Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Босьнія складзе канкурэнцыю Беларусі</B>


Алена Струвэ, Менск 17 траўня галасаваньне па кандыдатурах у Раду ААН у правох чалавека ад Усходняй Эўропы пройдзе на альтэрнатыўнай аснове. У апошні момант пра свой намер удзельнічаць у выбарах заявіла Босьнія й Герцагавіна. Разам зь Беларусьсю і Славеніяй Босьнія будзе прэтэндаваць на два вольныя месцы ва ўсходнеэўрапейскай сэкцыі. Камэнтатары адзначаюць: “Босьнія зрабіла падобны крок пад уплывам шматлікіх праваабарончых арганізацый дзеля таго, каб прадухіліць уступ Беларусі ў Раду правоў чалавека ААН”.

Паводле амэрыканскага інтэрнэт-выданьня Huffingtonpost “галасаваньне супраць Беларусі – гэта галасаваньне за Раду ААН”. Як піша выданьне, папярэдняя правабарончая структура ААН – Камісія ў правох чалавека – выклікала нямала крытыкі і “нагадвала ліс, якія ахоўваюць куратнік”. Калі год таму ААН вырашыла ў мэтах выпраўленьня сытуацыі стварыць новы праваабарончы орган, многія віталі гэта. Але ж сяброўства ў новай Радзе такіх далёкіх ад дэмакратычных каштоўнасьцяў краін як Кітай, Расея, Куба, Судан і намінацыя на выбарах на безальтэрнатыўнай аснове Беларусі, дзе “з правамі чалавека найгорш у Эўропе”, выклікала вялікае расчараваньне сярод палітыкаў і праваабарончых групаў.

Huffingtonpost піша: “Выбары 17 траўня наўрад ці можна назваць выбарамі. Зь пяці рэгіянальных груп ААН тры прапанавалі так званыя “чыстыя” альбо ўзгодненыя "сьпісы" кандыдатаў. У выніку астатнім сябрам Рады не застаецца нічога іншага, як прыняць умовы. Выключэньнем стала хіба што Босьнія, якая заявіла пра намер выставіць сваю кандыдатуру. Гэта дае спадзявацца, што Беларусь – краіна з найгоршым станам правоў чалавека сярод іншых прэтэндэнтаў – ня зойме месца ў Радзе”.

У размове са Свабодай вядомы нямецкі дыплямат, старшыня няўрадавай бэрлінскай арганізацыі “Правы чалавека ў Беларусі” Ганс-Георг Вік сказаў, што таксама хацеў бы верыць у гэта:

“Мне, канешне, хацелася б спадзявацца на тое, што адбудуцца выбары, у выніку якіх кандыдатура Беларусі ня пройдзе, аднак дастатковых аргумэнтаў, каб быць упэўненым у гэтым, у мяне няма”.

Паводле дыплямата, ён вельмі зьдзіўлены тым, што адбываецца, бо “ў многіх праваабаронцаў былі пэўныя спадзяваньні. Неаднаразова заяўлялася, што сябрам Рады ніколі ня будзе прапанаваная краіна, якая не адпавядае высокім стандартам у пытаньні правоў чалавека"

Тым часам пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэнэве Сяргей Алейнік у размове зь БелТА заклікаў Раду ААН “адыйсьці ад палітыкі канфрантацыі і засяродзіць свае намаганьні на канструктыўным узаемадзеяньні”. “Мы маем унікальны шанец па-новаму паглядзець на рэчы, пабудаваць новую ўнівэрсальную сыстэму ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека”, – заявіў С.Алейнік.

Гл. таксама

• Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да дзяржаваў – сябраў ААН

• Камітэт ПАРЭ: Беларусі ня месца ў Радзе ААН у пытаньнях правоў чалавека

• Праваабаронцы крытыкуюць працэдуру галасаваньня ў ААН
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG