Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: Чаму бэнзін у Беларусі каштуе даражэй, чым ва Ўкраіне?


Альгерд Невяроўскі, Менск З учорашняга дня літар бэнзіну А-95 у Беларусі каштуе 2200 рублёў. Ва Ўкраіне літар гэтага паліва (у пераліку на беларускія грошы) — 1750 рублёў. Літар А-92 у Беларусі і ва Ўкраіне адпаведна 1930 і 1640 рублёў. Чаму такая розьніца ў цэнах? Гэтае пытаньне людзям на менскім праспэкце Незалежнасьці задаваў наш карэспандэнт.

Спадар: “Відаць, праблемы з палівам, няма нафты й газу”.

Хлопец: “Верагодней за ўсё, з-за дачыненьняў з Расеяй. Апошнім часам яны пагоршалі. Раней ва Ўкраіне таксама і дэфіцыт бэнзіну быў, цяпер не чуваць пра праблемы”.

Спадар: “Думаю, ён павінен быць аднолькавым у цане. Так не павінна быць”.

Спадарыня: “Відаць, расейцы любяць больш украінцаў, чым беларусаў. Расейцы да іх больш ляяльныя. А наш “бацька” ня вельмі іх любіць”.

Спадарыня: “Цяжка сказаць, мо зьвязана неяк з цэнамі на энэрганосьбіты. Такія пытаньні нашай палітыкі”.

Спадар: “Я думаю, што пра гэта павінен думаць урад. Чаго я пра гэта буду думаць? Я ж не ва ўрадзе, я просты чалавек. Няхай ва ўрадзе разьбіраюцца”.

Хлопец: “Нават ня ведаю. Можа, ва Ўкраіне іншая палітыка. Мо і той фактар, што Ўкраіна большая за Беларусь тэрытарыяльна. Можа, ёсьць дзе здабываць”.

Карэспандэнт: “Чаму бэнзін у Беларусі каштуе даражэй, чым ва Ўкраіне?”

Спадар: “Даражэй каштуе, бо нашаму “бацьку” грошы патрэбныя. Больш нічога не патрэбна. Грабе ўсё, што можа. Мытныя пошліны, за машыны, якіх Беларусь не выпускае, за ўсё грабе. Адна думка — як абабраць наш народ”.

Хлопец: “Я думаю, што ў Беларусі іншае эканамічнае становішча. Яно пагаршаецца. Ня ведаю, але мне здаецца, што ва Ўкраіне лепей”.

Спадар: “Гэта, відаць, зьвязана з палітыкай, і з дачыненьнямі з Расеяй”.

Спадар: “Я заўсёды лічыў, што ў Беларусі ненармальная пастаноўка пытаньня ў дачыненьнях з Расеяй, зь іншымі. Замест таго, каб думаць пра будучыню, прымаць нейкія меры... Яшчэ дзесяць гадоў таму былі размовы пра тое, што трэба мець нейкі альтэрнатыўны нафтаправод. Можа, з Турцыі ці адкуль? Урад гэтым не займаўся, і я лічу гэта праколам ураду. Таму ў нас так будзе заўсёды, і цэны будуць расьці”.

Спадар: “Бо такая палітыка нашай дзяржавы”.
XS
SM
MD
LG