Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі аўтарынак аддадуць “кітайцам”


Ігар Карней, Менск У Беларусі чакаецца падвышэньне мыта на ўвоз легкавых аўтамабіляў. Пра гэта на мінулым тыдні заявіў прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі. Паводле яго, урад такім чынам плянуе зарабіць 15 мільёнаў эўра. Тым часам да канца году ў Беларусі маюць намер пачаць вытворчасьць 2-3 мадэляў легкавых аўто, якія будуць каштаваць 6-7 тысяч даляраў.

Намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Ўладзімер Гошын заявіў, што камітэт падрыхтаваў прапановы ўраду Беларусі ад 1 ліпеня падвысіць мыта на ўвоз аўтамабіляў на 5 эўрацэнтаў за кубічны сантымэтар рухавіка. То бок мыта за машыну з аб’ёмам рухавіка 1,6 літра падвысіцца на 80 эўра, з аб’ёмам рухавіка болей за 2 літры – на 100 эўра.

Цяпер у Беларусі мытныя стаўкі аднолькавыя для юрыдычных і фізычных асобаў: ад 35 эўрацэнтаў за кубічны сантымэтар рухавіка для малалітражак, якім ад 3 да 10 гадоў, да 60 эўрацэнтаў для машын, навейшых за 3 гады, з рухавіком 2,5 літры і большым.

Уладзімер Гошын дадаў, што мыта хутчэй за ўсё вырасьце толькі пасьля таго, як у Беларусі пачнуць выпускаць свой легкавы аўтамабіль.

Кіраўнік ураду Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што да канца году ў краіне пачнецца выпуск 2-3 мадэляў легкавых аўто, якія будуць каштаваць 6-7 тысяч даляраў. У якасьці прыкладу Сяргей Сідорскі прывёў Узбэкістан. У гэтай краіне штогод вырабляецца 170 тысяч машын “Дэу матыз”. Аўто спраектавалі карэйцы, але большая частка камплектацыі вырабляецца ў краіне, дзякуючы чаму машына лічыцца ўзбэцкай.

“Саманд” пакуль што буксуе

Прадстаўнік беларускага заводу, дзе ўжо зьбіраюць іранскія легкавікі “Саманд”, Аляксандр Жаўнярук кажа: за год працы “Саманду” ў Абчаку пад Менскам сабралі ўсяго паўсотні аўтамашын. Кожная коштам 12,5 тысяч даляраў.

“Няма пакуль што моцнай, магутнай падтрымкі менавіта з боку дзяржавы, – расказвае Аляксандар Жаўнярук. – Як ува ўсіх краінах у такім выпадку – уводзяць мыты, падтрымліваючы сваіх вытворцаў. Было агучана, што гэты аўтамабіль пачаў год таму зьбірацца. Але насамрэч праект толькі паўгоду рэалізуецца. То бок магутнасьці, попыт толькі цяпер пачынаюць нарастаць. Канкурэнты ўсяляк ганяць гэты аўтамабіль, што ён дрэнны. Але калі кажуць, што ён дрэнны, то насамрэч ён канкурэнтаздольны. Ён ужо заняў сваю нішу, і ён будзе падымацца з кожным паўгодзьдзем, з кожным кварталам будзе падымацца ўсё вышэй і вышэй”.

“Беларускую” машыну зробяць кітайцы



У Беларусі плянуюць наладзіць вытворчасьць легкавікоў з кітайскіх дэталяў. Кітайскія машыны “Hafei Brio” і “Geely” можна набыць у Беларусі па цэнах 7200 і 7500 даляраў адпаведна. Кошт аналягічных мадэляў “беларускай зборкі” пакуль што ўдакладняецца.

Вось што кажа дырэктар фірмы “Траянда” Андрэй Аляксейчык, чыя кампанія пачала прадаваць на беларускім рынку кітайскія аўто:

“Мы апошнія гадоў пяць абсалютна ўсе працуем на кітайскіх кампутарах. Фірма “IBM”, найбуйнейшы вытворца кампутараў, належыць кітайцам. З аўтамабілямі, вядома, будзе больш складана, бо гэта значна больш брэндавы бізнэс. Але, мне падаецца, усё гэта непазьбежна і стэрэатып трэба ламаць. Нават не ламаць, а паступова адстаўляць убок, на задні плян. Таму што гэта як узыход сонца: як бы мы працэсу не перашкаджалі, зрабіць нічога ня можам”.

Альтэрнатыва малалітражкам – джыпы



Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць: калі з кітайскай аўтапрамысловасьцю і супрацоўнічаць, то найлепей у галіне вытворчасьці не малалітражак, а вялікіх пазадарожнікаў:

“Для таго, каб распрацаваць новы брэнд і ўдалую машыну, трэба арыентавацца не на ўнутраны беларускі рынак. Гэта павінен быць рэгіянальны рынак. Досыць паглядзець на попыт, каб пераканацца: на першым месцы ўва ўсім сьвеце пазадарожнікі. Трэба зрабіць такі пазадарожнік, які б даваў магчымасьць выкарыстоўваць перавагу беларускага транспартнага машынабудаваньня.

Што мы ўмеем? Мы ўмеем рабіць вялікія, буйныя машыны. І калі ў 2-3 разы іх паменшыць, вось вам амаль гатовы новы пазадарожнік. І таму цалкам відавочна, што кітайцы хацелі б выкарыстоўваць Беларусь як базу. Засталося толькі паднатужыць думкі і зрабіць тое, што заваюе ўвесь рынак – вялікі, прасторны, нармальны аўтамабіль-пазадарожнік, які можа і па гарах, і па далінах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG