Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагражае Беларусі антыракетная абарона НАТА?


Алег Грузьдзіловіч, Менск З боку ЗША і Расеі гучаць супрацьлеглыя ацэнкі адносна магчымага зьмяшчэньня ў Польшчы і Чэхіі ўстановак антыракетнай абароны НАТА. А ці бачаць ад гэтага пагрозу ў Беларусі?

Сёньня ў Маскве працягваюцца сустрэчы дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс з расейскім кіраўніцтвам. У часе сустрэчаў будуць абмяркоўвацца пляны зьмяшэньня ў Польшчы і Чэхіі элемэнтаў антыракетнай абароны ЗША і НАТА. Амэрыканскі бок кажа, што ракеты, якія там ўсталююць, ня будуць накіраваныя супроць Расеі. Паводле амэрыканцаў, іх мэта – зьбіваць тыя іранскія ракеты ці ракеты іншых дыктатарскіх рэжымаў Азіі, якія могуць напасьці на Эўропу і ЗША.

Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін лічыць, што такі варыянт падзеяў нясе небясьпеку і для беларусаў:
”Падзеньне частак зьбітых ракет на нашу тэрыторыю фактычна гарантаванае”
“Падзеньне частак зьбітых ракет на нашу тэрыторыю фактычна гарантаванае. А гэта, хутчэй за ўсё, будуць часткі ядзерных боегаловак, якія пасьля зьбіваньня ракеты захаваюць сваю кінэтычную энэргію. Боегалоўкі могуць быць з уранам, ці з плютоніем, якія будуць распыленыя тут. Выпадзеньне магчыма як на тэрыторыю Польшчы, гэтак і на тэрыторыю Беларусі.”
“Сёньня гэтыя сыстэмы маюць парамэтры антыракеты, а заўтра могуць мець парамэтры наступальнай зброі”
Між тым у Расеі шмат кажуць і пра тое, што разьмяшчэньне элемэнтаў антыракетнай сыстэмы НАТА ў Польшчы і Чэхіі будзе пагражаць самой Расеі.

“Сёньня гэтыя сыстэмы маюць парамэтры антыракеты, а заўтра могуць мець парамэтры наступальнай зброі”, – заявіў генэральны сакратар арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпекі Мікалай Бардзюжа. Паводле Бардзюжы, гэта пагражае і Беларусі. Незалежны аглядальнік Аляксандр Алесін не падзяляе такой думкі:
”Казаць пра непасрэдную пагрозу Беларусі ня варта”
“Мяркую, казаць пра непасрэдную пагрозу Беларусі ня варта, бо ад нас гэтыя шахты з “антыракетамі” будуць зьмешчаны занадта блізка. Нават калі адбудзецца самае дрэннае, то па аб’ектах у сябе над носам ніхто страляць ня будзе. У горшым выпадку гэта будуць удары па Расеі. Справа ў тым, што балістычныя ракеты выходзяць ў космас і паводле балістычнай траекторыі апускаюцца на зямлю на вялікай адлегласьці ад месца запуску”.
“Амэрыканцы абяцалі, што нічога разьмяшчаць блізу нашых межаў ня будуць”
Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі выказвае занепакоенасьць найперш тым, якая будзе складвацца палітычная сытуацыя.

“Зразумела, што гэта разьмяшчэньне амэрыканскіх аб’ектаў у Эўропе. А калі ішлі перамовы аб скарачэньні звычайных узбраеньняў – а я браў удзел у тых перамовах – амэрыканцы абяцалі, што нічога разьмяшчаць блізу нашых межаў ня будуць. У выніку Расея будзе прымаць нейкія адэкватныя захады. А гэта ўсё нясе пагрозу аднаўленьня халоднай вайны”.

Паводле Павла Казлоўскага неабавязкова, што ў Беларусі зьявяцца новыя расейскія часткі. “У Расеі дастаткова сродкаў, каб адэкватна адказаць і са сваёй тэрыторыі,” – кажа былы міністар абароны Беларусі. Між тым вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін кажа, што перахопліваць ракеты з Польшчы ці Чэхаславаччыны магчыма толькі зь Беларусі, і таму не выключае больш шчыльнага вайсковага супрацоўніцтва Расеі і Беларусі.

У міністэрстве абароны Беларусі тэму зьмяшчэньня антыракетнай сыстэмы НАТА ў Польшчы і Чэхіі не камэнтуюць.

Гл. таксама

• Афіцыйнай рэакцыі Беларусі на заяву аб заснаваньні расейскай базы дагэтуль няма
XS
SM
MD
LG