Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>А. Лябедзька: “Можа, Лукашэнка вырашыў узяць удзел у Кангрэсе?”</B>


Радыё Свабода Палац культуры Менскага аўтазаводу адмовіўся даць прадстаўнікам апазыцыі памяшканьне для правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў (КДС), заплянаванага на 26-27 траўня.

Адмову даць памяшканьне камэнтуе адзін з арганізатараў кангрэсу – старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька:

“Мы накіравалі ў адміністрацыі трох установаў лісты, каб яны дазволілі правесьці 26-27 траўня Кангрэс дэмакратычных сілаў. Адна з гэтых установаў – Палац культуры МАЗу. Сёньня раніцай я атрымаў адказ за подпісам кіраўніка, што ў гэты час там будзе праходзіць мерапрыемства з удзелам дзяцей-інвалідаў. Натуральна, што інтарэсы дзяцей – вышэйшыя за ўсё, і такім чынам нам мякка адказваюць, што дазволу ня будзе.

Так што пытаньне быццам бы “падвісае”, але я ня думаю, што гэта можа затрымаць палітычны працэс і прывесьці да таго, што кангрэс не адбудзецца.

Улады схамянуліся занадта позна, таму што ўсе свае пытаньні мы вырашылі падчас рэгіянальных сходаў.

І пасьля іх правядзеньня ўжо могуць функцыянаваць і дзейнічаць новы склад Палітычнай рады, прэзыдыюм і сустаршыні”.

Варта нагадаць, што менавіта ў Палацы культуры МАЗу ў кастрычніку 2005 году праходзіў папярэдні кангрэс дэмакратычных сілаў, які абраў адзіным кандыдатам ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 2006 году Аляксандра Мілінкевіча. Радыё Свабода спыталася ў Анатоля Лябедзькі, ці атрыманыя адказы ад двух іншых установаў, куды былі накіраваныя просьбы – Палацу рэспублікі і канцэртнай залі “Менск”?

“Адтуль пакуль інфармацыі няма. Можа, у кангрэсе вырашыў прыняць удзел Аляксандар Рыгоравіч. Да МАЗу далёка, а да Палацу Рэспублікі ён можа дайсьці пешкі. Таму, можа, нам дадуць Палац Рэспублікі. Таму ня будзем сьпяшацца і казаць пра адмову катэгарычную і па ўсіх установах, куды накіраваныя заяўкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG