Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 14 траўня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.



На сайце незарэгістраванага руху зьявіўся тэкст “Памятка ўнутранай бясьпекі (вытрымкі з інструктыўнага дакумэнту для супрацоўнікаў МУС)”.

“Апошнім часам адзначаецца тэндэнцыя кансалідацыі разрозьненых групаў нацыянал-радыкальных структураў, у тым ліку адзначаны спробы правядзеньня сумесных мерапрыемстваў, – гаворыцца ў памятцы. – Беручы пад увагу рост актыўнасьці праяваў экстрэмізму ў моладзевым асяродку, патрабуецца карэнная рэарганізацыя формаў і мэтадаў барацьбы з гэтай зьявай. Неабходна ажыцьцявіць комплекс... арганізацыйных, апэратыўных і папераджальна-прафіляктычных мерапрыемстваў”.

Наведнікі сайту БУНТу тэкст прачыталі й пакінулі камэнтары:

“Няўжо яны сапраўды думаюць, што мы тэрарысты і экстрэмісты? Мы проста хочам жыць у нармальнай заможнай краіне з годнай уладай інтэлігентных людзей, а не з калгаснай”.

“Спадзяюся, у маім атачэньні будзе як мага меней такіх вось змагароў, пра якіх я б і не здагадваўся, якія яны “змагары”.

На форумах парталу працягваецца абмеркаваньне вынікаў сёлетняга “Эўрабачаньня”, дзе прадстаўнік Беларусі Дзьмітры Калдун заняў шостае месца. Перамога дасталася Марыі Шарыфавіч з Сэрбіі. Меркаваньні ўдзельнікаў:

“Канкурэнцыю Калдуну маглі скласьці толькі Сэрбія і, можа быць, Малдова. Хоць прасьпяваў Калдунчык усё ж ня надта”.

“Дзіма сёлета яўна нефармат... Дарэчы, у параўнаньні з Агурбаш, Смолавай і “Аляксандрам і Канстанцінам” гэта проста цуд нейкі! Песьня была добрая, але антуражу мала, вось і не запомнілі”.

“Нарэшце Беларусь у фінале з годным шостым месцам сярод 24 краінаў! Велічэзны дзякуй Кіркораву! Бо я лічу, што гэта толькі ягоная заслуга. Амаль даравала яму ружовую кофтачку!”

“Асабіста я баюся, што ўжо праз тыдзень я буду плявацца ад Дзімы Калдуна зь ягоным “Мэджыкам”, бо давядзецца на працы паслухаць песьню яшчэ разоў 500”.

Чальцы суполкі Жывога журналу зачапіліся за выказваньне лідэра гурту “Ляпис Трубецкой” Сяргея Міхалка: “Прыедзеш у Менск – там усё чысьценька, піўнякі танныя працуюць. Усе глядзяць і дзівуюцца, а насамрэч краіна жывая толькі таму, што ўсім раздаюць дзялкі, на якіх хто агуркі вырошчвае, хто памідоркі”. Гэта Сяргей Міхалок сказаў у інтэрвію расейскаму інтэрнэт-выданьню . Рэакцыя чальцоў суполкі:

“Слухаць, што “краіна жывая толькі таму, што ўсім раздалі дзялкі, на якіх хто агуркі вырошчвае, хто памідоркі”, мне сьмешна. Вы вырошчваеце агуркі? Я – не”.

“А мне так падаецца, што жывем мы ўвогуле няблага, бо побач старэйшы брат зь неабмежаванымі магчымасьцямі! Таму і ўся нашая “экзотыка” пакуль што дарма праходзіць! Вось толькі навошта было пляваць у калодзеж?”

“Міхалок малайчына. Паважаю”.

“Які народ, гэтак пра яго і адгукаюцца. На маю думку, казаць праўду, няхай і горкую, заўсёды мае сэнс”.

А сайт прапануе новы каляж. Гэта нібыта рэкляма. “Праца для студэнтаў у сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў! Ты малады і энэргічны? Табе надакучыла бясконцае зубрэньне? Ты ня можаш здаць сэсію сам? Ты любіш вялікія грошы? Толькі гэтай вясной мы прапануем: вольны графік, высокі заробак і сацпакет, кар’ерны рост, офіс у цэнтры, доўгатэрміновае супрацоўніцтва, дапамога ў навучаньні й здачы экзамэнаў. Арганізацыя, якой давяраюць! 90 гадоў на рынку! Патэлефануй зараз, пакуль цябе не апярэдзіў найлепшы сябра... Упраўленьне КДБ па Гомельскай вобласьці”.

* * * Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG