Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сьвяткаваньне становіцца казённым рытуалам”


Валер Карбалевіч, Менск Чарговая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 9 траўня). Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Падгол і журналіст газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Валер Карбалевіч: “Мусіць, нідзе ў сьвеце гадавіна перамогі над фашызмам не сьвяткуецца так урачыста, як у Беларусі. Прычым гэтыя сьвяткаваньні моцна палітызуюцца. Цяперашняя ўлада прэзэнтуе сябе як спадкаемца Перамогі, праводзіцца паралель паміж агрэсіяй у мінулай вайне і сёньняшнім ціскам на Беларусь з боку Захаду. Больш за тое, настойліва даводзіцца ідэя, што Вялікая Айчынная вайна – гэта галоўнае апірышча, падмурак, крыніца фармаваньня беларускай нацыі.

Гэтым годам Дзень Перамогі сьвяткуецца на фоне эстонскіх падзеяў. Беларускія дзяржаўныя мэдыі, найперш тэлевізія, аддалі шмат увагі гэтым падзеям, стваралі кантраст, як у Беларусі шануюць помнікі палеглым у мінулай вайне і як у Эстоніі. Былі арганізаваныя пікеты каля эстонскай амбасады, у Гомелі ладзяцца мітынгі пратэсту ў працоўных калектывах. Як вы можаце пракамэнтаваць гэта?”

Уладзімер Падгол: “Было два выступы Лукашэнкі, прысьвечаныя Дню Перамогі. Выступ 8 траўня, калі ён уручаў дзяржаўныя ўзнагароды. І выступ 9 траўня на Плошчы Перамогі.

8 траўня Лукашэнка сказаў, што на пачатку свайго прэзыдэнцкага жыцьця ён абяцаў вэтэранам, што краіна будзе сабрана, будзе наведзены парадак і будзе дасягнуты ўзровень жыцьця савецкага часу. І вось ён робіць справаздачу, што савецкі ўзровень мы перасягнулі. Так бы мовіць, зьдзейсьнены подзьвіг.

Паводле Лукашэнкі, падзеі ў Эстоніі і Польшчы сьведчаць аб тым, што толькі беларускі народ, адзіны ў сьвеце, які захоўвае памяць і помнікі перамогі над фашызмам”.

Паўлюк Быкоўскі: “Трэба адзначыць, што ў адносінах да эстонскіх падзеяў тон беларускіх мэдыяў у параўнаньні з расейскімі спакайнейшы, без шаленства.

З самага пачатку прэзыдэнцтва Лукашэнкі замежныя мэдыі называлі яго “савецкай лялькай”. Хоць і цяпер у Беларусі захоўваюцца савецкія сымбалі, традыцыі, але канкрэтнае напаўненьне іх мяняецца. Напрыклад, цяпер зьявіўся законапраект, які адмяняе льготы, некаторыя зь якіх устаноўленыя яшчэ савецкім Саўнаркомам. І магчыма, цяперашняя прапагандысцкая машына працуе проста па інэрцыі”.

Падгол: “Я б выдзеліў тры кірункі дзяржаўнай прапаганды. Першы – гэта радыёэлектронныя мэдыі, якія шалёна асуджалі дзеяньні эстонскіх уладаў.

Другі кірунак – газэта “Советская Белоруссия”, дзе эстонскія падзеі ацэньваюцца больш спакойна і рацыянальна, нават крытыкуюцца людзі, якія на плошчы разьбівалі вітрыны.

І трэці кірунак – гэта выступы Лукашэнкі, які заявіў, што дзеяньні Эстоніі і Польшчы (дзе ліквідавана савецкая экспазыцыя у канцлягеры Асьвенцім) выклікаюць гнеў і абурэньне. Такім чынам, ён імкнецца апынуцца на вяршыні хвалі абурэньня дзеяньнямі ўладаў Польшчы і Эстоніі”.

Ці не ператвараецца гэтае сьвята ў казённы рытуал?

Карбалевіч: “Але ці не падаецца вам, што той запал, зь якім у Беларусі адзначалі гэтае сьвята, цяпер трохі спаў? Вось, напрыклад, упершыню за ўвесь час свайго кіраваньня Лукашэнка ня выступіў на ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным Дню Перамогі, якое адбылося ўчора. Замест яго выступ зрабіў прэм’ер Сідорскі. Што б гэта значыла?

І вось сёньня традыцыйнае ўрачыстае шэсьце вэтэранаў, пачатак якога быў заплянаваны на 11-ю гадзіну, затрымалася, Лукашэнка зьявіўся толькі ў 11:35. На фоне бясконцых афіцыйных заяваў пра тое, зь якой пашанай тут ставяцца да вэтэранаў, прымушаць людзей сталага веку ў такі дзень чакаць больш за паўгадзіну, мусіць, ня вельмі карэктна. Дык што, сьвята ператвараецца ў казённы рытуал?”

