Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча заблякуе перамовы пра новае пагадненьне між Расеяй і ЭЗ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польшча заблякуе пачатак перамоваў паміж Эўразьвязам і Расеяй у справе новага пагадненьня аб партнэрстве – пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Яраслаў Качыньскі. У практыцы гэта азначае, што з парадку дня саміту Расея-Эўразьвяз, які мае пачацца ў пятніцу ў Самары, зьнікае галоўнае пытаньне.

Расея дагэтуль не адмовілася ад уведзенага напрыканцы 2005 году эмбарга на ўвоз на сваю тэрыторыю польскіх мясных прадуктаў, таму, як заявіў прэм’ер Качыньскі, Польшча будзе блякаваць пачатак перамоваў паміж Масквой і Брусэлем.

Між тым, міністар замежных справаў Польшчы Ганна Фатыга заявіла, што польскія патрабаваньні не абмяжоўваюцца пытаньнямі экспарту ў Расею.

“Мы дамагаемся выпрацоўкі агульнай палітыкі Эўрапейскага зьвязу ў справе энэргетычнай бясьпекі”, – падкрэсьліла спадарыня міністар.

Паводле яе словаў, краіны-сябры Эўразьвязу павінны разам, а не паасобку дамаўляцца з Расеяй у справе паставак энэрганосьбітаў.

Пытаньне аб падпісаньні новага пагадненьня аб партнэрстве паміж Расеяй і Эўразьвязам павінна быць адным з асноўных у Самары. Калі да пачатку перамоваў патрабаваньні Варшавы, а іх падтрымліваюць таксама Літва і Эстонія, ня будуць выкананыя, саміт у значнай ступені згубіць сэнс.
XS
SM
MD
LG