Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўразьвяз узмацняе барацьбу зь нелегальнай іміграцыяй


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Нелегальная іміграцыя застаецца адной з самых вострых праблемаў для Эўрапейскага Зьвязу. Паводле інфармацыі польскай “Газэты выборчай”, Эўрапейская камісія прапануе агульную іміграцыйную палітыку, якая мае паставіць бар’ер на шляху нелегальных мігрантаў у аб’яднаную Эўропу.

Эўрапейская камісія зьбіраецца дзейнічаць радыкальна. У новай дырэктыве “Эўрапейская іміграцыйная палітыка”, праект якой мае разглядацца ў сераду, прапануецца адзінае для ўсёй Эўропы суровае пакараньне тым фірмам, што будуць ўладкоўваць на працу нелегальных імігрантаў.

Прадстаўнік Эўракамісіі Фрыса Абінг сказаў у інтэрвію “Газэце выборчай”, што гэта будзе тычыцца і польскіх фірмаў, якія даюць працу нелегальным імігрантам, прыкладам, з Украіны.

Брусэль лічыць, што зь нелегальнай іміграцыяй можна змагацца толькі выкараняючы яе эканамічныя падставы. Прадстаўнік Эўрапейскай камісіі падкрэсьлівае, што “імігранты едуць у Эўропу, бо перакананыя, што тут можна знайсьці чорную працу. Вось Эўракамісія і хоча гэты сук падрэзаць”.

Акрамя бізуна, Эўракамісія думае і пра пернік

Але ж у Эўразьвязе, у той жа Польшчы, не хапае кваліфікаванай працоўнай сілы па некаторых спэцыяльнасьцях. Тым болей, што пасьля таго, як новыя краіны далучыліся да Эўразьвязу, шмат высокакваліфікаваных спэцыялістаў выехалі на Захад, дзе заробкі вышэйшыя.

Таму, як піша “Газэта выборча”, акрамя бізуна, Эўракамісія думае і пра пернік. У верасьні яна прадставіць чарговыя два праекты дырэктываў, якія павінны даць палёгку тым імігрантам, якія маюць высокую кваліфікацыю і могуць быць карыснымі для эўрапейскай гаспадаркі.

Эўракамісія прапануе яшчэ адзін спосаб барацьбы зь нелегальнай іміграцыяй, калі гаворка ідзе пра некваліфікаваныя работы, – увядзеньне нарэшце лягчэйшых умоваў для прыезду на працу на кароткі тэрмін у асобныя краіны.

Як кажа Фрыса Абінг, робіцца гэта для таго, каб людзі маглі прыяжджаць на год-два, плаціць падаткі, мець сацыяльныя правы і быць юрыдычна абароненымі ад пасярэднікаў і працадаўцаў-ашуканцаў, але пры ўмове вяртаньня на радзіму пасьля гэтых двух гадоў.
XS
SM
MD
LG