія ад той, што падрыхтавалі ініцыятары Кангрэсу.

“Асноўнае адрозьненьне ў тым, што ў стратэгіі, якая была прапанаваная першай, ёсьць спадзяваньні на эвалюцыю рэжыму ў бок дэмакратыі й спадзяваньне на перамовы. Мы зрабілі аналіз унутранай лёгікі разьвіцьця гэтага рэжыму й прыйшлі да высновы, што эвалюцыя ў бок дэмакратыі немагчымая.

Людзям трэба прапанаваць тое, што кранае асабіста іх пэрспэктывы. Для самай актыўнай, адукаванай часткі беларускага насельніцтва вельмі важны й актуальны эўрапейскі выбар, эўрапейская інтэграцыя, якая дае шанцы ў жыцьці маладым. І таму аснова і складнік нашай стратэгіі — гэта эўрапейскі выбар”, — адзначае Мікола Статкевіч.

“Думаю, што ў стратэгіі будуць улічаныя і прапановы “Маладога фронту”

У інтэрвію “Свабодзе” адзін зь лідэраў “Маладога фронту” палітвязень Павал Севярынец назваў “бязвольнай” стратэгію, прапанаваную Палітрадай аб’яднаных дэмсілаў.

“Мне не падабаецца стратэгія, у якой аб’яднаныя дэмакратычныя сілы сядзяць і чакаюць ля мора надвор’я. Заклікі да эвалюцыі — гэта толькі прыгожая форма таго бязьдзеяньня, якое мы назіралі апошні год з боку аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Праект, распрацаваны Міколам Статкевічам і прапанаваны Эўрапейскай кааліцыяй, заснаваны на дзеяньні, на мабілізацыйнай кампаніі. Думаю, што там будуць улічаныя й прапановы “Маладога фронту”, якія тэхналягічна расьпісваюць больш падрабязна крок за крокам рух да магутнай інфармацыйнай кампаніі і эўрапейскую пэрспэктыву Беларусі.

Усё гэта больш ясна фармулюе задачы дэмакратычных сілаў. На мой погляд, дэмакратычныя сілы мусяць сапраўды браць на сябе адказнасьць за сытуацыю ў Беларусі”, — кажа Павал Севярынец.

“Крытыка, быццам бы гэта стратэгія чаканьня, — абсалютна несправядлівая”

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначае, што ў стварэньні кааліцыйнай стратэгіі ўдзельнічалі альбо мелі магчымасьць удзельнічаць прадстаўнікі ўсіх суб’ектаў кааліцыі.

“У кааліцыйнай стратэгіі, якая цяпер абмяркоўваецца, асноўным ёсьць якраз дзейнасны падыход. І крытыка ў яе адрас, быццам бы гэта стратэгія чаканьня — абсалютна несправядлівая. Там ёсьць усё, што патрэбна для арганізацыі дзейнасьці і для стварэньня канкрэтнага пляну дзейнасьці.

Таму, я думаю, што гэта хутчэй палітычныя гульні, чым насамрэч стратэгічная дыскусія. Думаю, што гэта ня вельмі канструктыўна — замест таго, каб удзельнічаць у супольным абмеркаваньні і ўзгадненьні тэксту загадзя, вось так у апошні момант выносіць нейкі свой тэкст. Гэта палітычны піяр”, — лічыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Другі Кангрэс дэмакратычных сілаў адбудзецца ў Палацы культуры Менскага аўтазаводу 26-27 траўня. Менавіта ў гэтым будынку ў кастрычніку 2005 году прайшоў папярэдні Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім Аляксандар Мілінкевіч быў вылучаны адзіным кандыдатам ад дэмсілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 году.

Згодна з рашэньнем дэлегатаў рэгіянальных канфэрэнцыяў дэмакратычную кааліцыю ачоляць сустаршыні. Аляксандар Мілінкевіч выступіць на Кангрэсе, але вылучацца ў сустаршыні ня будзе. Палітычная рада будзе фармавацца, зыходзячы з квотнага прынцыпу для палітычных суб’ектаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG