Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Членам ЦК КПБ мы колісь зьбівалі з галоваў капелюшы...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 16 траўня).

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста Алеся Марціновіча з Баранавічаў, які зьвярнуў увагу на недаўняе паведамленьне пра тое, што ў Беларусі на сёньня налічваецца ня менш за дзевяць з паловай тысяч даляравых мільянэраў. Хто гэтыя людзі і якія іх дачыненьні з уладай і апазыцыяй?

Вось як адказвае на гэтыя пытаньні Алесь Марціновіч:

“Гэтыя мільянэры — з тандэмнай спайкі намэнклятуры і прадпрымальнікаў. Думаю, што хітры Лукашэнка ня будзіць ліха і мае нейкі таемны канкардат з гэтай новай буржуазіяй, што круціцца вакол вэртыкалі. Гэтыя людзі не вылазяць наверх і ня дражняць просты люд сваім багацьцем, як іх калегі ў Расеі і ва Ўкраіне.

Лукашэнка крычыць пра сацыяльную справядлівасьць дзеля адводу вачэй насельніцтва, а гэтая буржуазія падтрымлівае яго ў патрэбным ёй ключы. Вунь нават Галіну Жураўкову толькі паўшчувалі, але не пасадзілі. А як тут адразу пасадзіць 10 тысяч рэспэктабэльных асобаў?

Новая беларуская буржуазія — людзі кшталту групоўкі Януковіча ва Ўкраіне. Ім патрэбныя заходнія банкі і бізнэс-партнэры і зусім не патрэбнае сяброўства ў Эўразьвязе зь яго букваедзкімі законамі.

Новая беларуская намэнклятура і мафіёзная буржуазія — зьявы заканамерныя.

Новую буржуазію не задаволяць Мілінкевіч і апазыцыя ў тым сэнсе, што гэтыя інтэлігенты-ідэалісты на выбарах давалі нейкія сацыяльныя празаходнія абяцаньні (сацыяльная справядлівасьць, арыентацыя на нормы жыцьця ў Эўразьвязе).

Калі любы прэзыдэнт ад апазыцыі захоча ўводзіць нормы паводле інструкцыяў з Брусэлю і дзеля гэтага “наедзе” на буржуазію ў пляне падаткаў і празрыстасьці даходаў, то яна яго проста не падтрымае на выбарах. Альбо скіне з пасады, наладзіўшы хаос, змову і пераварот у краіне”.


Я прыгадваю, спадар Марціновіч, 1994 год, першыя месяцы прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Тады гучала нямала прагнозаў кшталту вашага — пра несумяшчальнасьць праграмы новай улады і інтарэсаў бізнэсу, пра тое, што новая буржуазія не пацерпіць, калі Лукашэнка адважыцца ажыцьцявіць усё тое, што абяцаў выбарцам, — і згортваньне прыватызацыі, і нацыяналізацыю, і арышты некаторых бізнэсоўцаў…

І што ў выніку? Ці перашкодзіў бізнэс Лукашэнку ажыцьцявіць ягоныя намеры? Не, моўчкі падладзіўся пад новыя правілы гульні (а той, хто не падладзіўся і паспрабаваў плесьці палітычныя інтрыгі, апынуўся ў эміграцыі альбо ў турме).

А што да празрыстых і зразумелых законаў для бізнэсу, то пераважная большасьць бізнэсоўцаў, якая ніяк не зьвязаная з намэнклятурай, пра гэта толькі марыць. І тая сыстэма, што дзейнічае ў краінах Эўразьвязу, іх зусім не палохае — наадварот, служыць прадметам зайздрасьці.

Ліст ад Аляксея Новікава зь вёскі Бердаўка Наваградзкага раёну. Слухач піша:

“Шэрагі прыхільнікаў і слухачоў “Свабоды” на маёй роднай Наваградчыне растуць. Ведаю гэта па сваёй малой радзіме — Усялюбскім пассавеце, а таксама па суседнім Івейскім раёне, дзе я цяпер працую па сваёй аграрнай спэцыяльнасьці.

Івейскі раён — гэта радзіма нашага былога правадыра Зянона Пазьняка, які колісь вёў мяне (і такіх, як я) на штурм беларускага “бальшавіцкага” ЦК. Членам гэтага ЦК мы колісь зьбівалі з галоваў капелюшы і кідалі ў іх акуркі.

Сёлета пасьля даўгога перапынку я зноў наведаў сталіцу — быў пад Менскам на заробках. Будавалі загарадны дом аднаму мясцоваму алігарху. Зноў сустрэўся з горадам свайго юнацтва. Тут колісь я вучыўся ў тэхнікуме, а потым у інстытуце. Тут мяне праводзілі на службу ў войска. Тут спазнаў сваё пераше каханьне. Тут жа яго і страціў…

Ня мог без хваляваньня глядзець на чырвоны сьцяг на тым высокім будынку, дзе колісь лунаў наш бел-чырвона-белы сьцяг. Спадзяюся, што ўбачу тое, як наш сьцяг вернецца, і гэтым разам ужо навечна”.


Дзякуй, спадар Новікаў, за шчыры і эмацыйны ліст. Праўда, успаміны пра штурм ЦК КПБ прыхільнікамі Зянона Пазьняка са зьбіваньнем капелюшоў з высокіх партыйных начальнікаў выклікаюць пытаньні.

Я добра памятаю падзеі жніўня 1991 году. Называць тое, што адбывалася на вуліцах Менску ў дні камуністычнага путчу, штурмам ніяк не выпадае. Хоць пасьля таго, як у Маскве быў разгромлены ГКЧП, настрой у многіх, сапраўды, быў узьнёслы. А ЦК КПБ разваліўся і здаў уладу сам, без усялякіх штурмаў.

Наш даўні слухач і аўтар Анатоль Жэрдзеў з Гомелю ў сваім новым лісьце на “Свабоду” дае ўласную ацэнку нядаўнім гучным падзеям у Эстоніі — вакол пераносу помніка савецкім салдатам з цэнтру Таліна на вайсковыя могілкі:

“На хвалях “Свабоды” за апошні час гучала нямала галасоў у падтрымку эстонскіх уладаў. Адзін слухач (калі не памыляюся, Мікола Канаховіч) нават назваў савецкіх салдатаў “акупантамі”. Мяркую, што слухачы павінны выслухаць і альтэрнатыўную думку.

Дык вось, на мой погляд, калі эстонскія ўлады ставілі за мэту ўнесьці раскол сярод людзей, то яны дасягнулі неверагодных посьпехаў. І расколатае ня толькі эстонскае грамадзтва.

Хвалі палітычнага скандалу, як цунамі, разыходзяцца ва ўсе бакі. Распальваньне эмоцыяў і канфрантацыя паміж цывілізаванымі людзьмі шкодныя для чалавечай супольнасьці. А таму варта глядзець на падзеі праз факты, абапіраючыся на лёгіку, а не на эмоцыі”.


Далей у сваім лісьце Анатоль Жэрдзеў з Гомелю пераказвае шматлікія факты з гісторыі Другой усясьветнай вайны, у гады якой Чырвоная армія панесла найбольшыя страты:

“Як жа была ацэненая нялёгкая праца савецкага салдата? Першымі наплявалі франтавікам у душу крамлёўскія. Як гэта было, ведаюць усе, хто чытаў “Калымскія апавяданьні” Варлама Шаламава і “Архіпэляг ГУЛАГ” Аляксандра Салжаніцына. З тымі, хто застаўся на волі, таксама не цырымоніліся.

Як прыклад, можна згадаць лёс героя-падводніка Аляксандра Марынеска. Баявы манэўр, які ён ажыцьцявіў на падводнай лодцы, патапіўшы варожы лайнэр — гонар гітлераўскага флоту, ня мае аналягаў у ваеннай гісторыі. Аднак у жыцьці гэты чалавек ня любіў згінацца перад начальствам, і за гэта начальства яго не любіла і помсьціла. Ён не атрымаў належнай мэдычнай дапамогі й памёр у галечы.

Затое штабныя жылі цудоўна. Стварылі паслухмяныя бальшавікам вэтэранскія арганізацыі, заправілы якіх ніколі не цікавіліся лёсам простага салдата.

І дагэтуль у расейскіх вярхах нямала асобаў, якія зусім не зацікаўленыя ў праўдзе пра вайну і вэтэранаў. Іх лямант пра непавагу да памяці салдатаў ня больш чым фарысэйства. Плютакратыі выгадна адцягнуць ад сябе ўвагу воклічамі “Трымай злодзея!”.


Маўр зрабіў сваю справу — маўр павінен сысьці, такім прынцпам адносна савецкага салдата кіраваліся бальшавікі. Некаторыя эўрапейцы гатовыя дзейнічаць паводле гэтага ж прыкладу.

…Усе нацыі ўнесьлі пасільны ўклад у перамогу над фашызмам. І ня важна, людзі якой нацыянальнасьці знайшлі спачын у магілах, патрывожаных эстонскімі палітыкамі. Важна тое, што гэтыя людзі загінулі ў бітве зь гітлерызмам”.

Мне, спадар Жэрдзеў, ужо даводзілася выказвацца на гэты конт. Сапраўды, старонак гісторыі не перапішаш.

Але на гэтых старонках — ня толькі гераізм і ахвярнасьць савецкіх салдатаў, але і той бясспрэчны факт, што Чырвоная армія, вызваліўшы народы Ўсходняй Эўропы ад фашызму, пасьля гэтага сваімі штыкамі загнала гэтыя народы ў так званы “сацыялістычны лягер”. І людзі пра гэта не забылі.

Пры гэтым, спадар Жэрдзеў, не даводзіцца гаварыць пра непаважлівае ці зьдзеклівае стаўленьне да магілаў савецкіх салдатаў у Эўропе. І ў Таліне ні Бронзавы помнік, ні магілы ня зьнішчаныя. Парэшткі загінулых — там, дзе ім і належыць быць у хрысьціянскай краіне — на вайсковых могілках.

А тое, якія манумэнты павінны стаяць на цэнтральных вуліцах і плошчах сваёй сталіцы, якіх асобаў павінна ўшаноўваць нацыя — эстонцы як-небудзь вырашаць самі. Дыктаваць ім гэта не павінны ні Масква, ні Брусэль, ні хто-небудзь іншы.

На заканчэньне кароткі ліст, які пакіну бэз камэнтароў. Нам піша Ігар Сьцябуля зь Менску:

“Вельмі спадабаліся нядаўняе інтэрвію кіраўніка беларускага рок-гурта “Крама” Ігара Варашкевіча і начная чытанка ад барда Віктара Шалкевіча. Хачу сказаць Ігару, што беларуская “Крама” нават лепш за расейскую “Машину времени”.

Прачытаў кнігу Аляксандра Лукашука “Прыгоды АРА ў Беларусі”, што выйшла ў “Бібліятэцы Свабоды”. Разважаючы пра тое, як ставілася да дзейнасьці АРА тагачасная бальшавіцкая ўлада і як ставіцца да грамадзкіх ініцыятываў і апазыцыі ўлада цяперашняя, міжволі прыходзіш да высновы, што з таго часу мала што зьмянілася.

Уціск на палітычных апанэнтаў такі ж, як быў на АРА ў 1918—1925 гадах з боку маскоўскіх бальшавікоў, і асабліва з боку таварыша Ландэра”.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG