Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Льготы пачнуць касаваць ужо праз тыдзень


Ігар Карней, Менск 23 траўня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пачнуць разглядаць законапраект аб адраснай сацыяльнай дапамозе і ўпарадкаваньні льготаў. На практыцы рэвізія азначае, што дапамога будзе аказвацца толькі тым катэгорыям насельніцтва, чый месячны прыбытак на аднаго чалавека ў сям’і не перавышае 60% базавага пражытковага мінімуму, альбо крыху больш за 100 тысяч рублёў. Пакуль толькі дзьве сацыяльныя групы пратэстуюць супраць новаўводзінаў, ініцыяваных асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта – студэнты й інваліды, якія ладзяць акцыі ў абарону сваіх правоў.

Аляксандр Лукашэнка ня раз паўтараў: маўляў, людзі самі прасілі яго навесьці парадак у льготах. А таму хутка на зьмену састарэлай сыстэме прыйдзе нібыта прагрэсіўная адрасная дапамога. Тады пэнсіянэры, студэнты, інваліды шмат з чым звыклым разьвітаюцца.

Пэнсіянэры маўчаць, студэнты зьбіраюць подпісы

энсіянэры, у спадзяваньні на тое, што зь імі дрэнна дзяржава не абыдзецца, пакуль маўчаць. Актыўнасьць студэнтаў зьнешне не такая заўважная, як, напрыклад, нядаўняя гучная акцыя вазочнікаў (адрозна ад ужо пакрыўджаных інвалідаў, студэнтаў могуць папросту адлічыць з ВНУ). Тым ня менш, блізу 5 тысяч навучэнцаў пры прававой падтрымцы Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК) на ўзроўні подпісаў пазыцыю супраць скасаваньня льготнага праезду ўжо выказалі. Нядаўна павінна была адбыцца сустрэча студэнцкага актыву з рэктарам Белдзяржунівэрсытэту Васілём Стражавым, каб вырашыць пытаньне з легалізацыяй зборшчыкаў на тэрыторыі БДУ. Але ва ўпраўленьні выхаваўчай працы з моладзьдзю БДУ дыялёг палічылі лішнім.
”Яны проста хаваюцца і ня хочуць размаўляць на гэты конт”
“Адказалі так: нам не патрэбныя пасярэднікі, каб разьбірацца з нашымі пытаньнямі; пасярэднікі паміж студэнтамі і адміністрацыяй ВНУ, – расказвае старшыня камісіі ў справах моладзі БХК Тацяна Гацура. – Мы расцэньваем гэта адназначна: кіраўніцтва ВНУ ня мае чаго сказаць на наш запыт, на наш ліст. Хоць яны мусяць разумець: гэта права, гарантаванае заканадаўствам. Але ім проста няма чаго сказаць, бо няма ніякай матывацыі, няма ніякага закону, паводле якога яны могуць забараняць гэта рабіць. Таму мы лічым: яны проста хаваюцца і ня хочуць размаўляць на гэты конт”.

Студэнтам прапануюць зьвяртацца да Лукашэнкі

Студэнтам таксама прапануецца напісаць асабістыя звароты на імя Аляксандра Лукашэнкі і старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у адукацыі, навуцы і культуры Ўладзімера Здановіча. На мінулым тыдні некалькі сотняў пэрсанальных зваротаў адправілі ў адміністрацыю прэзыдэнта. Як потым аказалася, лісты па дарозе нібыта страціліся. Падобная сытуацыя паўтараецца і з заканадаўцамі – спробы трапіць на прыём да старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва плёну ня мелі (кажуць, той прымае толькі раз на месяц). Раіцца са студэнцкім актывам дэпутаты таксама не жадаюць.

У гэтым зьвязку 20 траўня на плошчы Бангалёр маецца адбыцца студэнцкая акцыя. Тацяна Гацура, якая падала заяўку ў Менгарвыканкам на яе правядзеньне, кажа: збор будзе мець непалітычны характар і пройдзе пад лёзунгамі “Мы супраць скасаваньня льгот”. Лягатыпам мерапрыемства, дарэчы, “заяц” – сымбаль безьбілетнага праезду.

Дэпутаты студэнтаў не прымаюць

Пакуль жа, як кажа актывістка студэнцкай ініцыятывы ў зборы подпісаў Валерыя Саўчанкава, дэпутаты паводзяць сябе вельмі стрымана. Учора дэлегацыя студэнтаў спрабавала атрымаць аўдыенцыю ў свайго дэпутата Генадзя Давыдзькі, былога кіраўніка Купалаўскага тэатру. Запытваю – чым завяршыўся паход?
”Пакуль што нічога немагчыма зрабіць...”
“Яго на месцы не аказалася, была толькі намесьніца. Мы перадалі ёй подпісы, а таксама ліст ад БХК, у якім камітэт зьвяртаецца да дэпутата з просьбай, каб ён што-небудзь зрабіў для студэнтаў. Намесьніца дэпутата таксама ўдакладніла: пакуль што нічога немагчыма зрабіць, але 23-га, у часе паседжаньня, дэпутатам можна будзе ўнесьці нейкія прапановы. А нам трэба будзе дазнавацца: унёс Давыдзька гэтыя прапановы, альбо не? І яшчэ адзін хлопчык хадзіў да дэпутата Шокава, але пра вынікі візыту пакуль зьвестак няма. А яшчэ намесьніца дэпутата сказала: магчыма і такое, што тыя дэпутаты, да якіх мы будзем зьвяртацца, разам будуць працаваць на карысьць студэнтаў”.

Пры канцы красавіка адбылася сустрэча студэнцкага актыву ў зборы подпісаў за захаваньне ільготаў з прадстаўнікамі гарадзкога і ўнівэрсытэцкага (БДУ) БРСМ. Тады “новыя камсамольцы” заявілі, што ўспрымаюць праблему студэнтаў як асабістую і абяцалі на сваім узроўні заняцца пытаньнем – ажно да падрыхтоўкі адмысловага звароту да Палаты прадстаўнікоў. Аднак за тыдзень да пачатку разгляду законапраекту ніхто з зацікаўленых структураў так і не пахваліўся дасягнутымі ў гэтым кірунку посьпехамі.

Гл. таксама

• Студэнты зьбіраюць подпісы за захаваньне льгот на праезд

Зборшчыкі подпісаў заўсёды ў эпіцэнтры ўвагі

XS
SM
MD
LG