Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына супраць выключэньня Беларусі з сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцый ЭЗ?


Паводле БЕЛТА "Мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб перамовы завяршыліся пасьпяхова, і справа не дайшла да выключэньня Беларусі з сыстэмы прэфэрэнцый", – заявіў сёньня Пэтэр Лёрэнц, кіраўнік аддзелу па супрацоўніцтву з краінамі СНД нямецкага міністэрства эканомікі.

Паводле яго, нямецкі бок сочыць за дыскусіяй, што цяпер вядзецца паміж Рэспублікай Беларусь і Эўразьвязам па пытаньнях Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый Зьвязу.

Спадар Лёрэнц узначальваў нямецкую дэлегацыю на паседжэньні беларуска-нямецкай рабочай групы па гандлю і інвэстыцыях.

Варта нагадаць, што ў сьнежні мінулага году Рада міністраў Эўразьвязу ўжо выключыла Беларусь з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый. Рашэньне павінна ўступіць у сілу праз два тыдні – у чэрвені. Яно ня ўвойдзе ў моц, калі беларускі бок выканае патрабаваньні Міжнароднай арганізацыі працы адносна становішча прафсаюзаў. Перамовы паміж бакамі працягваюцца, іх і меў на ўвазе Пэтэр Лёрэнц.

Беларускія афіцыйныя прадстаўнікі палічылі пажаданьне посьпеху перамоваў з боку нямецкага прадстаўніка пазыцыяй Бэрліну адносна выключэньня Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый Эўразьвязу. Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі заявіў, што беларускаму боку было "вельмі прыемна чуць аб пазыцыі нямецкай дэлегацыі".
XS
SM
MD
LG