Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мірон вывесіў бел-чырвон-белы сьцяг на ўездзе ў Віцебск


Радыё Свабода Сьцяг залунаў каля паловы на адзінаццатую начы ўзбоч аўтатрасы Полацак-Віцебск, недалёка ад пасёлку "Кіраўскі". Мінакоў па позьнім часе на дарозе амаль не было, затое бел-чырвоны-сымбаль быў выдатна відаць аўтамабілістам, якія ехалі ў абодвух накірунках.

Сьцяг быў прымацаваны да электрычных дратоў пад напругай 1100 вольт. Пра гэта журналістам распавёў віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда.

"Я думаў, чаму менавіта сёньня, а потым зразумеў: 13-га траўня сьвяткавалі ўлады – яны ўшаноўвалі свае сымбалі, і гэта вось напамін Мірона пра тое, што бел-чырвон-белы сьцяг усё адно жыве і будзе жыць вечна! Да сьцяга прымацавана цыдулка: "Няхай вечна жыве наш бел-чырвон-белы сьцяг! Мы пераможам!" І подпіс: "Мірон".



12 год таму, 14-га траўня 1995 году быў праведзены рэферэндум, пасьля якога бел-чырвон-белы сьцяг і герб "Пагоня" страцілі значэньне дзяржаўных сымбаляў. Праз некалькі дзён пасьля і распачалася гісторыя легендарнага Мірона, які на знак пратэсту ўпершыню вывесіў нацыянальны сьцяг у райцэнтры Лёзна. З тае пары бел-чырвон-белыя сьцягі рэгулярна зьяўляюцца ў самых цяжкадаступных месцах, і ніводнага разу супрацоўнікам міліцыі не ўдалося злавіць таго, хто пакідае каля сьцягоў цыдулкі з подпісам "Мірон".
XS
SM
MD
LG