Падгол: “Яшчэ падчас выступу ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем Лукашэнка сказаў, што цяпер усё большую адказнасьць за сытуацыю ў краіне будзе несьці ўрад. То бок на яго будуць валіцца ўсе грахі. У гэтым кантэксьце і трэба разглядаць выступ Сідорскага на ўрачыстым паседжаньні.

Падчас выступу 8 траўня Лукашэнка казаў, што дзякуючы вэтэранам нам удалося зрабіць Беларусь калі не квітнеючай, то хоць прымальнай для вашага жыцьця і вашых дзяцей і унукаў. То бок мяняюцца лёзунгі, мэты ставяцца больш сьціплыя.

Таму Сідорскі на ўрачыстым паседжаньні мусіць тлумачыць, чаму Беларусь ужо не квітнеючая. Бо ў вэтэранаў таксама шмат прэтэнзіяў да ўлады”.

Быкоўскі: “Безумоўна, ёсьць падставы меркаваць, што сьвяткаваньне становіцца казённым рытуалам. Два гады таму Лукашэнка адмыслова вярнуўся з Масквы, каб пасьпець на сьвяткаваньне юбілею Перамогі ў Менску. А цяпер усё па-іншаму.

Мусіць, адбываецца пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў і іміджаў у кіраўніцтве дзяржавы. Думаю, мае рацыю спадар Падгол, калі кажа, што ахвярным казлом робяць Сідорскага.

Зьвярніце ўвагу, што ня толькі адмяняюцца льготы, але і пачынаецца эканомія бюджэту. Напрыклад, дзяржаўныя газэты атрымалі ліст з ураду, паводле якога тыя выданьні, якія ня маюць прыбытку, павінны скарачацца, аб’ядноўвацца і г.д. Калі ўжо ў нашай дзяржаве пачынаюць эканоміць на прапагандзе, то гэта сур’ёзна. Таму узьнікае праблема, на каго скіраваць народнае незадавальненьне. Мусіць, на ўрад”.

Чым адметныя цяперашнія выступы Аляксандра Лукашэнкі?

Традыцыйны выступ Лукашэнкі на плошчы Перамогі быў, здаецца, вытрыманы ў традыцыйным фармаце: міт пра ўсенародную барацьбу беларусаў, абвінавачаньні цяперашніх палітычных праціўнікаў у замежжы і ўнутры краіны. Ці былі нейкія новыя акцэнты?”

Падгол: “Лукашэнка атаясаміў гітлераўцаў зь сёньняшнім НАТО. Бо гэтая арганізацыя таксама імкнецца да сусьветнай гегемоніі. І, як ён лічыць, пад сьцягам змаганьня за дэмакратыю, сёньняшнія гегеманісты пакінулі крывавыя раны ў Югаславіі, Аўганістане, Іраку. Гэтыя сілы імкнуцца з дапамогай унутраных дэструктыўных сілаў зьдзейсьніць у Беларусі “каляровую рэвалюцыю”. Але беларускі народ разам з расейскім гэтаму супрацьстаіць. Вось такую парадыгму прапануе Лукашэнка. І гэта можа быць сыгналам актывізацыі рэпрэсіяў супраць апазыцыі.

Цікава, што, выступаючы 8 траўня без паперкі, Лукашэнка імправізаваў. Ён сказаў, што беларусы заўсёды на аўтар перамогі за ўсё чалавецтва аддавалі не шкадуючы палову сваіх людзей. Тут ключавыя словы “не шкадуючы”. Гэта клясычны сталінізм.

Згадваецца, як на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка казаў, што калі танкі НАТО пойдуць на Маскву, то беларусы лягуць пад гэтыя танкі. То бок, мусіць, не шкадуючы сябе. Аднак сацыёлягі пад кіраўніцтвам прафэсара Манаева задалі такое пытаньне і высьветлілі, што беларусы ня надта прагнуць лажыцца пад танкі за чужыя інтарэсы”.

Быкоўскі: “Я ня бачу ў выступах Лукашэнкі нейкіх сыгналаў аб зьменах у палітыцы. Калі палітык займае кіроўчую пасаду вельмі доўга, то яго выступы нагадваюць старую кружэлку з аднымі і тымі ж матывамі. Усе гэтыя тэзісы мы чулі раней”.

Карбалевіч: “Імкненьне выкарыстаць важную гістарычную падзею ў палітычных мэтах – зьява вядомая і шырока распаўсюджаная ў сьвеце. Галоўнае, што адрозьнівае Беларусь, – гэта маштабы ўрачыстасьцяў, манапалізацыя і нават прыватызацыя ўладамі гэтага сьвята, адсутнасьць усялякай сур’ёзнай дыскусіі ў грамадзтве аб уроках тых падзеяў, якія адбыліся шмат гадоў таму, навязваньне адзінага гледзішча на ўласную гісторыю, ператварэньне яго ў элемэнт дзяржаўнай ідэалёгіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG