Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкае кіно па-беларуску -- падчас Дзён культуры Швэцыі ў Беларусі


Ганна Соўсь. Менск Аддзяленьне амбасады Швэцыі ў Менску пры падтрымцы Швэдзкага інстытуту праводзяць з 17 траўня па 10 чэрвеня традыцыйныя Дні культуры Швэцыі, прысьвечаныя Нацыянальнаму дню Швэцыі (Дню Швэдзкага сьцягу).

У праграме наступныя мерапрыемствы: 17 траўня ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены адбудзецца прэзентацыя кнігі Андрэя Катлярчука “Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў”. 24 траўня ў цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы -- прэзентацыя кнігі Енца Албома “Ёнатан з гары чаек”.

Ад 30 траўня да 2 чэрвеня – літаратурна-музычныя дні з удзелам са швэдзкай пісьменьніцы Астрыд Тротцыг і паэтаў Эрыка Бэрквіста і Клаўдзіі Маркс, а таксама беларускiх пiсьменьнiкаў і музыкантаў.

У рамках фэстывалю сучаснага швэдзкага кіно ў менскіх кінатэатрах будуць дэманставацца фільмы, аб’яднаныя тэмай жыцьця ў мястэчку, жыхароў правінцыі.

Гэта дакумэнтальная стужка “Так, як тут” рэжысёраў Андэрса Фэльмана і Даніэля Свэрда пра лёсы трох мужчынаў розных пакаленьняў, з рознымі інтарэсамі ў жыцьці. Адзінае, што аб’ядноўвае трох герояў – гэта тое, што ўсе яны жыхары сельскай мясцовасьці швэдзкага Вэрмланда, дзе на адзін квадратны кілямэтар прыходзіцца толькі тры жыхары.

Падчас фэстывалю гэтаксама будзе дэманстравацца дакумэнтальны фільм “Мужчынская справа” Галіны Адамовіч. У фільме здымаліся, можа быць, апошнія народныя музыкі беларускага Палесься – трыо “Вярэнька” з вёскі Стахава Столінскага раёну.

У рамках фэстывалю можна будзе паглядзець таксама фільм Кая Полака “Як на нябёсах”, намінанта на прэмію “Оскар” у 2004 годзе. Ён атрымаў “Прыз кiнапрэсы” і “За гуманізм і духоўнасьць у кіно” на кінафэстывалі “Лістапад” у Беларусі ў 2006 годзе.

Будзе прадстаўлены і фільм “Бывай, Фалькенбэрг” Еспэра Гансланта – фільм пра сяброўства і ўспаміны ды пра разьвітаньне з мястэчкам ля мора. А таксама стужкі Марыі Блум “Чортавы правінцыялы” і “Віват кароль!” Ульфа Мальмраса.

Сэансы будуць на мове арыгіналу з ангельскімі субтытрамі, а таксама і з перакладам на беларускую мову.
XS
SM
MD
LG