Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Краме” не даюць прэзэнтаваць новы альбом


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускім рок-гуртам “Крама” і “Нэўрадзюбэль” адмовілі ў правядзеньні канцэртаў у менскім начным клюбе “Night Star”. Адмыслоўцы кажуць, што захоўваецца “чорны сьпіс” беларускіх гуртоў, якім улады фактычна забараняюць выступаць — з палітычных прычынаў.

Новы альбом “Крамы” завецца “Ўсё жыцьцё — дзіўны сон”. Аўтар песень Ігар Варашкевіч кажа, што назва адпавядае гісторыі альбому. Дакладна два месяцы таму музыкі падалі заяву ва ўправу культуры сталічнага гарвыканкаму, каб правесьці канцэрт-прэзэнтацыю.

Дазволу дагэтуль няма. Паводле музыкаў, чыноўнікі параілі ім зьвярнуцца ў адміністрацыю прэзыдэнта. Зноў не дачакаўшыся адказу, музыкі дамовіліся зь менскім клюбам “Night Star”. Заплянавалі канцэрт на 30 траўня, але 14-га з клюбу ім паведамілі, што канцэрт не адбудзецца. Чаму?

Паводле адміністратара гурта Паўла Кашырына, дырэкцыі клюбу загад аддалі па тэлефоне. А самі чыноўнікі спасылаюцца на невядомых адмыслоўцаў:

“Галоўная прычына, пра якую я пачуў, гучыць проста абсурдна. Начальнік управы культуры Менгарвыканкаму, якому я даваў плытку з новымі песьнямі “Крамы”, сказаў, што ён даваў яе паслухаць нейкім ідэолягам і тыя сказалі: “Нізкі мастацкі ўзровень”.

Дырэктар клюбу “Night Star” Аляксандар Разумкоў заявіў “Свабодзе”, што нічога ня чуў пра плянаваны канцэрт “Крамы” ў клюбе 30 траўня.

Аляксандар Разумкоў толькі пацьвердзіў, што 17 траўня не адбудзецца канцэрту гурта “Нэўрадзюбэль” — з тэхнічных прычынаў:

“Таму што мы не пасьпяваем зрабіць падлогу. У нас тут ідзе рамонт”.

Лідэр гурту “Нэўрадзюбэль” кажа, што чарговая адмова стала для яго “апошняй кропляй”.

“У гэтым і жах становішча, у якім мы жывем. Быццам ва ўсіх аб’ектыўныя прычыны. Вось учора зачынілі адзін клюб пасьля канцэрту гурта “ZET”. Быццам з аб’ектыўных прычынаў”, — паведаміў Аляксандар Кулінковіч.

У групе “ZET” выступае рок-сьпявак Лявон Вольскі.

Праблемы з правядзеньнем канцэртаў напаткалі й яшчэ адзін малады рок-гурт, які сьпявае па-беларуску, — “IQ-48”. Музыкам давялося зьмяніць залю для канцэрту на ўдвая меншую.

Ці ёсьць “чорны сьпіс” гуртоў, якіх перасьледуюць беларускія ўлады? Начальнік аддзелу культурных установаў Менгарвыканкаму Ўладзімер Анціповіч кажа, што такога сьпісу няма. А чаму клюбы адмаўляюць музыкам у пляцоўках для канцэртаў, яму невядома.

“Ніякага сьпісу няма, я ўжо колькі раз пра гэта казаў. Гурт “Крама” ведае, у чым там прычына. Хай яны самі дамаўляюцца з гэтымі клюбамі”, — паведаміў чыноўнік.

Паводле рок-музыкаў, “чорны сьпіс” забароненых групаў зьявіўся ўлетку 2004 году. У яго трапілі гурты й музыкі, якія ўзялі ўдзел у канцэрце на пляцы Бангалор. Канцэрт ладзілі да заканчэньня другога прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 году.

Гл. таксама Гурт “Крама” плянуе выступіць з канцэнтам 30 траўня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG