Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылучэньне Беларусі ня “проста скандал”, а “два скандалы”


Алена Струвэ, Менск Напярэдадні маючага адбыцца ў чацьвер у Ню-Ёрку галасаваньня аб прыняцьці 14 новых сяброў у Раду ААН правоў чалавека, прадстаўнікі палітычных колаў Эўропы зьвярнуліся да Генэральнай асамблеі Аб’яднаных нацый з патрабаваньнем адхіліць кандыдатуру Беларусі. Эўрапейскія палітыкі называюць вылучэньне Беларусі на безальтэрнатыўнай аснове “проста скандалам” і нават “двума скандаламі”.

Разам са Славеніяй Беларусь прэтэндуе на два месцы ў Радзе ад Усходняй Эўропы.

Паводле аглядальнікаў нямецкага радыё Deutschlandfunk, калі ў Радзе ААН па правах чалавека ўжо прадстаўленыя такія недэмакратычныя і неправавыя краіны, як Кітай, Расея, Куба, Марока, Азэрбайджан, нельга выключаць, што да іх кампаніі далучыцца і гэтак званая “апошняя дыктатуры Эўропы”.

Сябры Камітэту прававых пытаньняў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы і Камісіі правоў чалавека нямецкага Бундэстагу заклікаюць Генэральную Асамблею зрабіць усё, каб пазьбегнуць скандалу. Як вынікае з заявы ПА РЭ, “выстаўленьне Беларусі ў якасьці безальтэрнатыўнага кандыдата ў Раду ААН у пытаньнях правоў чалавека ёсьць проста скандалам, калі ўлічыць змрочную рэпутацыю краіны ў пытаньнях правоў чалавека”.

У Камісіі правоў чалавека нямецкага парлямэнту намінацыю Беларусі клясыфікуюць як “два скандалы”. Старшыня камісіі Герта Дойблер-Гмелін разам са сваімі калегамі выказвае пратэст у зьвязку з вылучэньнем Беларусі ў праваабарончы орган ААН.

Паводле Г. Дойблер-Гмелін, Беларусь нельга прымаць ў Раду ААН ні пры якіх абставінах:

“Тут адразу, гэтак мовіць, два скандалы. Першы – Беларусь прэтэндуе ў Раду, сябрамі якой, згодна з рэзалюцыяй ААН, могуць быць краіны з высокім стандартам правоў чалавека. Другі – абраньне ў Раду ня робіцца на аснове выбару. На два месцы ад Усходняй Эўропы прэтэндуюць Беларусь і Славенія, хаця павінна быць больш кандыдатаў”.

Як кажа, старшыня парлямэнцкай Камісіі Бундэстагу, яна чула, што ў апошнія дні робяцца намаганьні з боку ўсходнеэўрапейскіх краінаў вылучыць іншыя кандыдатуры. “Калі гэта не атрымаецца – я кажу ад імя старшыні парлямэнцкай камісіі ў правох чалавека, ад імя краінаў – сяброў ААН – хай месца лепш застанецца пустым, бо такія краіны як Беларусь нельга абіраць”, – гаворыць Герта Дойблер-Гмелін.
”Хай месца лепш застанецца пустым, бо такія краіны як Беларусь нельга абіраць...”
Тым часам у шэрагу буйных нямецкіх гарадоў – Мюнхэне, Гайдэльбэргу, Мангайме, Гале ды іншых – сябры мясцовай філіі “Міжнароднай амністыі” праводзяць фотаакцыю “Faces for Amnesty”. Маладыя людзі выходзяць на вуліцы зь вялікімі партрэтамі беларускіх палітзьняволеных. На здымках вялікімі літарамі напісана: “Вызвалім палітычных вязьняў у Беларусі!” Праваабаронцы расказваюць мінакам пра гэтых людзей і прапануюць паставіць свае подпісы на партрэтах.

Паводле прадстаўніка “Міжнароднай Амністыі” Бэн’яміна Тыцэ, “мэта кампаніі –інфармаваньне немцаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі.”

“Тыя людзі ў Беларусі, якія хочуць удзельнічаць у дэмакратычным працэсе, змагаюцца за правы чалавека, яны абавязкова адчуваюць перасьлед з боку ўладаў”, – кажа Тыцэ.

Паводле яго, ахвярамі рэпрэсій становяцца пераважна маладыя людзі. “Удзельнікаў мірных акцыяў арыштоўваюць, студэнцкіх актывістаў выключаюць з унівэрсытэтаў. Мы павінны растлумачыць нямецкай грамадзкасьці, як церпяць ад рэжыму тыя, хто знаходзіцца ў апазыцыі”, – гаворыць праваабаронца.

Гл. таксама

• Камітэт ПАРЭ: Беларусі ня месца ў Радзе ААН у пытаньнях правоў чалавека

• Праваабаронцы крытыкуюць працэдуру галасаваньня ў ААН
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG