Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці змогуць дамовіцца Менск з Брусэлем?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў і палітоляг Андрэй Фёдараў.

Валер Карбалевіч: “Аляксандар Лукашэнка апошні час шмат разоў заяўляў, што мы гатовыя весьці дыялёг з Эўразьвязам, але без выстаўленьня нам нейкіх умоваў — ніякі ціск з боку Эўропы непрымальны, ні на якія саступкі ў пытаньні дэмакратыі й правоў чалавека мы ня пойдзем.

Аднак паводле той інфармацыі, якую абнародаваў спадар Саньнікаў, вярнуўшыся з Брусэльскага форуму, у адносінах паміж Менскам і Брусэлем нешта адбываецца.

Як гэта можна назваць: дыялёг, закулісныя перамовы, палітычны гандаль? І як гэта стасуецца з афіцыйнымі заявамі Лукашэнкі? Што прапануюць беларускія ўлады й што яны хочуць атрымаць за гэта?”

Андрэй Саньнікаў: “Гэта нельга назваць дыялёгам. Бо ёсьць умовы, вылучаныя ЭЗ, і ёсьць нейкія прапановы Беларусі, скіраваныя на тое, каб улічыць гэтыя ўмовы. Я б назваў гэты працэс высьвятленьнем пазыцыяў. Для дэмакратычнай супольнасьці дрэнна тое, што гэтае высьвятленьне адбываецца за кулісамі.

Эканамічнае становішча Беларусі не паляпшаецца — прычым, пэрспэктывы тут неспрыяльныя. І ЭЗ мог бы дапамагчы ў эканамічным разьвіцьці й рэформах. Брусэль зацікаўлены ў зьменах у Беларусі. Але гэтаму замінае палітычны рэжым Беларусі.

І цяжка спадзявацца, што ЭЗ можа распачаць паўнамаштабны дыялёг зь беларускімі ўладамі й адмовіцца ад сваіх прынцыпаў. Хоць у Эўропе ёсьць пэўныя асобы ці нават групоўкі, якія зацікаўленыя ў такім дыялёгу. Але палітыка Лукашэнкі за шмат гадоў стварыла моцныя заслоны на гэтым шляху”.

Андрэй Фёдараў: “Тое, што цяпер адбываецца ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і ЭЗ, я б назваў разьведкай. Рэч у тым, што цяпер па-ранейшаму ў Менску складваюцца ня вельмі добра дачыненьні з Масквой. Хоць Лукашэнка рабіў жэсты ў бок Расеі, але, гледзячы па ўсім, без асаблівага выніку. Таму трэба шукаць выйсьця на Захадзе.

У стасунках Менску з Брусэлем будзе адбывацца жорсткі гандаль. Беларусь імкнецца не саступіць сваіх пазыцыў, але атрымаць наўзамен выйгрыш. Я сумняваюся, што беларускае кіраўніцтва пойдзе на зьмякчэньне ўнутрыпалітычнай сытуацыі.

Прычым, галоўная задача беларускай дыпляматыі цяпер палягае ня ў тым, каб дасягнуць паляпшэньня дачыненьня з ЭЗ па шырокім фронце, а ўсяго толькі дамовіцца, каб Брусэль не выключаў Беларусь з генэральнай сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцыяў і адмяніў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Да таго ж кіраўніцтва Беларусі не гатовае да рынкавых рэформаў. Таму я не чакаю прарываў”.

На якія саступкі можа пайсьці афіцыйны Менск у перамовах з Эўразьвязам?

Карбалевіч: “Здаецца, у беларускіх уладаў ёсьць пэўнае поле для манэўру. Хутка заканчваецца тэрмін зьняволеньня некаторых палітычных вязьняў — у прыватнасьці, Статкевіча, Севярынца. Іх вызваленьне можна аб’явіць крокам насустрач Захаду. Выбарчае заканадаўства можна зьмяніць і не выконваць.

Можна таксама лёгка ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, увесьці пасаду ўпаўнаважанага ў правах чалавека і прызначыць на гэтую пасаду, напрыклад, Касьцяна. Як далёка ў сэнсе саступак гатовы пайсьці афіцыйны Менск у перамовах з Эўразьвязам?”

Саньнікаў: “Час працуе цяпер супраць кіраўніцтва Беларусі. Таму спроба займацца гульнямі, пра якія вы кажаце, замест рэальнай дэмакратызацыі, не вядзе да паляпшэньня дачыненьняў з ЭЗ. Эўропа патрабуе вызваленьня ўсіх палітвязьняў і спыненьня палітычных рэпрэсіяў. Яна добра бачыць гэтыя манэўры, прызвычаілася да іх за шмат гадоў.

Ёсьць у ЭЗ сілы, якія разглядаюць магчымасьці зьняць абмежаваньні на сувязі з рэжымам Лукашэнкі. Гэта найперш Літва, а таксама Польшча і Латвія.

Але ёсьць і іншыя сілы, якія выступаюць за больш жорсткія захады ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі. Напрыклад, каб прадэманстраваць рашучасьць Эўропы, ёсьць прапановы ўвесьці санкцыі ў адносінах не некалькі дзясяткаў, а некалькі тысяч беларускіх чыноўнікаў, якія вінаватыя ў парушэньні правоў чалавека”.

Фёдараў: “Саступкі ў пытаньнях правоў чалавека супярэчаць прыродзе цяперашняй беларускай улады. Таму Менск будзе рабіць спробы падмануць эўрапейскую грамадзкасьць, рабіць касмэтычныя крокі. Таму было б добра, каб кіраўніцтва ЭЗ стварыла невялікую структуру, якая б адсочвала сытуацыю ў Беларусі”.

Наколькі моцна зацікаўлены Брусэль у нармалізацыі дачыненьняў зь Беларусьсю?

Карбалевіч: “А ці ня можа здарыцца так, што дзеля таго, каб выцягнуць Беларусь з поля геапалітычнага ўплыву Расеі, ЭЗ можа заплюшчыць вочы на парушэньні правоў чалавека ў краіне? Ці гатовы ён прыняць імітацыю дэмакратызацыі за рэальную дэмакратызацыю?”

Саньнікаў: “Такая небясьпека ёсьць. Беларускія ўлады на гэта і спадзяваліся. Аднак пазыцыя Эўразьвязу падчас нафтагазавага крызісу была іншая. Сябраваць зь недэмакратычным рэжымам — гэта ня толькі адмаўляцца ад прынцыпаў, але і ствараць праблемы з гледзішча міжнароднай бясьпекі.

Але ЭЗ лічыць, што цяпер пэрспэктывы для зьменаў у Беларусі лепшыя, чым раней. Эўропе патрэбны дэмакратычны сусед”.

Фёдараў: “Думаю, цалкам заплюшчыць вочы на праблемы з правамі чалавека ЭЗ ня можа. Бо гэта было б здрадай тым прынцыпам, на якіх пабудаваны Эўрапейскі Зьвяз.

Але існуе іншая небясьпека. Моцны ціск з Захаду можа падштурхнуць Лукашэнку пайсьці на аб’яднаньне з Расеяй. Таму ЭЗ трэба шукаць нейкую залатую сярэдзіну.

Адкрыцьцё офісу Эўракамісіі ў Менску дазволіць ЭЗ рабіць пастаянны маніторынг сытуацыі ў Беларусі. Калі Менск дасьць нейкія абяцаньні, але ня будзе іх выконваць, то зноў могуць быць уведзеныя санкцыі.

Магчымае аднаўленьне пакрокавай стратэгіі. Крок з аднаго боку, крок з другога боку. Прычым, гэтыя крокі могуць быць маленькія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG