Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“А мы прапануем зьняць ільготы для міліцыянтаў...”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 16 траўня, сераду. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Сталы слухач: “Цяпер ідзе кампанія па барацьбе зь ільготамі. Я зноў хачу сказаць, што гэтыя пытаньні трэба вырашаць штодзённа, пастаянна. Бяз шуму. Ёсьць у гэтай барацьбе сэнс. Напрыклад, учора слушна адзін спадар казаў пра тое, што скончылася вайна, мы ведаем, колькі было партызанаў…

Прайшло столькі год, а партызанаў ня толькі не паменшылася, натуральна, паміраюць ад ранаў ці ад іншага, а наадварот, павялічваецца колькасьць. Гэта значыць, што яны ходзяць бессаромным чынам строем, яму тады было 3-5 год, маці і тата ўзялі ў яго ў лес. Але прайшлі гады і, як гэта ў нас павінна быць, бярэ двух сьведкаў, падпіўшы як сьлед, яны кажуць, што насамрэч быў у нас такі, нягледзячы на ўзрост. Тое дзіцё і паняцьця ня мела, што да чаго, а цяпер ён ужо партызан, ён герой, ён вэтэран і гэтак далей. З гэтым слушна. Але што тычыцца “чарнобыльцаў,” здымаць зь іх ільготы – гэта злачынства, ці ў інвалідаў здымаць ільготы – гэта злачынства”.

Спадар: “Ня ведаю, хто з палітыкаў зьяўляецца лепшым акторам, але горшым зьяўляецца Лукашэнка. Калі ён хлусіць перад людзьмі, якія ведаюць, што ён хлусіць, ён пастаянна насоўкай пацірае сваю лысіну і твар. Нагадаю яго з Пуціным інтэрвію расейскім журналістам наконт кошту на газ для насельніцтва Беларусі. Калі ж ён у чарговы раз хлусіць свайму народу, у яго ні адна цягліца не здрыганецца. А калі ён нібыта разьюшаны сваімі халуямі вэртыкальнымі, якіх ён так песьціць, тады мы бачым жывёльны выскал. Дзякуй”.

Спадар: “Паважнае Радыё Свабода, вось Лукашэнка і яго “палатка прадстаўнікоў” рыхтуюць закон аб пазбаўленьні многіх ільгот для інвалідаў, чарнобыльцаў і іншых бедных людзей. А мы прапануем зьняць ільготы для міліцыянтаў, якія маюць вялікія аклады, адзеньне і іншае. Яшчэ ў 1995-м годзе сваім указам Лукашэнка вызваліў работнікаў міліцыі ад аплаты за праезд у гарадзкім і прыгарадным транспарце, а гэта каля 30 мільярдаў рублёў штогод з разьліку 20 тысяч рублёў на аднаго чалавека ў месяц, а ўсяго больш за 100 тысяч міліцыянтаў. А вайскоўцы і пагранічнікі такой ільготы ня маюць. А для адмены ільготаў для міліцыі трэба, каб Лукашэнка адмяніў свой указ. І ня трэба ніякага закону. Дык хай Лукашэнка дасьць прыклад, і мы тады пабачым, як ён дбае пра просты народ. Дзякуй за ўвагу. Жадаю Вам новых частот і новых магутнасьцяў”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства, Радыё Свабода! Добры вечар. Я яшчэ раз вырашыў зьвярнуцца да нашых шаноўных спадароў Лябедзькі і Калякіну. Выкіньце думку пра правядзеньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Сёньня галоўнае пытаньне, як адхіліць нашага галоўнага начальніка Беларусі, які займае пасаду насуперак канстытуцыі. Паўтараю: павінен быць адзін лідэр, а ўсе астатнія працуюць на яго. Я разумею, Вашы амбіцыі вышэй усялякай практычнай працы. Нам балюча за Вашы дзеяньні. Апусьціцеся на зямлю, Беларусь у небясьпецы. Я вельмі баюся, каб Беларусь ня стала калёніяй расейскай мафіі. Жыцьцёвы ўзровень народу будзе ўсё пагаршацца з кожным днём, Вось дзе мора працы. Мілінкевіча Аляксандра прызнаў увесь сьвет як лідэра Беларусі. Іншы нам не патрэбен. Асобныя гора-палітыкі кажуць: “Трэба спрабаваць калектыўнае кіраўніцтва”. Гэта значыць, аказацца ля разьбітага карыта. Жыве Беларусь!”

Спадар: “Хачу выказаць меркаваньне наконт ільгот. Я падтрымліваю ліквідацыю ўсіх ільгот, менавіта ўсіх. А даць добра заробак і пэнсіі, калі людзі гэта заслужылі. А то атрымліваецца, што які-небудзь недарэка зь міліцыі ці з войску атрымлівае пэнсію ў сорак пяць год, і цудоўную пэнсію, адгуляўшы ўсё жыцьцё ў аддзеле ці ў ваенкамаце, адпачываючы на працы больш, чым просты працаўнік, які гэтых шэршняў утрымлівае сваёй працай. Дзякуй”.
XS
SM
MD
LG