Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады далі памяшканьне для правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў


Уладзімер Глод, Менск Кангрэс можа адбыцца ў Палацы культуры Менскага аўтазаводу 26-27 траўня. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе за подпісам намесьніка старшыні Менскага гарвыканкаму М. Мятліцкага заяўнікам Вінцуку Вячорку, Сяргею Калякіну і Анатолю Лябедзьку.

Яшчэ ўчора адміністрацыя гэтай установы адмовіла ў правядзеньні кангрэсу ў Палацы з прычыны таго, што 26 траўня там пройдзе фэст творчасьці дзяцей-інвалідаў. “Я мяркую, што зараз памяшканьне раптоўна будзе вольным”, – выказаў меркаваньне намесьнік старшыні АГП Ігар Шынкарык.

Паводле яго, заўтра старшыня аргкамітэту Кангрэсу Аляксандар Бухвостаў зьвяжацца з адміністрацыяй Палацу культуры МАЗу.

Менавіта ў гэтым будынку ў кастрычніку 2005 году прайшоў папярэдні Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім Аляксандар Мілінкевіч быў вылучаны адзіным кандыдатам ад дэмсілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 году.

Як лічыць намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, “Ва ўладзе існуюць дзьве групы. Адна, якая гатовая нейкімі мінімальнымі саступкамі палепшыць дачыненьні з Захадам, мабыць, цяпер мае больш сілы”.
XS
SM
MD
LG