Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анатоль Цітоў: “У мяне ў генах закладзенае імкненьне да веданьня мінулага”


Аляксей Знаткевіч, Прага У панядзелак 14 траўня, у дзень 12-й гадавіны рэфэрэндуму, пасьля якога зьмянілі дзяржаўную сымболіку Беларусі, госьцем Начной Свабоды быў спэцыяліст у галіне беларускай геральдыкі Анатоль Цітоў. Ён выкладае ў Гуманітарна-эканамічным унівэрсытэце і ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, чалец геральдычных таварыстваў Украіны, Польшчы, ганаровы сябра Ўсерасейскага геральдычнага таварыства. Аўтар шматлікіх кніг, навуковых працаў па геральдыцы, генэалёгіі, гісторыі рамёстваў, гістарычнай геаграфіі.

Знаткевіч: “На мінулым тыдні супрацоўнік Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі Леў Крыштаповіч назваў герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг «антыгістарычнай сымболікай». Як бы Вы гэта пакамэнтавалі?"

Цітоў: “Гэта цяжка паддаецца камэнтару, як нейкае шаманскае заклікнаньне... Чаму гэта антыгістарычная сымболіка? Калі гэтая сымболіка мае ўзрост больш чым 700–800 гадоў, калі яна была юрыдычна замацаваная за беларускімі землямі, дык чаму яна антыгістарычная?

Нашыя продкі жылі з гэтай сымболікай з пачатку 15 стагодзьдзя, яна зафіксаваная на сьцягах пад час Грунвальдзкай бітвы. Гэтая сымболіка афіцыйная зацьверджаная Статутам ВКЛ 1566 году, помнікам беларускай юрыдычнай думкі. Там сказана, што кожнаму павету трэба мець пячатку зь гербам "Пагоня". Так што гаварыць аб тым, што гэта антыгістарычная сымболіка – не больш чым заклінаньне. Трэба паважаць гістарычныя факты”.

Знаткевіч: “Крыштаповіч яшчэ сказаў, што цяперашнія дзяржаўныя герб і сьцяг маюць не агрэсіўны, а гуманістычны і міралюбны зьмест – у адрозьненьне ад нацыянальных сымбаляў...”

Цітоў: “Хіба можа нейкая рэч, кампазыцыя мець агрэсіўны характар? Гэта людзі надаюць пэўныя характарыстыкі той ці іншай зьяве. Вершнік зь мячом на Пагоні – гэта абаронца Радзімы. Увогуле было некалькі крыніц, якія ўплывалі на фармаваньне гербу Пагоня і яго замацаваньне. Адной з такіх крыніц былі выявы двух сьвятых, першых усходнеславянскіх сьвятых Барыса і Глеба. Герб Масквы – Георгі Пераможца – гэта іканаграфія сьвятога Глеба. А іканаграфія сьвятога Барыса – гэта рыцар на кані зь мячом”.

Знаткевіч: “А вось іншая цытата: чалец Геральдычнай рады пры прэзыдэнце, доктар гістарычных навук Сяргей Расадзін, сказаў, што “колеры і кампазыцыя дзяржаўнага гербу Беларусі адлюстроўваюць сацыяльны сэнс дзяржавы, заснаванай на веры ў дабро і справядлівасьць...”

Цітоў: “Тут я згадаў бы выраз дзядулі Леніна “прадажныя прафэсары адпрацоўваць казённае жалаваньне”. Вось і ўсё. Не могуць нейкія характарыстыкі надаваць эмацыйнае адценьне таму ці іншаму гербу. Гэта адбываецца ў мазгах чалавека. Тое, што ён хоча бачыць, тое ён і бачыць”.



Знаткевіч: “Вось што людзі на вуліцах Полацку казалі пра тое, што яны б хацелі бачыць на гербе свайго роду. Пракамэнтуйце, калі ласка.”

Цітоў: “Якая ў нас сымбалевая база, такое і мысьленьне ў нашых грамадзянаў. Што значыць мець свой герб? Гістарычна герб надаваўся чалавеку, які праявіў сябе на службе Бацькаўшчыне, а не так, што хтосьці хацеў і намаляваў. Тое ж, пра што людзі кажуць – гэта сымбалі постсавецкай сымболікі. І тыя самыя буслы, і іншае... Так нельга ставіцца да геральдыкі...”

Знаткевіч: “А як Вы ставіцеся да таго, што цяпер мясцовыя ўлады шмат якіх гарадоў і мястэчак ствараюць новыя гербы?”

Цітоў: “Я лічу, што гэта злачынства перад гісторыяй, перад геральдыкай. У Беларусі каля ста гарадоў, якія мелі магдэбурскае права і валодалі спрадвечнымі гербамі. Мы можам толькі наблізіцца да разгадкі, чаму той ці іншы герб стаў графічным, мастацкім увасабленьнем таго ці іншага гораду. Але з упэўненасьцю мы не можам сказаць, чаму гэта было зроблена. А ўсе новыя ўтварэньні – гэта дэвальвацыя геральдыкі і ідэі гарадзкога гербу. За 400 гадоў беларускія гарады атрымалі каля 100 гербаў. Сёньня я ўжо не лічу, колькі новых гербаў створана, бо парабілі гербы гарадам, раёнам, зараз пачалі рабіць гербы сельсаветам, і такім чынам даводзяць да абсурду. Так не можа быць.

Я разумею так: напрыклад, нейкі горад праводзіць Дажынкі, і прэзыдэнт надаў яму герб. Ці адрадзілі спэцыялісты геральдычнай камісіі, калі яны здолеюць гэта зрабіць... А тут робіцца паводле прыцыпу: столь, палец, падлога...”

Знаткевіч: “Апрача геральдыкі, спадар Цітоў, Вы яшчэ і спэцыяліст па сфрагістыцы, навуцы пра пячаткі. Што цікавага можна знайсьці ў пячатках?”

Цітоў: “Кожная пячатка – гэта артэфакт нейкага часу. Але аналіз усёй групы пячатак прыводзіць да вельмі цікавых высноваў. Калі я прааналізаваў больш за тысячу пячатак, то вылучыў такія пэрыяды гісторыі Беларусі, якія не супадалі ні з савецкай пэрыядызацыяй, ні з сёньняшняй. Пячаткі – гэта аб''ектыўнае неідэалягізаванае сьведчаньне гісторыі”.

Знаткевіч: “Мне сказалі, што Вашая маці, якая была гісторыкам, вучыла Вас: “Ніколі не займайся гісторыяй, бо пры кожным новым правіцелі будзеш расказваць новую гісторыю”. Чаму Вы не паслухаліся яе і паступілі на гістарычны факультэт БДУ?”

Цітоў: “У мяне, можа, у генах закладзенае імкненьне да веданьня свайго мінулага. А ўвогуле я шчыра займаўся пэрыядам фэадалізму, які не кранаў ні сучаснасьць, ні капмартыйныя ўлады, але нашыя інтарэсы неяк перасякліся. Першая мая кніга затрымлівалася адпаведнымі ўстановамі сем гадоў... Тым не меней некаторыя прадстаўнікі ўладаў мне дапамагалі, бо бачылі нейкую пэрспэктыву ў геральдыцы”.
XS
SM
MD
LG