Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі сарвалі прэзэнтацыю кнігі Анатоля Сыса “Лён”


Іна Студзінская, Менск 16 траўня ў Гомелі, у музэі Палацава-паркавага ансамблю Паскевічаў павінна была адбыцца прэзэнтацыя кнігі выбраных твораў Анатоля Сыса “Лён”. Папярэдне дамовіліся з кіраўніцтвам гістарычна-культурніцкага комплексу. У Гомель зьбіраліся літаратары зь Менску. Але 14 траўня адміністрацыя музэю адмовіла ў памяшканьні.

Шараговыя супрацоўнікі музэю ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода паведамілі, што адміністрацыя Палацу патлумачыла забарону прэзэнтацыі тым, што ў сераду ў Гомель прыяжджае старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў, таму ўсе заплянаваныя мерапрыемствы ў Палацава-паркавым ансамблі Гомельскі аблвыканкам загадаў адмяніць.

Мы зьвязаліся з дырэктарам музэю Палацава-паркавага ансамблю Паскевічаў Аляксандрам Алейнікам.

Алейнік: “Мы не займаемся літаратурнай дзейнасьцю. Ёсьць бібліятэка імя Леніна, іншыя бібліятэкі”.

Карэспандэнтка: “Але ж была папярэдняя дамова...”

Алейнік: “Я ня ведаю, са мной ніхто не дамаўляўся, ні Сыс...”

Карэспандэнтка: “Але ж Сыс, выбачайце, нябожчык...”

Алейнік: “Дык ёсьць жа ягоны сын! Я ня ведаю такіх. Мы — музэй, а не літаратурная ўстанова. Таму прабачце”.

Паэт Анатоль Сыс памёр 5 траўня 2005 году. Сям’і ў яго не было.
XS
SM
MD
LG